Аляксандар Класкоўскі, «Наша нiва»
Памылка Калякіна

У аўторак на нарадзе зь сілавікамі дзейны кіраўнік заклікаў засьцерагчы беларускі народ ад экстрэмісцкіх пагрозаў у зьвязку з выбарамі. І лепей, маўляў, выпярэджваць сытуацыю.

У той самы дзень людзі ў цывільным і ў масках нібы праілюстравалі гэтую тэзу. Маштабна, па ўсёй краіне. Адбыліся ператрусы ў кватэрах грамадзкіх актывістаў у Менску, Магілёве, Полацку... Сканфіскаваныя кампутары, іншая аргтэхніка. Арыштаваныя Мікола Астрэйка, Цімох Дранчук, Аляксандар Шалайка, Эніра Браніцкая.

Людзі з органаў цьмяна кажуць пра «кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыяй».

Сілавікі шчыравалі ня ў офісах, а ў прыватных кватэрах. Псыхалягічна гэта траўмуе болей. Маскі, пісталеты, кайданкі — атрыбутыка ўражвальная.

Кропкавыя апераджальныя ўдары па дэмакратычных актывістах і структурах здольныя рэзка зьнізіць патэнцыял апазыцыі на выбарах.

Трохі раней Сяргей Калякін, кіраўнік штабу Мілінкевіча, падчас он-лайну на «Свабодзе» зазначыў: рэальна можна «разьлічваць на 35-40% і ўдзел у другім туры». Але ці ня лепей замест віртуальнай арытмэтыкі браць пад увагу рэальны палітычны экстрым?

Сэрыю ж затрыманьняў кіраўнік штабу ў сьвежым інтэрвію «Свабодзе» пракамэнтаваў, нібы акадэмічны палітоляг, што атабарыўся ў вежы са слановай косткі: «ідзе паляваньне на дэмакратычных актывістаў», і такое «бязьмежжа» мы пэўна «будзем назіраць» аж да самых выбараў.

«Будзем назіраць»... А каго ж тады апазыцыйныя лідэры зьбіраюцца весьці на палітычнае змаганьне? Ці гатовыя яны падтрымаць сваіх прыхільнікаў? Адрэагаваць на выклікі а-ля «Маскі-шоў»? Узьняць голас у абарону рэпрэсаваных, карыстаючыся куртатай галоснасьцю агітацыйнага пэрыяду? Натхніць тых, хто вагаецца, ці варта «высоўвацца»?

Калі пытаньні павіснуць у паветры, туманная «рэвалюцыя духу» ператворыцца ў прывід. Пасьля выбараў-2001 шарагоўцы кампаніі крыўдзіліся, што правадыры іх «кінулі». І незалежныя мэдыі, што змагаліся за дэмакратычнага кандыдата, сербанулі рэпрэсіяў. Ці зрабілі высновы ў апазыцыйных штабах?

Летась у лістападзе незалежная прэса паведаміла, што ў Баранавічах за арганізацыю сустрэчы зь Мілінкевічам страціў працу выкладчык Віктар Сырыца. Штаб адзінага кандыдата абвесьціў пра намер стварыць фонд падтрымкі рэпрэсаваных актывістаў.

З тае пары — ні гу-гу. Ні пра Сырыцу, ні пра фонд. Калі пра чалавека забыліся — гэта амаральна. Калі дапамаглі — хай бы пра тое ведалі ўсе патэнцыйныя прыхільнікі.

Многае высьветліцца 2 сакавіка, калі Мілінкевіч чакае дэмакратычную публіку на сталічным пляцы Волі. Гэты тэст засьведчыць мабілізацыйныя здольнасьці каманды адзінага кандыдата. А таксама — ступень грамадзкае веры ў перамены.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)