Политика
Анастасія Зелянкова

Палітычны працэс за выхад у Інтэрнэт

У сувязі з прымірэннем бакоў Асіповіцкі суд спыніў справу супраць “маладафронтаўца” Арцёма Дубскага, якога вінавацілі ў нанясенні страты кампаніі “Velcom”. Тым не менш пасля суду актывіст быў адпраўлены ў ізалятар часовага ўтрымання за парушэнне адбыцця пакарання. Цягом трох сутак пракуратура павінна вынесці рашэнне

Нагадаем, што Арцём Дубскі, фігурант “справы 14-ці”, у 2008 годзе быў пакараны двума гадамі абмежаваньня волі без накіравання ў спецкамэндатуру за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. Пакаранне ён адбываў па месцы жыхарства, у Асіповічах. Адначасова супраць яго таксама была распачата крыманальная справа за нанясенне страты кампаніі “Velcom” (яго вінавацілі ў тым, што з чужой сім-карткі ён выйшаў у Інтэрнэт). У кастрычніку Арцём з’ехаў на Украіну, і яго судзілі завочна, прысудзіўшы выплаціць 3,5 мільёна рублёў кампенсацыі.

13 лютага моладзевага актывіста затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы. Меркавалася, што 3 сакавіка Арцёма Дубскага будуць судзіць за парушэнне адбыцця пакарання, аднак на судзе высветлілася, што падставай стала гісторыя з “Velcom”.

У судзе Арцём Дубскі прызнаў, што выходзіў з мабільніка ў Інтэрнэт, але сімку яму прынёс яго былы сябра Руслан Чароўка (потым гэты хлопец не раз з’яўляўся на БТ), а сам ён не меў уяўлення, што яна крадзеная.

Пацярпелая Юлія Васільева, якой належала тая сім-картка папрасіла спыніць крымінальную справу супраць Арцёма Дубскага ў сувязі з прымірэннем, паколькі маці Дубскага пакрыла ёй урон у памеры 2,7 млн.руб.

Суд прыняў рашэнне спыніць справу. Тым не менш пасля суду актывіста павезлі ў Асіповіцкі РАУС, дзе ён быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Як расказаў “Салідарнасці” палітык Мікалай Статкевіч, актывіста вінавацяць у парушэнні артыкулу 415 (ухіленне ад адбыцця пакарання). Цягам трох сутак пракурор павенен вынесці рашэнне.

— Заўтра разгляд беларускага пытання ў Брусэлі, таму беларускія ўлады зробілі такі падарунак і спынілі справу з сім-карткай, -- адзначае Мікалай Статкевіч. — Магчыма, за парушэнне рэжыму яны таксама абмяжуюцца чарговым спагнаннем. Увогуле, сітуацыя з сім-карткай вельмі падобная на правакацыю. Адразу было зразумела, што гэта “прыяцель” Чароўка – фігура падстаўная, вось так “раптам” знайшоў картку, ведаў сім-код. Да таго ж вядома, што гэты хлопец ён выступаў па БТ. Арцём жа са свайго боку праявіў залішнюю даверлівасць. У нашай сітуацыі мы павінны быць вельмі пільнымі.

Падтрымаць актывіста прыехалі таксама лідэр “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, актывісты моладзевых арганізацый, лідэры прадпрымальніцкага руху, палітыкі Вячаслаў Сіўчык і Павал Севярынец, прадстаўніца АБСЭ.

Каля Асіповіцкага РАУС разгарнулася акцыя ў падтрымку Дубскага. Людзі трымаюць бел-чырвана-белы сцяг і расцяжку “Свабоду Дубскаму!”. Таксама каля будынку знаходзіцца некалькі дзесяткаў міліцыянтаў, заўважана была пажарная машына.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)