Палітоляг: Палітыка Эўропы становіцца сьмешнай, Крэмль будзе да апошняга змагацца за Лукашэнку

Палітоляг Аркадзій Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў, адказвае на пытаньне Свабоды, ці ўдалося Лукашэнку «прывязаць» да сябе Крэмль, і заяўляе, што ранейшая палітыка Захаду ў дачыненьні да Лукашэнкі стала безвыніковай і сьмешнай.

Фото fregataero.ru

— Ці ўдалося Аляксандру Лукашэнку прывязаць да сябе Крэмль, разьмясьціць іх разам «у адной лодцы»? Апошнія тыдні Лукашэнка асабліва актыўна пераконваў, што «пачалі зь Беларусі, перакінуцца на Расею». Пратэсты ў Расеі прыхільнікаў Навальнага сталі для яго відавочным падарункам. Дык ці ўдалося яму засунуць Пуціна ў адну з сабой лодку?

— Я думаю, у цэлым — безумоўна, удалося. Але для мяне гэта ня стала ніякім сюрпрызам, я ніякіх альтэрнатываў гэтаму асабліва і не разглядаў. У сваіх камэнтарах і выступах я заўсёды, ад самага пачатку пратэстаў, казаў, што Крэмль будзе да апошняга змагацца за Лукашэнку, будзе падстаўляць яму плячо.

Я заўсёды вельмі скептычна ставіўся да развагаў «вось зараз Крэмль яго дацісьне». Крамлю вельмі цяжка наважыцца на тое, каб «даціснуць» Лукашэнку — бо гэта адкрывае вялікую колькасьць сцэнараў, якія складана пралічыць.

Лукашэнка выкарыстоўвае гэтую сытуацыю, каб зрабіць сабе піяр як эфэктыўнага дыплямата на расейскім кірунку. Але на самой справе яму нескладана было дабіцца такога выніку, бо іншыя альтэрнатывы для Расеі выглядалі горш.

Ці далі яму цяперашнія пратэсты ў Расеі дадатковы козыр? Так, далі. Бо цяпер ён можа пабудаваць пэўную лёгіку, і частка людзей у Маскве да яе прыслухаецца (ня ўпэўнены, што да гэтага прыслухаецца сам Пуцін). Думаю, Масква будзе імкнуцца не дапусьціць поўнага ўроўніваньня, пастаноўкі на адну дошку таго, што адбываецца ў Беларусі і ў Расеі.

— А чаму Масква будзе імкнуцца не дапусьціць знаходжаньня з Лукашэнкам «на адной дошцы»? Гэта як бы сорамна? Альбо нейкія іншыя матывы?

— «Сорамна» — канечне, не зусім тое слова. Але ў цэлым — некамфортна. Апынуўшыся ў той жа клетачцы, дзе і рэжым Лукашэнкі, ты зь вялікай дзяржавы (зь якой лічацца, хоць і не абавязкова любяць і паважаюць) ператвараесься ў дзяржаву, якую проста церпяць. Для людзей, якія маюць даволі вялікае самалюбства (а менавіта такія людзі кіруюць расейскай палітыкай) — гэта важна. Ім трэба, каб ім тэлефанавалі, каб зь імі кантактавалі.

Урэшце, што б зараз ні адбывалася ў Расеі — Захад ня пойдзе на радыкальнае павелічэньне ціску на Расею. А вось што адбудзецца з заходняй палітыкай адносна Беларусі — гэта пытаньне адкрытае. Я зноў-такі не чакаю радыкальнага павелічэньня ціску. Але могуць адбыцца нейкія рэчы, якія зробяць новыя санкцыі непазьбежнымі.

— Яшчэ падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў рыторыцы Менску пераважала антырасейская, антыкрамлёўская тэма. Тагачасны старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю (цяпер кіраўнік КДБ) Іван Тэртэль тады заяўляў, што за вылучэньнем Бабарыкі стаяць «вялікія начальнікі ў Газпроме, а можа, і вышэй». Улады арыштоўвалі «вагнэраўцаў» і абвінавачвалі іх фактычна ў падрыхтоўцы перавароту. Як тады Масква ўсё гэта ўспрымала?

— Масква не ўспрымала гэта як нейкія «жартачкі», гэта было даволі непрыемна для іх. Але і тут нічога новага для людзей, якія вывучаюць беларуска-расейскія дачыненьні. Фармулёўкі і градус, можа, і мяняліся, але сутнасьць інвэктываў Лукашэнкі на адрас Масквы не мянялася — што Расея робіць падкопы пад беларускі сувэрэнітэт.

Канечне, Маскве гэта не падабалася, але рэагаваць на гэта як на нешта большае, чым проста на словы, ня мела сэнсу. Бо нідзе Лукашэнка ў сваёй эканамічнай ці адукацыйнай палітыцы не зрабіў нічога, што магло б аслабіць структурную залежнасьць Беларусі ад Масквы.

Адзінае, што магло Маскву хваляваць (і, магчыма, хвалюе і цяпер), — што такім спосабам Лукашэнка выбудоўвае для сябе масты на Захад. Гэтыя масты цяпер нібыта спаленыя, але памяць засталася.

І калі сочыш за дыскусіяй на Захадзе, то ідэя пра тое, што нават цяпер адносіны зь Менскам трэба будаваць такім чынам, каб не заганяць яго ў кут, каб не дазваляць Расеі нарошчваць свой уплыў у Беларусі, — усё гэта засталося.

Маскве гэта, вядома, не падабаецца, але рэагаваць на гэта ў нейкай надзвычайнай манеры ня мае сэнсу.

Тым болей што вучэньні «Захад-2021» рыхтуюцца, працэс структурнага нарошчваньня ўплыву Расеі ў Беларусі па лініі вайсковай, эканамічнай, грамадзкай прасоўваецца дастаткова пасьпяхова, нягледзячы на ўсю ранейшую рыторыку Лукашэнкі.

— А ці магчыма вяртаньне гэтай «антырасейскай» рыторыкі Лукашэнкі? Ці гэта немагчыма, пакуль ён надта залежны ад Расеі, пакуль ягоная ўлада відавочна нетрывалая і ўсё яшчэ хістаецца?

— Ключавое слова — «пакуль». Нават эўрапейская бюракратыя павінна зразумець, што іхняя цыклічная палітыка ў дачыненьні да Менску «пасварыліся-памірыліся», і так 4 разы, ад сярэдзіны 90-х — становіцца ня проста безвыніковай, але становіцца сьмешнай. Мне вельмі хочацца спадзявацца, што Захад вывучыў гэтыя ўрокі, але я ў гэтым не перакананы.

Лукашэнку трэба будзе вельмі сур’ёзныя рэчы зрабіць у кірунку ўнутрыпалітычнай лібэралізацыі, значна большыя, чым падчас перазагрузкі 2014–15 году.

Ня проста вызваліць палітзьняволеных, але больш сур’ёзныя крокі. Зараз ён на гэта не гатовы, і ня будзе гатовы яшчэ даволі доўга. Яму давядзецца пераступіць церазь сябе. Але калі ён будзе адчуваць, што ўлада зусім сыходзіць ад яго кудысьці ў бок Расеі... ня ведаю, што ён тады будзе рабіць.

Заходнікам таксама давядзецца праходзіць «паміж кроплямі дажджу». Як зрабіць так, што мы нібыта маем амбасадараў у Менску, але разам з тым не ўручаем даверчыя граматы і тым самым даём сыгнал, што не прызнаём Лукашэнку як прэзыдэнта краіны? Таму гэты сцэнар (паварот да Захаду і вяртаньне да антырасейскай рыторыкі) я не лічу вельмі імаверным. Але я не лічу яго і нулявым.

— Пакуль жа беларускія ўлады рухаюцца толькі ў адным кірунку — павелічэньне рэпрэсіяў, прыманьне новых законаў па абмежаваньні любога іншадумства. Пры гэтым яны спасылаюцца на Захад, дзе, маўляў, існуюць такія законы.

— Само ўзмацненьне жорсткасьці заканадаўства, безумоўна, дапамагае ўзмацненьню рэжыму. Рэжымы ў Беларусі і Расеі робяць працу над памылкамі, знаходзяць слабыя месцы і спрабуюць іх выправіць.

Але спасылкі на «досьвед Захаду» нікога не пераконваюць. Людзі разумеюць, што адбываецца, што гэта робіцца толькі для таго, каб караць пратэстоўцаў, каб змагацца, як у беларускім выпадку, з большасьцю свайго народу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(26)