Общество
Мікола Чарняўскі

Памерла экс-рэктар універсітэта культуры Ядвіга Грыгаровіч

31 ліпеня ў Бараўлянах на 65-м годзе жыцця памерла Ядвіга Дамінікаўна Грыгаровіч – экс-рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. «Калі ў яе на пасадзе рэктара была пэўная свабода дзенняў, універсітэт стаў адным з самых яркіх асяродкаў у Беларусі», – адзначае паэт Генадзь Бураўкін.

Ядвіга Грыгаровіч узначаліла Мінскі універсітэт культуры ў 1992 годзе і кіравала ім на працягу 15 год. За гэты час непрэстыжны «кулек» стаў адным з самых яркіх асяродкаў беларускай культуры. Адзін час Ядвізе Грыгаровіч нават праракалі пост міністра культуры.

– Ядвіга Дамінікаўна не магла не запомніцца кожнаму, хто з ёю знаёміўся ці бачыў яе здалёк. Прыгажуня з вельмі разумнымі вачамі, аптымістычны, вясёлы чалавек, які тонка адчуваў гумар... Акрамя ўсяго іншага і чалавек з моцным характарам, – расказаў «Салідарнасці» паэт Генадзь Бураўкін. – Калі Ядвіга Дамінікаўна ўзначаліла універсітэт культуры – тады ён называўся інстытутам культуры – у мяне з’явілася не толькі глыбокая павага да яе, а можна сказаць захапленне. Аказалася, што ў яе выдатны арганізатарскі талент, выдатнае веданне нашай гісторыі, літаратуры і мастацтва. У той час, калі ў яе на пасадзе рэктара была пэўная свабода дзенняў, універсітэт стаў адным з самых яркіх асяродкаў у Беларусі. Ядвіга Дамінікаўна падтрымлівала таленты, спрыяла развіццю эстрады, прычым беларускай, нацыянальнай.

Калі Ядвіга Дамінікаўна сышла з універсітэта, гэта, думаю, была страта не толькі для педагогаў і студэнтаў, гэта была страта для ўсёй беларускай культуры.

Тое, што яна сышла з універсітэта і яе напаткала вельмі цяжкая (і як аказалася невылечваемая) хвароба, для мяне было двайною бядою. Не толькі чалавечнай, але і грамадскай. Не скажу што блізка, але мы былі добра знаёмы. Я даражыў тым, што мы можам адкрыта, без аглядкі гаварыць з ёю аб праблемах нацыянальнай культуры. Мне вельмі шкада, да болю шкада, што яе больш з намі не будзе.

На развітанне мілай, слаўнай Ядвізе Дамінікаўне хачу сказаць дзякуй – дзякуй за тое, што яна паспела ў сваім жыцці зрабіць. І хачу папрасіць у яе прабачэнне за тое, што мы не далі ёй разгарнуць ва ўсю магутнасць свой талент, веды на карысць роднай любімай Беларусі, якой яна служыла ўсё сваё яркае і прыгожае жыццё.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)