Филин

Юлія Кот

«Пакуль адны думаюць пра касмічнае права, другія вяртаюцца у час прыгоннага»

Юрыст — пра «эксперыменты» з адміністрацыйным кодэксам.

У Лідзе вярнуліся да савецкай практыкі — задзейнічаць людзей, арыштаваных на 15 сутак, на грамадскіх працах.

Газета «СБ. Беларусь сегодня» назвала гэта сацыяльным эксперыментам і адзначыла, што ініцыятарам выступілі не мясцовыя органы ўнутраных спраў, а намеснік галоўурача раённага шпіталю па гаспадарчай працы Аляксандр Ванюкевіч, «за плячыма якога больш 20 год службы ў праваахоўных органах».

Тых, хто асуджаны да адміністрацыйнага арышту, паведамляе выданне, задзейнічалі «з карысцю для грамадства» на добраўпарадкаванні тэрыторыі шпіталю, таксама адзін з арыштантаў распавёў, што працаваў на звалцы. Адмовіцца ад працы нельга, але яна аплочваецца, праўда, памер заробку не названы. Згадваецца толькі, што гэтых грошай хапае, каб аплаціць утрыманне арыштаваных у спецпрыёмніку — 18,5 рубля ў суткі.

Адзначаецца, што сярод накіраваных на працы — дробныя крадзежнікі, бытавы хуліганы, арыштаваныя, імаверна, за нвыплату аліментаў на ўтрыманне дзяцей жанчыны, а таксама «бэчэбэшнікі, якія былі падпісаныя на экстрэмісцкія каналы».

Атрымліваецца, што парушальнікі адначасова і адбываюць арышт, і працуюць. Прычым, калі сыходзіць з артыкулу, паводле рашэння заўгаса. А так можна было?

— Дзесьці ёсць узровень развіцця права, а дзесьці выпадае казаць пра ўзровень дэградацыі, — адзначае ў інтэрв’ю Филину юрыст Народнага Антыкрызіснага Кіравання Міхаіл Кірылюк. — І пакуль адны думаюць пра касмічнае права і як рэгуляваць біткоін, другія вяртаюцца назад, у час прыгоннага права.

Юрыст заўважае, што з пункту гледжання права трэба зрабіць некалькі агаворак. Так, з артыкула не вядома, па якіх менавіта артыкулах асуджаныя «сутачнікі», якія ў іх прысуды і якое абгрунтаванне да грамадскай працы. Але з агульнай часткі Адміністрацыйнага кодэксу бачна, што і адміністратыўны арышт,  і грамадскія працы адносяцца да асноўных, а не дадатковых катэгорый пакарання. То бок, іх нельга сумясціць.

— Каб было больш відавочна, прывяду прыклад з крымінальнага права: нельга прысудзіць адначасова і пазбаўленне волі, і абмежаванне волі, не існуе такога віду пакарання, — зазначае Міхаіл Кірылюк. — Таму мая гіпотэза, якая падаецца найбольш верагодным тлумачэннем гэтай сітуацыі, — проста такія адносіны зараз да права ў Беларусі.

Калі сілавікі забіваюць людзей і не нясуць за гэта ніякай адказнасці, здаецца, варта казаць пра максімальны ўзровень дэградацыі (бо жыццё — адна з галоўных каштоўнасцей, якія абараняе права), рэч толькі пра маштабы.

Вось і тут, камусьці, відаць, спатрэбілася бясплатная працоўная сіла, і знайшлі спосаб.

Раней, мяркуе юрыст, падобная сітуацыя разглядалася б як карупцыйная справа, бо гэта нагадвае гісторыі, як генерал адбудаваў сабе дачу рукамі салдат тэрміновай службы, альбо як старшыня калгаса на службовай машыне з’ездзіў па асабістых справах — за падобнае каралі, магло дайсці да турэмных тэрмінаў.

— Цяпер жа катэгорыі людзей, якія апісаныя ў артыкуле — і «палітычныя», і тыя, хто знаходзіцца ў дрэнным сацыяльным становішча, відаць, разглядаюцца чыноўнікамі і сілавікамі як людзі другога гатунку, таму можна і сумясціць два пакаранні ў адно. І нават не ўтойваць гэта, як раней карупцыйныя з’явы, а наадварот, не саромецца і рабіць артыкулы.

Вядома ж, з сумнай іроніяй заўважае суразмоўца, можна абвясціць «эксперыментам» і іншыя неправамерныя дзеянні, не прадугледжаныя адміністрацыйным кодэксам. Напрыклад, пакараць бізунамі безбілетнікаў.

— Дакладна ў гэтым горадзе будзе менш безбілетнікаў, асабліва калі пра гэта ўсе даведаюцца. Але ці будзе гэта прагрэсам у развіцці права? Прыклад краін, якія з’яўляюцца прававымі ўзорамі, не пацвярджае гэту версію. Але ў пэўным сэнсе, сапраўды, Беларусь можна лічыць краінай «прававых эксперыментаў». Расея нешта пераймае, але не так жорстка, як у нас.

Што да ўласна грамадскіх прац як спосабу прыцягнення да адказнасці правапарушальнікаў — такая практыка існуе і ў ЗША, і ў многіх еўрапейскіх краінах, зазначае Міхаіл Кірылюк, і нічога дрэннага ў ёй самой няма.

Але ж розніца не ў самім пакаранні, а ў падыходзе: у краінах, дзе высокі рэйтынг вяршынства права, дзе ёсць давер да судоў і паліцыі, пакаранне — гэта адказнасць за ўчыненае і выпраўленне, а не спосаб прычыніць чалавеку пакуты, а турма — не месца  здзекаў, прыніжэння і катавання вязняў.

І яшчэ розніца ў тым, што апошнія гадоў 500 ў цывілізаваным свеце прынята прымяняць толькі тыя пакаранні, якія прадугледжаныя ў законе. Я не магу ўспомніць ніякіх добрых прыкладаў, каб у якасці эксперыменту прымянялі двайное, трайное пакаранне, бо гэта парушае асноўныя прынцыпы права.

— Калі закон разглядаецца не як асабістая воля чыноўніка, а як збор нормаў і правілаў, якія рэгулююць жыццё ў грамадстве, уявім на хвілінку, што мы жывем у Беларусі, пра якую нам пішуць у кодэксах, што парламент, які зацвярджае кодэксы — гэта папраўдзе дэпутаты, абраныя народам. І вось калі гэтыя прадстаўнікі сабраліся і вырашылі: за пэўнае парушэнне трэба даваць ад 15 да 30 сутак арышту — можна сказаць, што гэта народ вырашыў.

А калі пэўны чалавек у сваім «эксперыменце» пайшоў супраць волі людзей, выяўленай у законе, і прымусіў да працы людзей, — так не павінна быць. Падобныя дзеянні, вядома, не законныя, і больш нагадваюць нейкі артыкул крымінальнага кодэксу, ад самаўпраўства да карупцыі.