Памерла мама 12 дзяцей з Глуска: «Нам сказалі, што ўсё добра, а аддзелу адукацыі — што «карона»
Разам з мужам 54-гадовая Тамара Савіна займалася выхаваннем дзяцей у дзіцячым доме сямейнага тыпу. Апошнім часам у сям’і было сямёра выхаванцаў (і гэта пры тым, што ў пары яшчэ пяцёра сваіх!).
У 2018 годзе сям'ю Савіных наведваў Віктар Лукашэнка. Фота БЕЛТА
Але сёлета Тамары Іванаўны не стала. Яна памерла ўвечары 31 мая.
Гісторыя наколькі трагічная, настолькі ў сённяшні час і стандартная: жанчыне стала кепска, зрабілі здымак — пнеўманія. Паклалі ў бальніцу.
Шпіталізавалі таксама 67-гадовага мужа Тамары Іванаўны Альфрэда і адну са старэйшых дачок. Ім зрабілі тэсты, вынік паказаў «карону». Праз некалькі дзён Тамара Іванаўна памерла. Дактары сказалі сям’і, што каранавіруса ў яе не было.
Фота Glusk.by
— Нам учора сказалі: можаце самі забіраць цела, мыць яго, адзяваць. Каранавірус так і не выставілі, — распавяла «Нашай Ніве» адна з дачок жанчыны. — Але Глуск — маленькі горад, усе адно аднаго ведаюць. І я ведаю, што ў мясцовы аддзел адукацыі паведамілі, што прыйшлі станоўчыя вынікі трох тэстаў нашай сям’і — таты, мамы і маёй сястры Караліны. Маме зрабілі тэст толькі перад тым, як пакласці яе ў рэанімацыю. Гэта ўжо я настаяла, пасварылася з дактарамі.
У выніку, нам дазволілі хаваць маму так, як захочам. Але мы самі вырашылі закрыць труну, абвязаць яе плёнкай і апрацаваць антысептыкам».
Хаваюць Тамару Савіну 2 чэрвеня.
Сям'я Савіных, хоць сама не шыкуе, — 12 дзяцей! — пры гэтым удзельнічала ў валанцёрскім руху, дапамагала медыкам змагацца з каранавірусам. Цяпер актывісты абвесцілі збор грошай сям'і, якая засталася без мамы.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное