Общество
Максім Ярмак, Еўрарадыё

Папа Рымскі Бенедыкт XVI не збіраецца ў Беларусь

Аляксандр Лукашэнка двойчы за апошнія месяцы выказаўся, маўляў, хацеў бы бачыць пантыфіка на беларускай зямлі. Цікава, што пра афіцыйнае запрашэнне Папы нічога не ведаюць ні ў МЗС Беларусі, ні ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы, ні ў Ватыкане.

Першае публічнае запрашэнне з вуснаў Лукашэнкі сенсацыйна прагучала ў чэрвені падчас афіцыйнага візіту ў Мінск дзяржсакратара Ватыкана Тарчызіё Бертонэ. Тады высокі госць сказаў на прэс-канферэнцыі ў беларускай сталіцы, што "Прэзідэнт Беларусі звярнуўся з афіцыйным запрашэннем да Папы Бенедыкта XVI наведаць Беларусь".

Але ж аднаго вуснага запрашэння, безумоўна, мала. Гэта пацвярджае кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Павел Лёгкі:

"Гэта мусіць быць афіцыйны дакумент, натуральна. Гэта ж не вусна перадаецца, запрашэнне".

Каб даведацца, ці існуе гэты афіцыйны дакумент і ці быў ён адпраўлены ў Ватыкан, Еўрарадыё патэлефанавала ў Міністэрства замежных спраў Беларусі. У яго прэс-службе не змаглі пацвердзіць, што афіцыйнае запрашэнне было, але адзначылі:

"Калі прэзідэнт кажа, што "мы запрашаем", то няма падставаў ўзяць гэта пад сумненне".

Таксама прэс-служба МЗС прапанавала праясніць сітуацыю ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Павел Лёгкі таксама не ведае пра існаванне афіцыйнага запрашэння:

"Кіраўнік прэс-службы прэзідэнта можа аб гэтым нават і не ведаць. Таму што плыні дакументаў ідуць па розных каналах... А вось калі нейкая прапанова прынятая і прыходзіць адказ, і арганізуецца сустрэча, тады ўжо ў мяне з'яўляецца інфармацыя, што адбудзецца сустрэча".

Чыноўнік перакананы, што калі падобнае запрашэнне і было, пра яго мусілі б ведаць у МЗС... У прэс-службе МЗС нам прапанавалі пацікавіцца ў прэс-службе Ватыкана, ці разглядаюцца там магчымасці візіту Папы ў Беларусь:

"Папа Рымскі - гэта чалавек, у якога на гады наперад распісаны графік. Мы імкнемся патрапіць у гэты графік. Але тут пытанне ў тым, што мы можам вельмі-вельмі хацець яго бачыць у нашай краіне, але ён аб'ектыўна можа быць заняты ў нейкія тэрміны".

У Апостальскай нунцыятуры ў Мінску Еўрарадыё паведамілі, што не маюць ніякай дакладнай інфармацыі на конт афіцыйнага запрашэння:

"Афіцыйнай інфармацыі пакуль няма".

У прэс-службе Ватыкана таксама афіцыйнага запрашэння не бачылі. Вось што паведаміла Еўрарадыё адна з яе супрацоўніц:

"У нас у календары нічога не пазначана. У нас нічога не запланавана".

У тое, што афіцыйнае запрашэнне магло дзесьці згубіцца, верыцца слаба.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)