Папа ў Лучаі
Калі ў 2008-м годзе пробашч парафіі Cв. Юды Тадэвуша ў Лучаі кс. Мікалай Ліпскі толькі задумваў усталяваць у парафіі помнік Бэнэдыкту XVI, наўрад ці ён мог падумаць, што сціплы помнік Пантыфіку — адданасць беларускага Касцёла Святому Айцу — зробіць беларускі Лучай вядомым на ўвесь свет.
Святарская ініцыятыва — помнік Бэнэдыкту XVI стаў таксама знакам удзячнасці ад святароў, якія атрымалі прэзбітарскае пасвячэнне падчас Пантыфікату Яго Святасці — была паспяхова рэалізаваная. Помнік быў выраблены ўсяго за два месяцы!У першыя дні пасля адкрыцця незвычайнай скультуры Лучай застракатаў у інфармацыйных лентах беларускіх і замежных СМІ: прычым нездарма — помнік, усталяваны ў гонар дзеючага Папы Рымскага, стаў першым у свеце.
Бетонны помнік, выраблены мінскім скульптарам Львом Аганавым, усталяваны на вышыні крыху больш за 4 метры на пастаменце з гербам Святога Айца і мае натуральныя памеры чалавека.
Велічную скульптуру асвяцілі напярэдадні прыезду ў Беларусь дзяржаўнага сакратара папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ. Сам кардынал скульптуру, на жаль, не пабачыў. Аднак памятны фотаальбом з яе асвячэння атрымаў. Такі ж альбом тады перадалі і Папу.
Рэакцыя на помнік самога Бэнэдыкта XVI невядомая. Аднак, як зазначаюць у Лучаі, пра іх парафію Святы Айцец ведае: Папскую дыпламатычнаю акадэмію ў свой час скончыў іх зямляк кс.-др Аляксандр Рагіня.
Лучай і помнікі
Помнік Бэнэдыкту XVI натхніў пробашча Мікалая Ліпскага на ўзвядзенне паблізу святыні і іншых скульптур. У прыватнасці, плануецца, што ля касцёла будуць узведзены фігуры дванаццаці апосталаў, а таксама створана барэльефнае Евангелле, «прачытаць» якое можна будзе ў абразах у старой касцёльнай агароджы.
Як прызнаецца пробашч парафіі ў Лучаі, цікавасць да гэтай вёскі ў Пастаўскім раёне з кожным годам расце. Толькі за мінулы год касцёл у Лучаі наведала больш за восем тысяч (!) турыстаў.
Прычым прыязджаюць паглядзець не толькі на першы ў свеце помнік Бэнэдыкту XVI (барэльефы з выявай Папы ў свеце ўжо існуюць), аднак і на штомесячныя парафіяльныя святы, адметнасцю якіх сталі канцэрты з удзелам беларускіх гуртоў.
«Што да іншых помнікаў, то ёсць яшчэ адна ідэя, — усміхаецца кс. Мікалай Ліпскі. — Было б вельмі добра паставіць у Лучаі помнік Міхаілу Клеафасу Агінскаму. Але не будзем загадваць».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное