Скандалы

Улад Швядовіч, Наша Нiва

«Памежнік стрэліў яму ў спіну каля бацькоўскай хаты». Што вядома пра інцыдэнт пад Паставамі

Смаргонскія памежнікі заўважылі парушальніка мяжы. Мужчына спрабаваў збегчы. Скончылася ўсё стралянінай, цяпер парушальнік у бальніцы. Гэта афіцыйная версія таго, што адбылося 27 красавіка на беларуска-літоўскай мяжы.

Але мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ў гэтай гісторыі не ўсё так проста. І стралялі ў мужчыну не ў лесе ля мяжы, а пасярод бацькоўскай вёскі.

Вядома, што мужчыну завуць Уладзімір Зінкевіч. Яму 31 год. Уладзімір родам з вёскі Муляры, што ў Пастаўскім раёне. Жыве ў Паставах разам з «грамадзянскай жонкай». Гадуюць трохгадовага сына.

Уладзімір з сынам

Чым займаецца Уладзімір, дакладна невядома. Яго знаёмыя ўхіляюцца ад прамога адказу.

Іншыя знаёмыя кажуць, што афіцыйна мужчына нідзе не працуе: «Ён пасля 9 класа школы пайшоў у тэхнікум. А пасля ездзіў на Маскву. Прыехаў, купіў кватэру, два ўчасткі, пабудаваў вялікі катэдж. Зараз рабіў унутры рамонт. Афіцыйна нідзе не працаваў. Чым мог зарабіць грошы на нерухомасць таксама невядома».

Сястра мужчыны, Ірына, распавяла «Нашай Ніве», што яе брат працаваў на будоўлі ў Расіі, займаўся ўсім, чым можна.

А ў той дзень Уладзімір з памагатым ездзіў па палях на машыне і збіраў металалом. Памагаты — мясцовы жыхар Міхаіл, цяпер ён затрыманы.

«Ён алкаголік, бомж, які жыў на будоўлі як вартаўнік, дапамагаў Валодзю», — коратка ахарактарызавалі Міхаіла мясцовыя жыхары.

Машыну, у якой былі Уладзімір і Міхаіл, спынілі памежнікі, спыталі дакументы. Але ў мужчыны не было з сабой пашпарта.

Сваякі настойваюць — Уладзіміра спынілі не на мяжы, а на дарозе каля вёсцы Чычэлі. Па іх словах, гэта за 6-7 кіламетраў ад мяжы. Але ў гэтай зоне знаходзіцца з пашпартам — абавязковае патрабаванне.

Пасля Уладзімір пазваніў Андрэю — сябру з Муляроў. Папрасіў, каб той забраў яго на машыне.

«Наша Ніва» звязалася з Андрэем.

«Я якраз быў за стырном у суседняй вёсцы. Валодзя пазваніў мне, кажа, трэба дапамога, хутка пад’язджай у Чычэлі. Па дарозе я сустрэў яшчэ аднаго знаёмага, ён сеў да мяне. Я пад’ехаў у Чычэлі. Было два «уазікі» і восем памежнікаў. Вова стаяў з імі, са сваім сабакам гуляў, — распавёў Андрэй. —

Валодзя спакойна падышоў да мяне, пасадзіў сабаку ў машыну. Сеў сам і сказаў: паехалі. Кажа, трэба за пашпартам ехаць. Пра нейкі канфлікт ён не казаў. Я паехаў хутка, мы па дарозе нават не гаварылі пра тых памежнікаў — ну трэба і трэба пашпарт. Я не бачыў, каб за намі ехалі памежнікі».

Андрэй кажа, што на машыне яны спакойна прыехалі ў Муляры, гэта менш за 2 кіламетры дарогі.

«Я выйшаў з машыны і пайшоў у свой дом, а Валодзя пабег у свой. Чую, скрып тармазоў, гляджу: пад’ехаў «УАЗ» з мігалкамі, — кажа Андрэй. — Пачалася нейкая мітусня, прагучалі стрэлы. Пачаліся крыкі, я пабег туды. Гляджу — Валодзя на зямлі, побач з ім сястра, яго сын малы, яго маці… Людзі стаяць вакол… Я спытаў: хто страляў? Памежнік кажа: «Я».

Ірына, сястра Уладзіміра, распавяла «Нашай Ніве» сваю версію падзей. У той дзень яна была на бацькоўскім падворку разам з пляменнікам — трохгадовым сынам Уладзіміра.

«Валодзю стралялі ў спіну, гэта было метраў за 50 ад бацькоўскай хаты. Проста на вуліцы. Я была ў двары з пляменнікам. Кажуць, спачатку памежнік страляў у паветра. Я чула два хлапкі. Адзін, і праз секунд 10 — другі. Я пабачыла: памежнік пабег з крыкам: «На калені!». Я пабегла на шум, а за мной пабег трохгадовы сын Валодзі. Вова ўжо ляжаў на зямлі з дзіркаў на грудзях: куля трапіла ў спіну і прайшла навылет. Ішла кроў, — расказвае Ірына. — Памежнік пабялеў і пачаў званіць па тэлефону.

Я кажу: ты хуткую выклікаеш? А ён кажа там камусьці ў тэлефон, каб хуткую выклікалі — то бок сам званіў не дактарам. Падбег другі памежнік. Я кажу: зрабіце штосьці! Але адзін памежнік стаіць і па тэлефоне размаўляе. Другі стаіць і крычыць на мяне: маўляў, чаго я крычу на іх?!

У выніку тыя памежнікі ўсё ж дасталі санітарны пакет, зрабілі марлевую павязку Валодзю на грудзях. А пасля я сама выклікала хуткую. Прайшло на той момант недзе ўжо чатыры-пяць хвілін.

Я набрала хуткую, паведаміла, што стралялі ў мужчыну, вёска Муляры — ці быў ужо выклік? Мне адказваў аператар, што мой выклік першы.

Падбег знаёмы хлопец, ізноў набраў дактароў, прапанаваў, каб мы паклалі Уладзіміра ў машыну і павезлі насустрач хуткай. Так і зрабілі. Праз 20 кіламетраў сустрэлі хуткую, мужчыну забралі дактары. Каб мы чакалі на месцы хуткую 20 хвілін, я не ведаю, ці выжыў бы ён».

Ірына запэўнівае, што памежнікі стаялі і не ведалі, што рабіць.

«Памежнік, які страляў, паехаў з намі — мы сказалі яму, каб сеў у машыну, ды і трэба было трымаць рану. Гэты памежнік — нам так і не сказалі нават, як яго завуць — увесь час быў на сувязі з кімсьці, увесь час быў на тэлефоне. Пасля я паехала у хуткай з братам. Памежнік таксама прыехаў у бальніцу з нашым кіроўцам, — кажа Ірына. — І пасля прыехала куча памежнікаў — чалавек сем. Ніхто не прадстаўляўся. З намі спрабаваў размаўляць нейкі маёр. Імя сваё не назваў. Затым прыехала нейкая грамадзянская машына з ваенным за стырном. На ёй забралі таго памежніка, які страляў».

Па словах Ірыны, пастаўскія дактары выклікалі хірурга з Віцебска, самі паставілі пераліванне крыві і зрабілі дрэнаж лёгкага. Прыехала і брыгада дактароў з Мінска.

«У тую ж ноч пасля здарэння да мяне ноччу прыехалі людзі. Кшталту «памежнага КДБ», я там не асабліва разбіраюся. Карацей, тыя, хто займаецца ваеннымі. Былі ў цывільным. Сказалі, што калі на нас будзе ціск з боку міліцыі, памежнікаў, то каб адразу звярталася наўпрост да іх», — распавяла Ірына.

Што цяпер з памежнікам, які страляў, і ў якім ён статусе, Ірына не ведае.

Уладзімір жывы, у рэанімацыі ў Мінску. Цяжкі, але стабільны стан, прабіта лёгкае.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі пракаментаваў гісторыю журналістам БелТА.

«Затрыманы знаходзіцца ў 432-м галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры, пагрозы жыцця няма. Пры затрыманні пагранічным нарадам яму была аказана неадкладная медыцынская дапамога, а таксама арганізавана яго аператыўная дастаўка ў раённую бальніцу, — сказаў Бычкоўскі. — Гэты грамадзянін раней неаднаразова трапляў у поле зроку памежнікаў і іншых праваахоўных органаў у сувязі з яго супрацьпраўнай дзейнасцю. У прыватнасці, прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і амаль 50 разоў — да адміністратыўнай.

Акрамя таго, у групе з ім знаходзіліся асобы, раней судзімыя за незаконны абарот наркотыкаў, якія прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці, у тым ліку за парушэнне памежнага заканадаўства. Пры затрыманні мужчына з дапамогай падзельніка паспрабаваў схавацца і аказаў непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў памежнай службы, якія знаходзіліся пры выкананні службовых абавязкаў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.5(17)