Общество
Анастасія Зелянкова

Памёр беларускі пісьменнік Валянцін Болтач

Памёр вядомы беларускі пісьменнік і публіцыст Валянцін Болтач. Пра тое, што зрабіў і што яшчэ планаваў зрабіць гэты таленавіты чалавек, “Салідарнасці” расказалі ягоныя сябры — паэты Генадзь Бураўкін і Сяргей Законнікаў.

— Мы пазнаёміліся з Валянцінам, калі ён яшчэ працаваў у раённым друку, — успамінае Генадзь Бураўкін. — Потым нашае сяброўства працягнулася, калі Валянцін стаў загадчыкам сектара тэлебачання і радыё ЦК КПБ. Затым ён доўгі час узначальваў часопіс “Вожык”, а пасля быў намеснікам рэдактара часопіса “Нёман”. Гэты быў вельмі слаўны, мілы і пры гэтым прынцыповы чалавек і таленавіты празаік. Гэта адзін з самых блізкіх маіх сяброў, таму для мяне яго смерць — вельмі страшэнны ўдар.

Валянцін Болтач памёр 7 снежня ў бальніцы праз некалькі дзён пасля аперацыі на лёгкіх. У пісьменніка быў рак трэцяй стадыі. У наступным годзе яму споўнілася б 70 гадоў.

— Я дагэтуль не веру, што майго сябра, з якім мы былі разам 30 гадоў, больш няма, — адзначае Сяргей Законнікаў. — Я не магу гаварыць пра Валянціна ў мінулым часе. Зусім нядаўна мы яшчэ размаўлялі з ім па тэлефоне. Гэта было якраз перад аперацыяй, калі ён “у самаволку” збег дадому. Хвілін сорак мы гаварылі пра жыццё, будавалі планы, як у наступным годзе пойдзем у грыбы. На развітанне мы сказалі адзін аднаму не “бывай”, а менавіта “да сустрэчы”. Я ведаю, што на гэтую аперацыю ён ішоў з надзеяй.

Зусім нядаўна Валянцін Болтач скончыў кнігу сваіх успамінаў. Зараз яе друкуе часопіс “Дзеяслоў”.

— І ўсё ж такі ён паспеў сказаць сваё апошняе слова, — упэўнены Генадзь Бураўкін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)