Политика
Любоў Лунёва, ”Радыё Свабода”

Палітвязьням адмовіліся перадаваць харчы

Праваабаронцам не дазволілі перадаць харчы палітвязьням у менскую турму на вуліцы Акрэсьціна. Міліцыянты спаслаліся на новы Адміністрацыйны кодэкс, паводле якога арыштаваным можна перадаваць толькі гігіенічныя прыналежнасьці. Між тым, харчаваньне ў турме пагоршала.

Каля турэмнай брамы на вуліцы Акрэсьціна сябры й паплечнікі арыштаваных актывістаў угаворвалі супрацоўнікаў турмы перадаць у камэры харчы. Але турэмшчыкі пагадзіліся ўзяць толькі туалетныя прыналежнасьці й самае неабходнае.

Праваабаронца Ірына Тоўсьцік гутарыла з карэспандэнтам “Свабоды”, як толькі выйшла зь дзяжурнай часткі турмы:

“У нас пагадзіліся ўзяць туалетную паперу, зубную шчотку, зубную пасту, маленькі ручнік, а таксама цёплыя рэчы, як напісана ў Адміністрацыйным кодэксе. Мы перадалі, канечне, некалькі пар цёплых шкарпэтак, швэдры й для некалькіх чалавек курткі.

Харчовых перадачаў у нас не ўзялі, казалі, каб мы пра гэта забыліся, бо новы Адміністрацыйны кодэкс гэта забараняе — цяпер толькі тое, што там будуць даваць. Але, хто быў там, адразу скажа, што гэта немагчыма есьці нармальным людзям. А цяпер яшчэ і ўрэзалі пайку”.

Пяць дзён людзі намагаліся перадаць харчы затрыманым актывістам напярэдадні акцыі 25 сакавіка. Амаль усіх арыштоўвалі аднолькава: затрымлівалі на вуліцы й ля пад’ездаў дамоў, рабілі дагляд рэчаў, забіралі улёткі з заклікам прыйсьці ў Дзень Волі на Кастрычніцкую плошчу. Абвінавачаньні былі стандартнымі — “дробнае хуліганства”.

Некалькіх чалавек — Мікіту Краснова, Аляксандру Ясюк, Натальлю Старасьціну, Вячаслава Сіўчыка і Аляксандра Ўрыўскага — зьмясьцілі на трое сутак у ізалятар часовага ўтрыманьня як падазраваных у крымінальнай справе за падрыхтоўку масавых беспарадкаў.

Раней, да 1 сакавіка, калі пачаў дзейнічаць новы Адміністрацыйны кодэкс, кожны палітвязень мог атрымліваць у перадачы некалькі кіляграмаў харчаваньня. Усе казалі, што турэмнай пайкі ня елі.

Сёньня ў турме на вуліцы Акрэсьціна арыштаваным на сьняданак прыносяць шклянку гарбаты і кавалак хлеба. Абед і вячэру спалучылі і ўсё прыносяць а пятай вечара — гэта талерка супу, каша з катлетай і тая ж шклянка гарбаты.

Першы на волю выйдзе Ўладзімер Галавань – сёньня а палове на першую ночы. Цягам наступнага дня выйдуць Антон Піеў, Аляксей Рубан, Аляксей Шыдлоўскі, Аляксандар Атрошчанка, Андрэй Ігнавіч і Аляксандар Сьцепаненка. За кратамі застанецца Барыс Гарэцкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)