Общество
Марына Святлова

Памёр пісьменнік Іван Пташнікаў

На 84-м годзе жыцця памёр беларускі пісьменнік Іван Пташнікаў.

Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку Аксана Спрынчан.

Апошнія гады Пташнікаў цяжка хварэў.

«Якраз учора трымаў у руках ягоную кнігу… Выдатны празаік, разумны рэдактар, сціплы чалавек… Буду помніць і перачытваць», — піша Адам Глобус.

Як паведаміла прэс-служба СПБ, пахаванне адбудзецца 30 ліпеня. Ад'езд аўтобусам ад спецкамбіната (вул. Альшэўскага, 12) а 13.00. А 14.00 — пачатак грамадзянскай паніхіды ў рытуальнай залі крэматорыя на Паўночных могілках. А 15.00 — пахаванне і ад'езд.

***

Іван Пташнікаў нарадзіўся ў 1932 годзе ў Лагойскім раёне. Працаваў у рэдакцыі плешчаніцкай раённай газеты «Ленінец», настаўнікам Лонваўскай пачатковай школы. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ (1957). Рэдактар мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1957—1958), рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1958—1962), з 1962 — рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». Член СП БССР (з 1959).

Дэбютаваў з вершам «На полі родным» у 1952. Першы празаічны твор — аповесць «Чачык» апублікаваў у 1957 (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Зерне падае не на камень» (1959) і «Сцяпан Жыхар са Сцешыц» (1966), аповесцей «Лонва» (1965, 1982), «Тартак» (1968), «Найдорф» (1976), раманаў «Чакай у далёкіх Грынях» (1962), «Мсціжы» (1972), «Алімпіяда» (1985). У 1980 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1990—1992 — Збору твораў у 4 тамах.

Многія творы пісьменніка перакладзены на замежныя мовы. Па аповесці «Тартак» на беларускім тэлебачанні ў 1974 пастаўлены аднайменны тэлефільм (сцэнарый аўтара), а ў 1989 па раману «Алімпіяда» — аднайменны тэлеспектакль.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалем. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1984). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978) за аповесць «Найдорф».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)