Женщины

Марына Міхайлава

«Пані на Сямяцічах і Коцку»: княгіня, мецэнатка, аўтарка эканамічных трактатаў і палітычная дзяячка

Расказваем пра Ганну Паўліну Ябланоўскую са знакамітага роду Сапегаў і яе ролю ў беларускай гісторыі.

У гэтай жанчыне перамяшаліся кроў радоў Сапегаў і Радзівілаў, беларускае паходжанне і актыўны ўдзел у польскім вызваленчым руху, мысленне эканаміста-рэфарматара і талент дыпламата. «Салiдарнасць» прыгадвае Ганну Паўліну Ябланоўскую, разбуральніцу стэрэатыпаў пра жанчыну як выключна хатнюю гаспадыню.

Месца нараджэння Ганны Паўліны — мястэчка Воўпа Ваўкавыскага павету (існуе і дасюль у статусе аграгарадка). Яе бацька, Казімір Караль Сапега, генерал артылерыі літоўскай, памёр у 1728-м, калі дзяўчынцы было ўсяго 10 год.

Маці, Караліна Тэрэза з Радзівілаў (дачка канцлера ВКЛ), засталася з трыма дзецьмі — Ганнай, Аляксандрам і Міхалам, і праз час жалобы пабралася другім шлюбам з Юзафам Аляксандрам Ябланоўскім — навукоўцам, палітычным дзеячом, які неўзабаве быў прызначаны стольнікам вялікім літоўскім, а пазней новагародскім ваяводам.

Айчым, у адрозненне ад дзядзькаў, якія спрабавалі адабраць у сям’і спадчынныя землі, стаў для дзяўчыны добрым сябрам. Для яе адукацыі ён наймаў лепшых, якіх толькі мог знайсці, настаўнікаў матэматыкі, фізікі, хіміі, геаграфіі, эканамічных навук, а заўважыўшы цікавасць Ганны Паўліны да эканомікі, падчас сваіх доўгіх замежных паездак даверыў падчарыцы-падлетку весці гаспадарчыя справы маёнткаў.

У 1750 годзе Ганна стала жонкай Яна Каэтана Ябланоўскага, стрыечнага брата яе айчыма, мужчыну амаль на 30 год за яе старэйшага. Толькі тады спыніліся сямейныя інтрыгі і прэтэнзіі з боку Сапегаў на пасаг дзяўчыны. У лісце да брата яна пісала: «Я была б шчаслівая назвацца Ябланоўскай, бо дом Сапегаў мне агідны сваёй хітрасцю і злосцю».

З мужам яны бачылася нячаста, але добрую справу для жонкі ён, буйны польскі магнат, ваенны і дзяржаўны дзеяч, усё ж зрабіў. Адразу пасля вяселля злядзіў падарожжа па Еўропе і прадставіў Ганну пры дварах у Версалі, Мадрыдзе, Турыне, Вене, Дрэздэне ды іншых сталіцах.

Пасля ягонай раптоўнай смерці Ганна Паўліна засталася ўдавой без дзяцей, але з немалой маёмасцю: 11 мястэчак, 24 фальваркі, больш 100 вёсак, — запазычанасцямі нябожчыка мужа, разнастайнымі ведамі і імпэтам іх прымянення на практыцы.

Мадам дэ Бар

Уласна, стаўшы ва ўсіх сэнсах самастойнай адзінкай, Ганна Паўліна Ябланоўская раскрыла свае таленты ў розных сферах. Перадусім, у палітыцы.

Да тагачаснага караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста яна ставілася непрыязна: акурат пры ім быў падпісаны трактат аб «вечнай дружбе» Польшчы і Расіі, які фактычна аддаў краіну пад пратэктарат расейскай імперыі — ці не праўда, якія знаёмыя матывы? Ябланоўская ўвайшла ў шэрагі Барскай канфедэрацыі, якую стварыла  шляхта для абароны ўнутранай і знешняй самастойнасці краіны, супраць расейскага ўмяшальніцтва і ўласна супраць караля, як стаўленніка Кацярыны ІІ.

Больш за тое, менавіта Ганна падтрымлівала стварэнне ўзброенай апазіцыі: фінансавала баявыя групоўкі, ладзіла сустрэчы канфедэратаў пад Львовам, а потым у сваіх сядзібах на Падляшшы.

Апроч таго, яна вяла нефармальную дыпламатычную дзейнасць пры дварах Італіі, Францыі, Галандыі, каб заручыцца падтрымкай канфедэратаў з боку замежных краін. Замежнікі нават называлі Ганну «мадам де Бар» — пані Барскай канфедэрацыі, лічылі ці не сімвалам вызваленчага руху.

Аднак Панятоўскі прадказальна звярнуўся да расейскай імператрыцы з просьбай аб дапамозе, і на здушэнне паўстання было скіравана вялікае войска на чале з тады яшчэ брыгадзірам Суворавым, якое адзін за адным разбіла і польскі, і інтэрнацыянальныя атрады канфедэратаў.

Пасля паразы княгіня Ябланоўская згарнула вонкавую палітычную актыўнасць, нават памірылася з каралём, якому даводзілася далёкай сваячкай (Панятоўскі называў яе «цётухнай» і прымаў у Варшаве), і засяродзілася на доглядзе і развіцці сваіх шматлікіх маёнткаў. Аднак, паколькі на ўласным досведзе яна разумела незайздросны лёс палітычных актывістаў, у яе сядзібе знайшлі прытулак некаторыя французскія эмігранты, якіх рэвалюцыйны віхур вымусіў пакінуць радзіму.

Пані на Сямяцічах і Коцку

Якія захады патрэбныя, каб павялічыць прыбыткі ад вёсак ды фальваркаў? Падвысіць падаткі і абавязковую адпрацоўку для сялян? А вось Ябланоўская палічыла інакш, і замест паншчыны ўвяла чынш — фактычна, былыя бяспраўныя прыгонныя сталі арандатарамі, і самі былі зацікаўленыя ў лепшым ураджаі.

Наогул, Ябланоўская правяла цэлы шэраг рэформаў, на якія ў той час вырашыўся б далёка не кожны мужчына-шляхціч: урэгулявала сялянскія павіннасці, увяла 50-гадовую арэнду зямлі, зацвердзіла гарадское самакіраванне на прынцыпах Магдэбурскага права, ініцыявала сацыяльныя праекты — крэдытныя саюзы для сялян і грамадскія склады на выпадак неўраджаю.

За ўласны кошт Ганна Ябланоўская прывезла ў гаспадаркі бульбу і мерыносавых авец з Іспаніі, галандскіх і цірольскіх кароў; будавала ў маёнтках млыны і вінакурні, ткацкія, цагельныя і нават фарфоравыя мануфактуры.

У Коцку (цяпер горад у Люблінскім ваяводстве) дзякуючы ёй была рэканструявана рыначная плошча, палац і прыходская царква, а ў Сямяцічах (сёння горад у Падляскім ваяводстве) былі ўзведзеныя ратуша, друкарня, прытулак для самотных старых, радзільня для сялянак і акушэрская школа — на ўсю краіну іх было ўсяго пяць, у Вільні, Гродне, Львове, Кракаве ды вось у Сямяцічах. Ад назваў цэнтральных маёнткаў месцічы пачалі называць яе «пані на Сямяцічах і Коцку».

Коцк. Акварэль 1796 года
Палац у Коцку. Фота 3d-press.pl

Рэфарматарская дзейнасць Ганны ў маёнтках прынесла ёй вялікую вядомасць. Свае прынцыпы і падыходы да вядзення гаспадаркі, погляды на маёмасць і абавязкі сялян яна не ўтойвала, а выдала ва ўласнай друкарні — у выглядзе шматтомнага трактату «Агульныя пастановы для кіраўнікоў маіх маёнткаў», які быў перадрукаваны ў Варшаве.

Росквіт і заняпад

Заняпалае мястэчка Сямяцічы пры княгіні Ябланоўскай пераўтварылася ў значны гандлёвы і культурны цэнтр. Тут Ганна Паўліна збудавала і сваю сядзібу, дзе захоўваліся, сярод іншага, багатыя калекцыі — батанічная і заалагічная, манеты і медалі, а таксама мінералагічны музей, які лічыўся на той час адным з найлепшых у Еўропе.

Экспазіцыя месцілася ў пяці залях, якія княгіня называла «Кабінетам прыродазнаўчых навук». (Пазней, па горкай іроніі лёсу, польскі Сейм адмовіўся прыняць у дар калекцыю мінералаў і нумізматыкі, затое яе выкупіў і перадаў Маскоўскаму ўніверсітэту адзін з расейскіх навукоўцаў).

Гасцяваць у Сямяцічах не грэбавалі вядомыя палітычныя дзеячы і навукоўцы, з якімі яна падтрымлівала перапіску на свабоднай латыні, нямецкай і французскай мовах. Сучаснікі асабліва падкрэслівалі адукаванасць і шырокі кругагляд княгіні.

У Сямяцічах помнік Ганне Паўліне Ябланоўскай упрыгожвае цэнтральную плошчу ля фантану, а ў Коцку княгіня «гуляе» па рынку

Гаспадыня ж, наладзіўшы моцную гаспадарку, частку прыбыткаў накіроўвала — непублічна — у палітыку. Ёсць звесткі, што Ябланоўская фінансава падтрымлівала ўдзельнікаў паўстання Тадэвуша Касцюшкі, узбройвала асобныя атрады, забяспечвала іх коньмі, перавязачнымі матэрыяламі, медыкаментамі.

І нават пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, калі гэтая дзяржава, як і Вялікае княства Літоўскае, спыніла існаванне, Ябланоўская падтрымлівала падпольныя антырасейскія арганізацыі, якія былі ў кантакце з эміграцыяй. Аднак сама яна, з прычыны сталага веку і ўжо слабога здароўя, перанесла падзеі канца 18 стагоддзя вельмі балюча. Да таго ж панеслі велізарныя страты і яе з такой цяжкасцю адноўленыя гаспадаркі.

У апошнія гады жыцця княгіня вымушаная была пакінуць Коцк — галандскі банк канфіскаваў маёнтак за даўгі, выплаціць якія даведзеная да галечы праз паўстанне Ябланоўская была не ў стане. Палац у Сямяцічах, на жаль, таксама быў знішчаны (а рэшткі яго спалілі падчас паўстання 1863 года).

Праз некалькі год адзіноты Ганна Паўліна сканала — у лютым 1800 года на Валыні, дзе і была пахаваная. У памяці нашчадкаў мадам дэ Бар засталася як палітык і грамадская дзяячка, эканамістка, якая шмат у чым апярэдзіла час, і, мабыць, галоўнае — палымяная патрыётка сваёй радзімы.

У мяне ніколі не было і няма іншых поглядаў, акрамя памкнення прымножыць дабрабыт і ўсталяваць той унутраны парадак, без якога ніводны ўрад ніколі не зможа падпарадкаваць і абяцаць нікому доўгага, спакойнага і свабоднага жыцця.

Ганна Ябланоўская, «Агульныя пастановы…», Сямяцічы, 1785 год