Памёр паэт і празаік Давід Сімановіч

Стала вядома, што 9 траўня ў Віцебску памёр пасьля цяжкай хваробы Давід Рыгоравіч Сімановіч — беларускі паэт, празаік, перакладнік.

Давід Рыгоравіч Сімановіч нарадзіўся 26 чэрвеня 1932 года ў сям’і служачага ў Нароўлі на Гомельшчыне. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў ва Узбэкістане. У 1950 скончыў Нараўлянскую сярэднюю школу і паступіў на філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту (1955) працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры Крынкаўскай сярэдняй школы Лёзьненскага раёну. З 1959 — літсупрацоўнік рэдакцыі абласной газэты «Віцебскі рабочы». З 1961 — рэдактар, старэйшы рэдактар, загадчык аддзелу камітэту па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту, з 1971 — узначальваў Віцебскае абласное літаб’яднаньне. З 1980 года знаходзіўся на творчай працы. Сябар СП БССР з 1960. Жыў у Віцебску.

Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савету БССР, мэдалём.

Пісаў на рускай мове. Выдаў кнігі лірыкі «Весенняя сказка» (1959), «Июнь-река» (1962), «Равноденствие» (1966), «Минуты» (1969), «Станция тревоги и любви» (1972), «Письмо тебе» (1975), «Встречные поезда» (1978), «Силуэты дней» (1981), «Солнечный хмель» (1982), «Сентябри» (1990), зборнікі вершаў для дзяцей «Волшебный луг» (1959), «Зелёный кузнечик» (1968), кнігі нарысаў «Подорожная Александра Пушкина» (1977), «Сквозь даль времен» (1984). Склаў і адрэдагаваў «Шагалаўскі зборнік» (Віцебск, 1996).

Аўтар тэлеп’есаў «Якаў Сьвярдлоў» (паст. у 1963), «Восеньскі букет» (1964), сцэнараў да тэлефільмаў «Маладосьць старажытнага горада» (1964), «Баляда пра чырвонага кавалерыста» (1968), «Літаратурнымі маршрутамі Віцебшчыны» (1969), «Душой і справамі маршрутамі Віцебшчыны» (1990).

Асобныя яго творы пакладзеныя на музыку І. Лучанком, Б. Насоўскім, А. Гоманам.