Общество
Сямён Печанко

«Пайшоў партызанскі камандзір да калегі з суседняга атрада, а той яму ў патыліцу стрэліў»

Былы старшыня Карэліцкай Рады БНФ дзясяты год дабіваецца справядлівага ўшанавання памяці камандзіра партызанскага атрада. Падрабязнасці ў рэпартажы «Салідарнасці».

У канцы красавіка я натрапіў у інтэрнэце на артыкул пра прэзентацыю манаграфіі «Вызваленне Беларусі. 1943-1944».

На ёй прысутнічаў дэпутат парламента Андрэй Навумовіч.

— У Беларусі няма такога месца, дзе не аддавалася б даніна любові і глыбокай павагі героям Вялікай Айчыннай вайны. Сучаснае і будучыя пакаленні павінны зрабіць усё, каб не згасла памяць аб мінулым і аб тых, хто прынёс вызваленне беларускай зямлі, — прамаўляў на імпрэзе дэпутат.

Цікавае супадзенне: той артыкул трапіў мне на вочы акурат тады, калі я збіраўся на радзіму, у Карэліцкі раён, адкуль паходзіць і Андрэй Навумовіч. Мяне запрасіў зямляк, былы раённы старшыня БНФ. Аляксандр Самец дзясяты год дабіваецца справядлівага ўшанавання памяці партызанскага камандзіра, забітага калегам з суседняга атрада.

«Як гэта можа быць, каб партызанскі камандзір ляжаў у асоце?»

Для Аляксандра Самца гэтая гісторыя пачалася 10 год таму з публікацыі ў «Народнай волі» пра выпуск кнігі «Памяць», прысвечаны Карэліцкаму раёну. З таго артыкула ён і даведаўся пра трагічны лёс партызанскага камандзіра Дзмітрыя Семянцова. Гісторыя ўзрушыла яго: «Як гэта можа быць, каб партызанскі камандзір ляжаў у асоце?».

Мой зямляк правёз мяне па мясцінах, наўпрост звязаных з гібеллю партызана.

Спыніліся на палявой грунтовай дарозе паміж вёскамі Новае Сяло і Вялікая Слабада. Узбоч дарогі прытаілася сажалка, зарослая па берагах кустоўем і альхой.

— Вось тут ляжыць камандзір, — паказаў у бок пажухлага бур’яну Аляксандр Самец.

Ён пераказаў мне падрабязнасці, пачутыя ад мясцовых жыхароў.

...Ад вясны 1942 года на тэрыторыі сучаснага Карэліцкага раёна пачалі стварацца партызанскія атрады. Адным з іх кіраваў Дзмітрый Дзенісенка, другім — Дзімтрый Семянцоў.

У снежні таго года іх шляхі трагічна перасякліся ў вёсцы Новае Сяло ў хаце тутэйшага жыхара Ламана, у якой Дзенісенка забіў Семянцова стрэлам у патыліцу.

Цела забітага, нягледзячы на просьбу гаспадара хаты пакінуць у яго для пахавання, партызаны Дзенісенкі паклалі на воз і павезлі ў невядомым накірунку.

Раніцай забітага, кінутага ў снезе ў адной бялізне пры дарозе, каля хутара Пратасевічаў знайшлі мяцовыя жыхары.

Яны і пахавалі Семянцова тут жа, пад прыдарожнай вярбой. Пасля колькі гадоў дзяўчына з вёскі Тарасавічы Ірына Сілко даглядала магілу партызана, пакуль не з’ехала на вучобу ў 50-х гадах. Яна і падказала месца пахавання Аляксандру Самцу. За магілай у свой час глядзела таксама хутаранка Валянціна Пратасевіч.

На сёння магіла не захавалася, але мясцовыя памятаюць месца пахавання.

Кім былі забойца і яго ахвяра?

Дзмітрый Семянцоў быў ураджэнцам Пермскага краю, на радзіме да вайны працаваў загадчыкам сельскага клуба. На Карэліччыне апынуўся, калі выходзіў з акружэння.

Запіс пра атрад Семянцова ў кнізе «Памяць»

— Мясцовыя кажуць, Семянцоў запомніўся тым, што мог спець прыгожа, вясёлы быў, гуртаваў вакол сябе людзей. І аўтарытэтны быў чалавек, яго слухаліся і паважалі, — расказаў зямляк.

Дзмітрый Дзенісенка, або Міцька, як празвалі яго мясцовыя, таксама быў расейцам, паходзіў з Краснадарскага краю. Як і Семянцоў, быў акружэнцам.

Дзмітрый Дзенісенка (злева) на фота ў часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі» за 1959 год. Пасля вайны ён працаваў старшынёй калгаса пад Навагрудкам

На адным з сайтаў, прысвечаных расійскім казакам, знаходжу пра яго такую інфармацыю: «Дмитрий Анисимович Денисенко, бывший боец 6-й кавалерийской Кубано-Терской казачьей дивизии имени С.М.Буденного. В июне 41-го он попал в плен. 5 мая 1942 г. группа пленных во главе с Денисенко ушла в Налибокскую пущу, где присоединилась к партизанскому отряду. Уже в августе 1942 г. Дмитрий Анисимович был назначен командиром отряда».

Афіцыйна: Расстраляў за рабаўніцтва

У 1977 годзе ў Беларусь прыязджала Ніна Семянцова, сястра забітага партызана. Па яе хадайніцтве Вайсковая пракуратура правяла праверку. Пра вынікі следства мы можам даведацца, дзякуючы адказу з Беларускай вайсковай пракуратуры на запыт журналіста Анатоля Чачоткі, зроблены ў пачатку 2000-х.

Адказ з Вайсковай пракуратуры

Паводле афіцыйных высноваў пракуратуры, Дзенісенка застрэліў Семянцова па загадзе кіраўніцтва Баранавіцкага партызанскага злучэння нібыта за адабраныя ў аднаго з мясцовых папоў ботаў і адзення. Паводле правілаў вайсковага часу такі ўчынак не лічыўся марадзёрствам, адзначылі ў пракуратуры. Забойства Семянцова расцанілі, як службовае воінскае злачынства, але забойцу не пакаралі — ён трапіў пад амністыю.

Цікавая акалічнасць: у 1977-м пракуратура не здолела знайсці звесткі пра службу Семянцова ў войску да вайны. Таксама ў архівах нібыта не знайшлося звестак пра яго партызанскую дзейнасць на тэрыторыі Карэліччыны. У адказе гаворыцца, што на тэрыторыю Беларусі ён трапіў пры невесветленых абставінах.

«Матывы ляжаць у магілах»

Мясцовыя жыхары не вераць у версію пракуратуры. Па іх словах, боты ў бацюшкі адабраў іншы парызан, якога Міцька за гэта і застрэліў яшчэ да таго, як забіў Семянцова. Аўтары артыкула ў «НВ» ставілі пад сумнеў словы забойцы пра загад кіраўніцтва Баранавіцкага партызанскага злучэння, бо, маўляў, на той час яго яшчэ проста не існавала.

Пра сапраўдныя прычыны забойства ўжо ніхто не раскажа. Дзмітрыя Дзенісенкі ўжо колькі год няма ў жывых.

— Матывы ляжаць у магілах, — кажа Аляксандр Самец, які спрабаваў даведацца праўду.

Па адной з версій, перад камандзірамі атрадаў паўстала перспектыва аб’яднання. А тут вядома, якая справа: было два атрады — стане адзін, адпаведна, і камандзір патрэбны адзін. Забойства канкурэнта вырашала гэтую дылему.

— Я звяртаўся да былога карэліцкага ваенкама, з гучным прозвішчам Гагарын. Ён, дарэчы, таксама з Пермскага краю. Казаў яму, няўжо вам нецікава, гэта ж ваш зямляк. А ён мне з усмешкай: «Ищите женщину».

Нібыта камандзіры не падзялілі мясцовую дзяўчыну, на якой Семянцоў збіраўся ажаніцца. У той вечар да яе і пайшоў бы, каб не сустрэча ў Новым Сяле.

У музеі Героя Савецкага Саюза адвальваецца дах

Наступнай кропкай нашага маршрута стала вёска Ярэмічы. Тут, каля мясцовай школы, стаіць абеліск з шыльдай, на якой пазначаныя партызанскія брыгады, што ваявалі на тэрыторыі раёна ў гады вайны. Шыльда гэтая з сакрэтам, які сведчыць, што камандзір Дзенісенка нажыў сабе ворагаў сярод мясцовых вяскоўцаў.

Падрабязнасці нам расказаў знаёмец Самца — ярэміцкі пенсіянер Леанід Рыжкоўскі, якога мы сустрэлі ў вёсцы. Ён нарадзіўся пасля вайны, але гісторыю сваёй мясцовасці ведае выдатна.

— Кажуць, Міцька за свае грошы той абеліск паставіў. І спярша на таблічцы было яго імя, як камандзіра 1-й Беларускай коннай партызанскай брыгады. Але шыльду нехта хутка растоўк. На новай ужо не было прозвішча, толькі назвы брыгадаў, — расказаў Леанід Мікалаевіч.

Распыталі i жонку гаспадара Людмілу, якая працавала ў вясковым музеі Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Царука, ураджэнца Карэліччыны. У часе вайны ён кіраваў Стаўбцоўскім партызанскім злучэннем пад мянушкай «дзядзя Валодзя».

Музей месціцца ў пабудаванай пасля вайны на котлішчы Царукоў хаце. За час дзейнасці ён некалькі разоў мяняў уласніка — то падпарадкоўваўся раённаму краязнаўчаму музею, то пераходзіў на баланс мясцовага калгаса.

— У 1999-м адзначылі 100-годдзе Царука, а на наступны год музей зачынілі, — расказала былая загадчыца.

У найлепшыя часы ўлетку за дзень да яе прыходзіла па тры экскурсіі, ехалі з Мінска.

— Цяпер людзі іншыя. Моладзь такім не цікавіцца, у яе свае інтарэсы, — уздыхнула Людміла Рыжкоўская.

На сцяне былога музея па-ранейшаму вісяць шыльды — адна часоў БССР, другая — сучаснай Беларусі. Сама хата пакрысе занепадае: правальваецца дах, двор зарастае бур’яном. Куды лепш выглядае бюст Царуку ў цэнтры Ярэмічаў: помнік ззяе, вакол разбітыя акуратныя клумбы.

«Загінуў у перастрэлцы з гітлераўцамі»

Публікацыя ў «Народнай волі» мела свае наступствы. У вёсцы Сіняўская Слабада на стэле ў гонар палеглых у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі дабілі прозвішча Семянцова.

Вайсковыя пахаванні ў Сіняўскай Слабадзе

Гэта не адзіная недарэчнасць, звязаная з блытанінай у акалічнасцях гібелі партызанскага камандзіра. У інтэрнэце я знайшоў школьны рэферат, прысвечаны гісторыі партызанкі на Карэліччыне, напісаны старшакласніцай адной з мясцовых школ. У ім гаворыцца, што Семянцоў загінуў у жніўні 1942-га ў перастэлцы з гітлераўцамі. Рэферат грунтуецца на афіцыйных крыніцах: энцыклапедыях і даведніках.

Аляксандр Самец вырашыў паставіць кропку ў гэтай гісторыі. Але справа аказалася не такой і простай.

— Пасля той публікацыі я пайшоў да тагачаснага старшыні Саюза ветэранаў Леаніда Васілеўскага. Папрасіў зрабіць запыт у пошукавы батальён. А ён мне сустэчнае пытанне: «А ты ведаеш, колькі іх тут непахаваных ляжыць?».

Васілеўскі памёр, а новы старшыня, Віталь Шэўка, просьбу выканаў. Прыехалі службоўцы з батальёна, але нічога не знайшлі. Аляксандр Канстанцінавіч прыгадвае тую гісторыю з прыкрасцю:

— Мяне тады тут не было. Яны ўзялі з сабой бабулю, якая прыблізна ведала месца пахавання. То яна нават з машыны не выйшла, паказала кудысьці пальцам, вайскоўцы трошкі пакапалі там і паехалі ні з чым.

Потым мой зямляк займаўся асабістымі справамі і да мінулага года да гэтай гісторыі не вяртаўся.

— Летась я ўзяўся за старое. Прыйшоў у ваенкамат, папрасіў зрабіць новую заяўку. Там мяне накіравалі чамусьці ў ідэалагічны аддзел райвыканкама. З аддзела вярнулі назад у ваенкамат, — расказаў Аляксандр Канстанцінавіч.

Ён вырашыў хадзіць да ваенкома і чыноўнікаў пакуль яны не выканаюць яго просьбу. Праз колькі месяцаў яны здаліся. У пачатку вясны яму паведамілі, што ў канцы красавіка ў раён мусіць прыехаць пошукавы атрад

У прызначаны дзень мой зямляк прыйшоў у ваенкамат, каб паслухаць пра планы вайскоўцаў. Там ён даведаўся, што ягоная дзесяцігадовая эпапея хутка можа завяршыцца:

— Сказалі, што зараз батальён працуе на тэрыторыі Гродзеншчыны. У нашым раёне будуць у верасні, у планах —пошукі ў ваколіцах вёскі Вялікая Слабада. То бок, на месцы пахавання Дзмітрыя Семянцова.

На гэтым месцы мусіць быць помнік Семянцову, лічыць жыхар Карэлічаў Аляксандр Самец

— Знойдуць парэшткі камандзіра ці не — будзе вядома ў верасні. Але месца гэта павінна быць ушанавана ўсталяваннем адпаведным помнікам. Хоць і праз больш чым 70 гадоў свядомага забыцця, — падсумаваў Аляксандр Самец.

«Салідарнасць» вернецца да гэтай гісторыі ў верасні, каб паведаміць сваім чытачам пра вынікі працы пошукавага атрада.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)