Памёр стваральнік «Вялікага слоўніка беларускай мовы»

5 красавіка ў веку 63 гадоў пасьля цяжкой хваробы пайшоў з жыцьця беларускі лінгвіст Фёдар Піскуноў – аўтар беспрэцэдэнтнага аб’ёмам лексыкаграфічнага даведніка – «Вялікага слоўніка беларускай мовы» (2012).

У артаграфічна-граматычны слоўнік, над укладаньнем якога аўтар працаваў больш за 12 гадоў, увайшло блізка 223 тысяч словаў.

У беларускую лінгвістыку Піскуноў, хімік з адукацыі, прыйшоў на пачатку 2000-х. Займаўся дасьледаваньнямі ў галіне кампутарнай лексыкаграфіі, прыкладной марфалёгіі і ўніфікацыі беларускага правапісу. На чале групы супрацоўнікаў стварыў першую прафэсійную праграму праверкі беларускай артаграфіі “Літара” (pravapis.tut.by). Упершыню ў беларускай лінгвістыцы апісаў поўную марфалягічную клясыфікацыю парадыгмаў беларускіх дзеяслова і назоўніка, аснове якіх стварыў электронны слоўнік “Парадыгма” аб'ёмам звыш 134 тысяч лексэм.

Апошнімі месяцамі рыхтаваў выхад вялікага адваротнага слоўніка беларускай мовы. У пэрспэктыве плянуецца і дапоўненае перавыданьне «Вялікага слоўніка беларускай мовы».

Мовазнаўца, першая намесьніца старшыні ТБМ Алена Анісім лічыць, што постаць Фёдара Піскунова многа значыць для беларускага мовазнаўства: «Тое, што яму ўдалося зрабіць, гэта, канечне, вельмі і вельмі многа значыць. Ён здолеў акумуляваць і паказаць усе набыткі беларускай мовы, фактычны яе сёньняшні стан. І здолеў зрабіць гэта ўсе на высокім узроўні.

Але я не бачу ў гэтым загану. Ён як бы зь іншага боку ўсё павярнуў і паказаў магчымасьці і шляхі, куды можа разьвівацца мова.

Спадар Фёдар паказаў, што кожны чалавек, незалежна ад яго адукацыі, толькі па сваім духоўным пакліканьні, можа зрабіць многае для разьвіцьця мовы. І за гэта яму вялікі дзякуй, вялікая пашана і вялікі паклон».

Разьвітаньне зь Фёдарам Піскуновым адбудзецца а 14-й гадзіне ў нядзелю, 7 красавіка, у рытуальнай залі менскай клінічнай бальніцы № 9 (вул. Сямашкі, 8). Пахаваюць Піскунова на яго радзіме ў вёсцы Раманавічы Гомельскага раёну.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)