Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Палітычны дыягназ доктара Шчыгельскага

Інтэрвію добра вядомага ў беларускай палітычнай супольнасьці чалавека, псыхіятра, цяпер эмігранта Дзьмітрыя Шчыгельскага даволі знакавае.

Заўсёды цікавыя назіраньні чалавека аналітычнага складу мысьленьня, які прыехаў у краіну пасьля доўгай адсутнасьці. Нам не хапае погляду сьвежым, «незамыленым» вокам на беларускую рэальнасьць. Тым больш погляд чалавека, які прыехаў зь іншага сьвету, з ЗША.

Першае назіраньне сп. Шчыгельскага, што ў Беларусі шмат што вонкава зьмянілася за 17 гадоў, ня моцна ўражвае. У ХХІ стагодзьдзі ўвесь сьвет не стаіць на месцы, бурліва разьвіваецца. Знайдзіце мне краіну, у якой за гэткі час нічога не зьмянілася.

Психиатр, поставивший диагноз Лукашенко, рассказал, какие перемены увидел в Беларуси спустя 17 лет

Сапраўды, шмат пабудавана новага. Аднак тут чыста вонкавы погляд можа аказацца падманным. Бо варта задаць пытаньне, наколькі прыбыткова працуюць новыя гатэлі, бізнэс-цэнтры, гандлёвыя комплексы (ужо ня згадваючы аграгарадкі), як карціна пачынае выглядаць зусім па-іншаму. Бо значная частка беларускай эканомікі працуе дзеля самой працы, каб «асвоіць рэсурсы», а не дзеля эканамічнага эфэкту.

Больш цікавыя назіраньні за тым новым, што Шчыгельскі заўважыў у масавай сьвядомасьці. Гэта стаўленьне да Лукашэнкі, да незалежнасьці. Таксама цалкам зразумела, бо зьявілася новае пакаленьне, якое ставіцца і да кіраўніка дзяржавы, і да існаваньня сувэрэннай Беларусі як да прыроднай зьявы.

Важная выснова, да якой прыходзіць вядомы эмігрант, зводзіцца да формулы: «грамадзтву патрэбна тэрапія, а не хірургія». У перакладзе гэтага тэзісу з мэдычнай на палітычную мову, ён азначае, што грамадзтву патрэбна эвалюцыя, а не рэвалюцыя. Хто б спрачаўся. Я ня ведаю ніводнай краіны, у якой абсалютная большасьць насельніцтва хацела б рэвалюцыі. Тым ня менш яны ўвесь час дзесьці адбываюцца.

Праблема ў тым, што ніхто не дае адказу на пытаньне, што рабіць, калі ўлада не жадае тэрапіі, а насельніцтва пазбаўлена легальных, легітымных спосабаў і мэханізмаў уплываць на ўладу, не кажучы пра тое, каб яе зьмяняць.

Цікавае назіраньне Шчыгельскага пра тое, што як прадстаўнікі палітычнай клясы, так і простыя абывацелі амаль не абмяркоўваюць мадэлі будучыні, ня строяць плянаў ці прапаноў, што трэба было б зьмяніць у краіне. І ў гэтым вялікае адрозьненьне беларускага грамадзтва ад амэрыканскага. Ён кажа: «Вось гэты патэрналізм і чаканьне таго, што ўвесь сьвет, а асабліва ўлады, нешта камусьці павінныя — гэта вельмі дрэнна. Дарэчы, яшчэ адна дрэнная рыса ў беларусаў — жаліцца на ўвесь сьвет і чакаць невядома чаго і невядома адкуль».

Можа, гэта і ёсьць квінтэсэнцыя сьвядомасьці беларускага грамадзтва. Гэтае грамадзтва патэрналісцкае. Таму патэрналісцкая дзяржава і патэрналісцкае грамадзтва падтрымліваюць, падсілкоўваюць адно аднаго. У такой краіне людзі ўпэўнены, што ад іх нічога не залежыць, яны ні на што не ўплываюць. Таму якія пляны і мадэлі будучыні?

Гэтыя сытуацыя моцна ўплывае і на апазыцыю, што заўважыў Шчыгельскі, прысутнічаючы на з’ездзе Партыі БНФ. Ва ўмовах адсутнасьці публічнай палітыкі, выкінутая з палітычнай сыстэмы, знаходзячыся ў гета, яна толькі і можа займацца самавыжываньнем. У такой сытуацыі канструктыўная праграма ня надта і патрэбная.

Падаецца, што вось якраз тут і выявіўся эмігранцкі погляд на сытуацыю ў краіне. Маўляў, з дапамогай крэатыўнага падыходу да палітычнай барацьбы можна нешта памяняць. Зразумела, лепш, каб крэатыў быў, чым ягоная адсутнасьць. Але ў сёньняшняй Беларусі гэтага зусім не дастаткова.

Менавіта зыходзячы з такіх уяўленьняў сп. Шчыгельскі ўступіў у каманду другога эмігранта з ЗША, Юрася Зянковіча, які вылучыўся кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі. Утапічнасьць гэтага праекту відавочная. Справа нават ня ў тым, што ў Беларусі няма выбараў. І ня тое дзівіць, што ў беларускай Канстытуцыі існуе артыкул 80, у якім запісана, што прэзыдэнтам краіны можа быць выбраны грамадзянін, «які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі».

А, як вядома, Зянковіч з 2007 году жыве ў ЗША. Больш дзіўна, што існуюць фантастычныя ўяўленьні, нібыта беларусы могуць прагаласаваць за амэрыканскага адваката.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)