Памёр беларускамоўны праваслаўны святар Андрэй Парфенчык: яму не было і сарака

Ён працаваў настаяцелем прыхода св. Аляксандра Каманскага ў Палерма (Італія), а перад тым — 9 гадоў быў настаяцелам у Клецку.

Парфенчык быў родам з Мінску і належаў да плеяды маладых святароў, якая вырасла ўжо ў незалежнай Беларусі і даражыла сваёй беларускасцю.

Фота з фэйсбука а. Андрэя Парфенчыка

Восенню 2018 года італьянскія дактары паставілі айцу Андрэю дыягназ — адэнакарцынома ў падстраўнікавай залозе, 4-я стадыя. Дактары зрабілі ўсё магчымае, каб захаваць святару жыццё, але апошнім часам маглі толькі палягчаць пакуты хворага.

Сям'я Андрэя Парфенчыка вырашыла перавезці яго на радзіму, у Беларусь, каб працягнуць лячэнне ў рэспубліканскім анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах. Перавозка каштавала 5000 еўра. Італьянская медыцынская страхоўка не магла пакрыць выдаткі, а магчымасці аформіць беларускую страхоўку ўжо не было.

Патрэбную суму сабралі за пяць дзён. 1 сакавіка айцец Андрэй вярнуўся ў Мінск, але пражыў нядоўга.

Ірына Халіп пісала тыдзень таму ў сваім фэйсбуку: «Сябры, я хачу папрасіць у вас дапамогі вельмі добраму чалавеку. Яго завуць Андрэй Парфенчык. Айцец Андрэй. Калі мы пазнаёміліся, ён быў настаяцелем парафіі ў Клецку. Было лета 2011 года, мяне толькі выпусцілі з-пад варты, мужа этапавалі ў калонію. І неяк вечарам мне патэлефанаваў айцец Андрэй.

Я спачатку не магла зразумець, навошта спатрэбілася клецкаму святару, калі не маю дачынення да праваслаўя. А ён тэлефанаваў проста падтрымаць. ён маліўся за палітвязняў разам са сваімі прыхаджанамі ў храме. Прывозіў мне фермерскую гародніну і садавіну ад сваіх прыхаджан. Пасля нашых вечаровых тэлефонных размоваў я разумела, што ў мяне з'явіўся выдатны сябар, які добраахвотна ўзяў на сябе яшчэ і функцыю псіхатэрапеўта. Без яго мне было б значна цяжэй справіцца з тагачасным кашмарам».

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(7)