Памятаеце прапагандыста Азаронка з 90-х? Яго сын пляжыць апазіцыю ў эфіры СТБ

У 1990-я адным з самых адыёзных прапагандыстаў Беларусі лічыўся Юрый Азаронак. Ён нячаста трапляў у кадр, больш працаваў як рэжысёр.

Слесар па адукацыі, Азаронак праславіўся ў 1995 годзе, калі напярэдадні рэферэндума зняў дакументальны фільм «Нянавісць: дзеці хлусні», у якім параўнаў калабарантаў часоў Другой сусветнай вайны і сучасных беларускіх нацыяналістаў.

На схіле сваё кар'еры Азаронак запомніўся толькі колькасцю публічна атрыманых поўх — то ад Філіпа Кіркорава, то ад Міколы Статкевіча.

І вось гэтае прозвішча зноў узнікла на тэлебачанні — карэспандэнтам СТБ стаў сын Юрыя Азаронка. Рыгор пачаў працаваць у манеры бацькі.

Вытрымкі з учорашняга яго выступлення ў эфіры:

«Ёсць такая ніша — народ смяшыць. У Беларусі яна занятая гэтак званай несістэмнай апазіцыяй. Чарговая клаўнада адбылася, як і чакалася, адбылася ў гэтую нядзелю, калі ўся краіна выбірала парламент. […] Давайце паглядзім, што творчы калектыў клоўнаў прапанаваў народу на выбарах.[…] Касіць ад войска па вар'яцтве балбатунам з кожным годам усё цяжэй. […] Дэпутацкая недатыкальнасць дапамагла б ім разняволіць свае фрэйдысцкія комплексы. […]

Клоўны ўспомнілі, што цяпер 21 стагоддзе і ўзброіліся гаджэтамі і ўзяліся здымаць усё запар. Але пакуль яны проста здымалі і на іх ніхто не звяртаў увагі, артыстам станавілася сумна, душа патрабавала хайпа», — кажа Азаронак-малодшы, пераконваючы завочных апанентаў, што «народ пляваць на вас хацеў».

Стыль сына нагадвае бацькоўскі. Такія ж нічым не падмацаваныя сцверджанні:

«Любы адэкватны чалавек разумее, што калі разрыў складае 40 або 50 працэнтаў, то чыста тэхнічна сфальсіфікаваць такое немагчыма».

«Прадстаўнікі дзясяткаў краін АБСЕ і ШАС: палітыкі, дыпламаты, эканамісты! Яны былі ў захапленні ад таго, як у Беларусі прайшлі выбары!»

Вядома, што Рыгор адвучыўся ў Акадэміі мастацтваў на рэжысёра, потым служыў у войску і пайшоў на дэмбель у званні яфрэйтара.

Апроч работы на тэлебачанні, ён вядзе і свой блог на ютубе — раней там былі фільмы пра Буніна, а цяпер Азаронак-малодшы выдае сябе за псіхааналітыка і «выстаўляе дыягназы» сваім завочным апанентам.

Чым цяпер займаюцца тэлепрапагандысты 1990-х і 2000-х