Палуян: «Мне не цікава, як палітыкі паміж сабой высвятляюць адносіны»

Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян, стваральнік фільма аб пратэстах 2020-га «Courage» – пра перспектывы беларускага кіно ў выгнанні.

– Мне цікава здымаць пра звычайных людзей, а не пра палітыкаў, – распавядае Аляксей Палуян у эфіры «Е*рарадыё». – Хай яны і мастакі (маецца на ўвазе фільм «Courage» – С.), але глядач асэнсоўвае праз іх самога сябе.

Facebook: BCC/Belarusian Council for Culture

Праект, які я зараз здымаю, – працягвае творца, – будзе сямейнай драмай пра бацьку і сына, дзе бацька працуе ў сістэме. І менавіта гэты канфлікт мне цікавы, а не тое, як палітыкі паміж сабой высвятляюць адносіны. Бо такія тэмы ніхто не будзе глядзець, таму што гэта вельмі павярхоўна і наогул хутка забываецца.

Як прыклад, рэжысёр узгадвае тое, што здымалі чэхі ў 1960-я:

– Яны мэтанакіраваны рабілі хвалю новага чэшскага кіно пра, як яны яго называлі, маленькага чалавека. Чалавека, які быццам бы нічога не вырашае, але яго ўнутраныя працэсы вырашальныя для ўсяго грамадства. Пра гэта, дарэчы, здымаюць і фіны.

І гэта, на маю думку, будзе будучыняй беларускага кіно, бо ў нас шмат аўтараў, якія пра гэта разважаюць.

Калі Аляксей Палуян узгадвае час пасля беларускіх пратэстаў 2020-га, то адзначае, што яшчэ рана казаць, як апошнія два гады паўплывалі на кінематограф або на дакументалістыку.

– Таму што кіно – гэта від мастацтва, які доўга развіваецца, у тым сэнсе, што кіно здымаць вельмі доўга. Але заўважна, што зараз адбываецца вялікі крызіс беларускага кінематографа, таму што людзі знаходзяцца ў выгнанні.

Рэжысёр лічыць, што мастацтва ў выгнанні мае мала плюсаў, бо ты мусіш змагацца за фінансаванне, знаходзіць людзей, якія павераць у тваю ідэю і знойдуць магчымасць зняць твой фільм.

Але, з іншага боку, творца глядзіць на гэтыя працэсы пазітыўна, бо маладое пакаленне беларускіх кінематаграфістаў заўсёды жыло ў падобных умовах.

– Не было ілюзій, жывучы ў Беларусі, што магчыма здымаць сваё незалежнае кіно. Увесь час былі пытанні з Міністэрствам культуры, – распавядае рэжысёр. – Таму зараз яны будуць прызвычайвацца да новых умоў у новых краінах.

Але, што я адчуваю за апошнія два гады? Тое, што людзі пачалі здымаць на больш экзістэнцыяльныя тэмы. Бачу сярод маладых аўтараў больш асэнсаванасці пра тое, што яны здымаюць і пра тое, што яны беларусы.

Раней людзі, – кажа Палуян, – якія жылі ў Расіі не адчувалі, што яны беларусы, але пасля падзей жніўня 2020-га некаторыя з іх знялі штосьці на пратэсную тэму і нават спрабуюць размаўляць па-беларуску.

І мне вельмі зараз хочацца, каб беларускія кінематаграфісты зразумелі, што мы частка Еўропы і паспрабавалі глядзець у яе бок.

І, гледзячы на Заходнюю Еўропу, адкуль, дарэчы кінематограф і ўзнік – Францыя, Германія, – пачнецца выбудоўванне беларускага нацыянальнага кіно і, адпаведна, пачнуцца працэсы дэкаланізацыі кінематографа расійскага, – разважае пра перспектывы беларускага кіно ў выгнанні Аляксей Палуян.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(6)