Памёр заслужаны настаўнік Уладзімер Дзіско
9 сьнежня пайшоў з жыцьця Ўладзімер Дзіско — заслужаны настаўнік Беларусі, выкладчык беларускай мовы Коласаўскага ліцэю. Яму было 80 гадоў.

«Яго пэдагагічная дзейнасьць няспынна доўжылася больш за паўстагодзьдзя — з 1961 па 2016 — і ў ёй незвычайным чынам сышліся і праца ў міністэрстве асьветы, і ў пэдагагічным каледжы, і ў коласаўскім ліцэі», — піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку мастацтвазнаўца, выкладчык Ягор Сурскі.
Летась, на ўрачыстай лінейцы, на якую штогод зьбіраюцца ля свайго былога будынку колішнія навучэнцы і выкладчыкі зачыненага ўладамі Коласаўскага ліцэю, Уладзімер Дзіско казаў: «Не саромеюся паўтараць, што гады, праведзеныя ў ліцэі, я лічу самымі лепшымі, самымі шчырымі, самымі сяброўскімі».
Уладзімер Дзіско нарадзіўся 6 верасня 1936 года ў вёсцы Брольнікі Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Дзяцінства прайшло пад нямецкай акупацыяй, у 1944 пераросткам пайшоў у школу. Скончыў пэдагагічны інстытут у Менску, паводле разьмеркаваньня ў 1961 годзе паехаў выкладаць беларускую мову і літаратуру ў Аршанскую індустрыяльна-пэдагагічную вучэльню (сёньня гэта пэдагагічны каледж), гэтай справе аддаў 19 гадоў. У 1980 годзе пераехаў у Менск. Пісаў вершы. У 2005 выдаў паэтычны зборнік «Хвіліны смутку».
— У яго былі самыя сьветлыя заняткі. Асабліва падабаўся яго падыход: абавязковым было вывучэньне вершаў «Бульба» і «Беларуская мова» Пімена Панчанкі. Мы працягвалі сябраваць шмат гадоў пасьля заканчэньня ліцэю. Цяжка ўявіць больш спагадлівага і мудрага чалавека. Кожнае сьвята дашле паштоўку, пацікавіцца справамі, і нікога не праміне сваёй увагай, — кажа былы навучэнец Коласаўскага ліцэю Франак Вячорка.
— Страта тым больш вялікая, таму што менавіта такіх адданых справе выкладчыкаў сёньня не хапае. Сто разоў будуць перапісвацца падручнікі, мяняцца школьныя праграмы, але асоба сумленнага і адказнага настаўніка застанецца. Менавіта такой асобай ёсьць і будзе Уладзімер Антонавіч Дзіско ў памяці сваіх навучэнцаў, — піша Яўген Сурскі.
Читайте еще
Избранное