Общество

Памерла журналістка Вольга Караткевіч

Яна 10 дзён не дажыла да 44 гадоў.

Вольга Караткевіч скончыла філалагічны факультэт БДУ. У журналістыцы з 1994 года. Працавала на Радыё 101.2, Беларускай рэдакцыі Польскага Радыё, радыё «Свабода». Пісала ў «Нашу Ніву».

Вольга Караткевіч доўгі час пакутавала ад псіхалагічных праблем. Пазней да гэтага дадаўся рак. Да апошняга Вольга сачыла за беларускім жыццём і дапамагала грашыма праектам беларускага мастацтва, павдеамляе «Наша нiва».

Журналістка Вольга Бабак працавала разам з Вольгай Караткевіч на радыёстанцыі 101,2, паведамляе «Радыё Свабода»:

«Вольга Караткевіч прыйшла працаваць на наша радыё 101,2 з тэлекампаніі „ФІТ“ разам зь Юрасём Бушляковым. Адразу адчувалася, што гэта гатовы і моцны прафэсіянал. Яна рабіла праграму „Бізнэс-актуаліі“. Складаная тэма, вельмі няпростыя суразмоўцы. Але яна ў студыі іх раскручвала так, што было вельмі цікава слухаць яе перадачы нават тым, хто ў бізнэсе нічога не разумеў.

Напачатку 2000 нашы прафэсійныя шляхі разышліся, але я бачылася з Вольгай пару месяцаў назад — яна была ўжо ў дастаткова цяжкім стане. Я вазіла яе на машыне ў Вільню. Разьвітваючыся, сказала „Ты моцны баец, ты ўсё правільна робіш, ты змагаесься“. Такой яна і была — моцным байцом».

Праграмны дырэктар радыё 101,2 Зьміцер Новікаў кажа, што ў свой час Вольга Караткевіч была адным з самых яскравых радыёжурналістаў:

«Вольга працавала, калі я быў праграмным дырэктарам на радыё 101,2. Яна была вядучай інфармацыйных праграмаў. Гэта вельмі таленавіты чалавек, на тыя часы адзін з самых яскравых вядучых, якія былі на беларускім радыё. Яна жыла ў гэтым, жыла радыё. На жаль, доўгі час мы ня бачыліся, але я сачыў за яе карʼерай, ведаў, дзе яны працавала. Вельмі шкада пачуць пра яе сыход».

Генадзь Кесьнер, былы калега Вольгі:

«Па-першае, гэта быў чалавек вельмі імпульсіўны, экспрэсіўны, таленавіты, вельмі працавіты. Памятаю, у сярэдзіне 90-х гадоў Вольга прыйшла да нас на Радыё 101.2 адначасова зь Юрасём Бушляковым, ужо таксама сьветлай памяці. Гэта зьявіліся два такія таленты, бо і галасы былі цудоўныя, і працаздольнасьць вялікая, і мовазнаўцамі былі вялікімі.

Але калі Юра быў больш разважлівы, у Вольгі проста перла энэргія. Яна бралася за любыя справы, гэта тычылася ня толькі радыё, але яна ж выкладала ў „Беларускім калегіюме“, лётала на заняткі. Яна ўмела бараніць свой пункт гледжаньня. Нарэшце, яна была вельмі прыгожай дзяўчынай.

Характар у яе быў ня цукар, яна магла быць жорсткай, магла нешта зрабіць, а потым пашкадаваць. Бывалі такія моманты, калі яна рабіла рух, дзеяньне, а потым прыходзіла развага. Але ж наогул гэта быў чалавек, якому бог даў талент.

Вельмі шкада, бо ў такім веку трэба жыць і жыць, зьдзяйсьняцца, рэалізоўвацца».

Музыка Лявон Вольскі, былы калега Вольгі:

«Мы працавалі разам на Радыё 101.2. Тады быў такі „зорны склад“, „залатыя часы“ беларускай журналістыкі і дыджэйства, калі цэлы FM-канал вяшчаў на беларускай мове, там абмяркоўваліся розныя палітычныя рэаліі. Усё гэта было досыць папулярнае, і яна была вельмі жывым, актыўным чалавекам тады. У апошні год яна мне часта тэлефанавала, размаўлялі — і яна заставалася актыўным чалавекам, змагалася. Яна прасіла ў мяне кампакты, раздавала іх паўсюль у лякарнях, дзе мусіла знаходзіцца, папулярызавала беларускую справу. Цяжкі год, што скажаш».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)