Общество

Памерла маці Зянона Пазьняка

22 красавіка прыйшла вестка пра сьмерць Ганны Пазьняк – маці Зянона Пазьняка. Ганна Яўхімаўна памерла, не дажыўшы некалькі дзён да свайго 90-годьдзя.

Ганна Пазьняк, 1958 год. Фота Зянона Пазьняка

У вялікім інтэрв’ю «Салідарнасці» Зянон Пазьняк, які быў вымушаны з’ехаць з Беларусі ў 1996 годзе, з болем расказаў пра маці, што засталася ў Мінску.

– Зараз яна вельмі хворая, амаль страціла слых. Калі яна яшчэ мела здароўе, прыязджала да мяне, мы бачыліся ў 1998-м. А пасля інсульту, калі ей стала цяжка хадзіць, гэта стала немагчымым, – паведаміў ен.

Згадваючы маці і свае дзіцячыя гады, Зянон Пазьняк пісаў так: «Асяродзьдзе, у якім праходзіла мае дзяцінства, – гэта асяродзьдзе віленскіх і суботніцкіх бацькавых (загінуў на фронце ў сьнежні 1944-га) і матчыных сяброў. Яны часта зьбіраліся ў нас. Маці ставіла на стол патэфон, слухалі музыку і размаўлялі. Я любіў гэтыя зборкі. Мне падабалася слухаць, пра што яны гаварылі: пра вайну, пра Вільню, пра даваенны час, пра бацьку і дзеда Яна, які выдаваў “Крыніцу” (у 1939 дзеда Яна арыштавалі і забілі бальшавікі).

Чытаць я навучыўся ў пяць гадоў, і бабуля “Маня” (Марыя Адамаўна) казала мне, што калі я вырасту, яна прывязе зь Вільні кнігі дзеда Яна, і я прачытаю пра ўсе. (Бібліятэкі дзеда я так і не знайшоў – НКВД зьнішчыў дазваньня). А маці паказвала мне “Зорачку” (дзіцячы дадатак да “Крыніцы”) і чытала адтуль надрукаваныя школьныя вершы дзядзькі Яся (мамінага брата), што загінуў у савецкім танку ў 1945-м:

Усюды ціха, усюды сумна,
Палі пустэчаю ляжаць,
І журавелькі ў паднябесьсі –
Абсяг, што вокам не абняць.

Гэта “Восень” (цытую па памяці)».

Ад 1996 году, калі Зянон Пазьняк апынуўся ў палітычнай эміграцыі, ягонай маці апекаваліся ягоныя паплечнікі і сябры, паведамляе Радыё Свабода.

Юры Беленькі, выконваючы абавязкі старшыні КХП-БНФ: «Такая асоба, як Зянон Пазьняк, дзякуючы якому Беларусь прыйшла да незалежнасьці, была, у першую чаргу, сфармаваная маці – Ганнай Яўхімаўнай. Бацька Зянона Пазьняка загінуў на фронце ў 44-м годзе. Увесь клопат пра сына лег на яе плечы. Я памятаю, як падчас паездах у Суботнікі, Ганна Яўхімаўна спакойна распавядала пра тыя часы, спакойна казала пра жахлівыя рэчы. Як на яе цяжарную настаўлялі вінтоўкі. Як пры адступленьні яны хаваліся ў касьцеле і закрыліся нейкай жалезнай накрыўкай, каля сходаў у сутарэньні. А немцы спрабавалі яе падарваць гранатай. Я бачыў бібліятэку ў Суботніках, якая была ў іхнай хаце. Гэтая бібліятэка была сабраная, канечне, і бацькам, і дзедам – Янам Пазьняком. Але маці – гэта чалавек, які замяніў і бацьку, і маці, і забітага бальшавікамі дзеда. Яна здолела перадаць і тыя патрыятычная пачуцьці, якія былі і ў бацькі, і ў дзеда. І ў той жа час здолела выхаваць чалавека адукаванага, чалавека зь вялікім сэрцам.

...Я хацеў бы сказаць словы падзякі Ганьне Яўхімаўне за тое, што яна зрабіла для Беларусі, за яе мужнасьць. Бо ня толькі ў часы ваеннага ліхалецьця, але і ў часы лукашызму ей давялося шмат перажыць. Ці то падасланыя, ці то неразумныя людзі часам у краме ці на вуліцы казалі ей нядобрае пра сына. Ей трэба было гэта выслухоўваць. Яна гэта вельмі мужна пераносіла. Распавядала пра гэтыя здарэньні, але спакойна, шкадуючы тых людзей, якія казалі нядобрае. Яна разумела, што гэта хутчэй за ўсе ад недахопу розуму, ад недахопу ведаў.

...Думаю, многія беларусы выказваюць шчырыя спачуваньні Зянону Пазьянку з нагоды вялікай страты для яго. Канечне, сеньня, калі Ганна Яўхімаўны ня стала, вельмі балюча ня толькі ад страты, але і ад таго, што яе сын, вялікі беларус Зянон Пазьняк, ня можа быць тут, каб правесьці яе ў апошні шлях. Можа, у гэтым есьць трагічная заканамернасьць – тыя людзі, якія найбольш любілі сваю айчыну, любілі сваю маці, не маглі аддаць ім апошнюю павагу. Так сталася і цяпер. Але я, як веруючы чалавек, веру, што сеньня яна побач з Госпадам».

Грамадзянская паніхіда і разьвітаньне з нябожчыцай адбудуцца 23 красавіка з 9.00 да 11.00 у Залі рытуалаў па адрасе: Менск, вул. Альшэўскага, 12 (ст. мэтро “Маладзежная”).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)