Политика

«Пагрозу незалежнасьці стварыў сам Лукашэнка»

Рэдактар ARCHE Валер Булгакаў у інтэрв’ю Радыё Свабода заяўляе, што ня бачыць у Беларусі адзінага народу, дзівіцца прапановам гуртавацца з лукашэнкаўцамі і тлумачыць, якую пагрозу можа несьці разнастайнасьць.

Фото «Пул №3»

— Зараз, калі апазыцыя абмяркоўвае варыянты новых дзеяньняў у абарону незалежнасьці Беларусі, гучаць галасы, што трэба больш актыўна выходзіць ня толькі на апазыцыйныя і дэмакратычныя колы, запрашаць на гэтыя акцыі ня толькі «бел-чырвона-белых», але і прадстаўнікоў «чырвона-зялёнай» часткі нашага грамадзтва. Наколькі такая пастаноўка пытаньня мае падставу і ў тактыцы (гэтых канкрэтных акцыяў), і ў больш працяглым стратэгічным сэнсе?

— Гэтая ўстаноўка добра кладзецца на самую стратэгію апазыцыйнай актыўнасьці, якую назіраем апошнія некалькі гадоў. Стаўка ўжо ня робіцца на рэвалюцыйны сцэнар, які прадугледжваў зрынаньне існага ладу.

Цяпер гаворка ідзе аб працы ў пэўным мяккім рэжыме, без рэвалюцыйных памкненьняў, які прадугледжвае камунікацыю з тымі сіламі, якія рэальна ўтрымліваюць у Беларусі ўладу.

Што да канкрэтнага гэтага сюжэту, то ў мяне такая стратэгія будзіць пэўныя засьцярогі. Найперш — пагрозы незалежнасьці (хаця часам яны і паранаідальна разьдзьмутыя) ідуць менавіта з той грамадзка-палітычнай лініі, якую праводзіць у жыцьцё Аляксандар Лукашэнка.

Гэта ён стварыў «саюзную дзяржаву», гэта ён дамаўляўся пра супольную валюту і парлямэнт, гэта ён стварыў такую сацыяльна-эканамічную мадэль, якая ня можа эфэктыўна працаваць без расейскай сыравіны і энэргетычных датацыяў.

На маю думку, калі апазыцыя сапраўды хоча дасягнуць такога стану, пры якім ня будзе існаваць пагрозы незалежнасьці, то трэба патрабаваць найперш скасаваньня ўсіх заключаных з Расеяй інтэграцыйных дамоваў. А не гуртавацца з лукашэнкаўцамі напярэдадні чарговага крызісу, калі Расея ня хоча прадаваць энэрганосьбіты па тых цэнах, якіх дабіваецца Лукашэнка.

— Але як з гэтай прыгожай фразай «мы адзіны народ»? Ці яна проста добрае пажаданьне, рытарычная фігура?

— «Адзінага народу» я папросту асабліва ня бачу. Мы адно насельніцтва. Але насельніцтва вельмі непадобнае. Яно гаворыць на розных мовах, мае розныя геапалітычныя арыентацыі, вызнае розныя ідэалёгіі.

І гэта адна з прычынаў таго, што намі кіруе Лукашэнка, які здолеў спрытна выкарыстаць у палітычных адносінах гэтую разьяднанасьць, незгуртаванасьць беларусаў.

Таму калі кіравацца стандартным гуманітарным інструмэнтаром — то так, існуе беларускі народ. Але гэты народ ня мае знаку нацыі, які мы назіраем у Эўропе. Гэта досыць спэцыфічнае ўтварэньне.

І калі мы падыходзім да вызначэньня палітычных стратэгіяў, то мусім задумацца, чаго хочам дасягнуць і якімі мэтадамі. Калі гучыць такая рыторыка, то з аднаго боку — яна будзіць палітычны энтузіязм, але зь іншага — яна гранічна непразрыстая, неканкрэтная і таму можа дэзарыентоўваць.

— Маем канкрэтную сытуацыю, калі апазыцыя заклікае людзей прыйсьці на акцыі за незалежнасьць. Першыя два дні ў такіх акцыях брала ўдзел ня так шмат народу. Як бы вы ацанілі спрэчкі, якія ідуць у апазыцыйным асяродку — ці варта выстаўляць мякчэйшыя, памяркоўныя лёзунгі, ці трэба казаць адкрыта, што «Расея — агрэсар» — і гэта ня будзе нейкім радыкальным лёзунгам?

— Я проста не разумею да канца, прычым тут Расея. Гэтую сытуацыю не Расея стварыла. Яе стварыў Лукашэнка сваёй палітыкай збліжэньня з Расеяй. Само такое мысьленьне проста пазначае пэўнымі спэцыфічнымі этыкеткамі ідэалягічных ворагаў.

Расея проста адзін з гульцоў, адна зь сілаў, якая бярэ ўдзел у палітыцы рэгіёну. Калі мы кажам, што Расея нясе небясьпекі — гэта азначае, што мы падтрымліваем тыя мадэлі адносінаў з Расеяй, якія выбраў Лукашэнка.

Таму такія разважаньні вісяць у паветры. Расея — гэта рэгіянальная сіла, якая хоча адстойваць свае геапалітычныя інтарэсы. Але самую сытуацыю, калі фактычна штогод беларуская незалежнасьць ставіцца пад пытаньне, не Расея стварыла. Гэтая сытуацыя створана пасьлядоўнай палітыкай беларускіх уладаў у кірунку надзвычайнай інтэграцыі беларускай эканомікі з Расеяй.

Я бачу тут пэўную паранаідальнасьць, пра якую пісаў Арцём Шрайбман, бо нейкіх сапраўдных выклікаў у сьнежні 2019 году для беларускай незалежнасьці не відаць. Ёсьць нейкія грамадзкія страхі, якія, па-мойму, выкарыстоўваюцца з пэўнымі грамадзкімі мэтамі.

І ёсьць поўная дэзарыентацыя, што рабіць. Так, можна гуртавацца з лукашэнкаўскімі, каб бараніць незалежнасьць. Але ці мае гэта сэнс, калі сама мадэль акурат гэтымі лукашэнкаўцамі і створаная, і нічога не паказвае на тое, што яна будзе перагледжаная ў цяперашні час.

— Вы дзівіцеся, чаму беларуская апазыцыя выступае цяпер зь лёзунгамі за незалежнасьць, а ня супраць цяперашняй улады, якая і стварае пагрозу незалежнасьці. Але, здаецца, адказ на гэтае пытаньне даволі празрысты — цяпер антырасейскія лёзунгі могуць быць даволі прымальна ўспрынятыя ўладай, і ў тым ліку сілавымі структурамі.

— Апазыцыя ў кожнай краіне змагаецца за ўладу. Але ў нас атрымліваецца, што апазыцыя змагаецца супраць Расеі. Але Расея ня ёсьць суб’ектам беларускае палітыкі.

Мы нібыта мусім згуртавацца з палітычным беларускім рэжымам супраць Расеі, супраць штучна разьдзмутых пагрозаў, якія штогод укідваюцца ў інфармацыйную прастору.

Такая стратэгія не прынясе ніякага выніку, апрача нейкіх тактычных здабыткаў. Тысяча чалавек выйшла — але ці тая гэта сіла, якой Расея спалохаецца? Ці сапраўды ў Крамлі сядзяць такія баязьліўцы, якіх можна напалохаць фатаграфіяй пары сотняў беларусаў са сьцягамі ў цэнтры Менску?

— Вы ў пачатку размовы сказалі, што адзінага народу ў Беларусі асабліва ня бачыце. Але наколькі гэта ўнікальна беларуская зьява? Можна прывесьці дзясяткі тэкстаў пра тое, як сёньня разьяднанае амэрыканскае грамадзтва, як яно разьбягаецца ў розныя радыкальныя бакі, як там няма згоды ў самых падставовых пытаньнях. Дык наколькі ўнікальная «неадзінасьць» беларусаў?

— Я схільны разглядаць беларускую сытуацыю не праз прызму заходніх грамадзтваў, якія ў асноўным заўсёды былі імпэрыямі, мелі свае калёніі. Я Беларусь бачу ў постсавецкім кантэксьце. Пасьля развалу СССР нам дасталася надзвычай дэкансалідаванае ў пляне ідэнтычнасьці грамадазтва, якое застаецца расколатым і фрагмэнтаваным. Гэтыя падзелы не былі сьцёртыя, а магчыма, нават штучна павялічаныя.

І гэта адна з прычынаў таго, чаму Беларусь патрабуе «цьвёрдае рукі». Бо людзям, якія надзвычай розныя, падзяляюць часам процілеглыя каштоўнасьці, — ім часам цяжка ўжыцца ў адной краіне.

У гэтым сэнсе Беларусь не ўнікальная. Нешта падобнае можна было назіраць ва Ўкраіне, Казахстане, Эстоніі, Латвіі. Усім гэтым краінам давялося прайсьці праз пэўныя выпрабаваньні на шляху свайго дзяржаўнага будаўніцтва.

У Беларусі сытуацыя штучнай палітычнай замарозкі, калі галасы многіх групаў насельніцтва проста не прэзэнтаваныя, ня выражаныя на высокім палітычным узроўні. Калі гэта нарэшце адбудзецца, то можна чакаць новых непрыемных канфліктаў.

Таму разнастайнасьць — з аднаго боку, вельмі каштоўная і важная рыса. Зь іншага боку, у аўтарытарных грамадзтвах, дзе зацягнутыя працэсы грамадзкіх трансфармацыяў, дзе няма палітычнай канкурэнцыі, — там разьдзеленасьць і фрагмэнтарнасьць можа служыць і кепскую службу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(26)