Памерла манахіня Сьвята-Елісавецінскага манастыра. У яе быў станоўчы тэст на каранавірус

Манахіня Марыя памерла 4 траўня ў шпіталі. Гэта Свабодзе пацьвердзілі ў канцылярыі Сьвята-Елісавецінскага манастыра.

Манахіня Марыя (Кавальчук). Фота з Фэйсбуку

Прычыну сьмерці манахіні ў канцылярыі не назвалі, але не адмаўлялі, што праведзены ў шпіталі тэст на каранавірус даў станоўчы вынік.

— Так, прэставілася сястра Марыя, у яе быў каранавірус. Лячылася больш за два тыдні, але ня выжыла. Мела ўжо шмат гадоў, у яе былі хранічныя хваробы, і ад чаго дакладна памерла, нам пакуль невядома, — сказала служачая манастырскай канцылярыі.

Зьвесткі пра сьмерць манахіні Сьвята-Елісавецінскага жаночага манастыра пацьвердзіў Свабодзе і прэсавы сакратар БПЦ Сергій Лепін. Прычыну сьмерці манахіні айцец Сергій Лепін таксама не назваў.

— Па гэта зьвяртайцеся да сваякоў нябожчыцы, — сказаў Сергій Лепін.

Паводле прэсавага сакратара БПЦ, у манастыры гэта адзіная сьмерць сярод манахінь і інакаў, якія трапілі ў шпіталь, і тых, хто апынуўся на карантыне як «кантакт».

Паводле Сяргея Лепіна, службы ў Сьвята-Еліcавецінскім манастыры працягваюцца, але ў закрытым рэжыме — для манахінь і клірыкаў.

«Только на Пасху за ночь от одной ложечки причастилось 970 человек»

23 красавіка ў Сьвята-Елісавецінскім жаночым манастыры пацьвердзілі 2 выпадкі заражэньня каранавірусам і расказалі, колькі чалавек хварэюць у манастыры. Але заклікалі ня верыць «фэйкам пра масавае заражэньне».

На сайце манастыра зьявілася інфармацыя пра дзьвюх манахінь, якія захварэлі на каранавірус, і яшчэ пра трох жанчын, якія трапілі ў шпіталь з падазрэньнямі на каранавірус і з прастуднымі хваробамі. Сярод іх згадвалася і манахіня Марыя.

«Дзьве сястры манастыра (з 130), Алексія і Параскева, маюць пацьверджаны дыягназ COVID-19, абедзьве яны знаходзяцца ў лякарні.

Шпіталізавалі манахіню Марыю, якая жыла з хворай на каранавірус Параскевай, яна чакае вынікаў аналізаў».

Закрыли Свято-Елисаветинский монастырь. Его духовник называет коронавирус наказанием за безбожие

На Вялікдзень, 19 красавіка, у царкве Сьвята-Елісавецінскага жаночага манастыра адбылася служба, якую ў прысутнасьці дзясяткаў чалавек правёў духоўнік храма протаярэй Андрэй Лемяшонак.

— Чысьцейшага паветра, чым у храме, няма, — зьвярнуўся айцец Андрэй Лемяшонак да вернікаў і запэўніў, што «тых, хто захварэе на каранавірус, сярод іх ня будзе».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(9)