Памёр выбітны мовазнаўца Зьміцер Саўка

У фэйсбуку партыі БНФ з’явілася наступнае паведамленьне:

«Управа Партыі БНФ глыбока смуткуе з прычыны заўчаснай сьмерці беларускага патрыёта, выбітнага мовазнаўцы Зьмітра Саўкі. Гэта вялікая бяда і страта. Выказваем шчырыя спачуваньні родным і блізкім».

Пра гэта ж паведамляе і канал «Белсат», дзе спадар Саўка апошнім часам працаваў.

Зьміцер Саўка нарадзіўся 26 ліпеня 1965 года ў Менску. Удзельнічаў у моладзевым грамадзкім абʼяднаньні «Беларуская Майстроўня» (1979–1984). Аўтар кніг «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» (у суаўтарстве з В. Кіпелем; Нью-Ёрк—Менск, 2002) і «Беларускі клясычны правапіс» (у суаўтарстве з Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Змітром Санько; Вільня—Менск, 2005).

Зміцер быў адным з аўтараў праграмы «Моўнік», якая выходзіла на тэлеканале «Белсат».

У 2015 годзе разам з моўнай службай «Белсату» і пры чыннай дапамозе валанцёраў стварыў моўны онлайн-сэрвіс «Добрапіс».

Зміцер Саўка хварэў на рак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)