Общество

Наталля Лубнеўская, фоты і відэа Волі Афіцэравай, nina.nn.by

Паглядзіце, як мужчыны пад Добрушам працуюць даяркамі

У гаспадарцы «Чырвоная Буда», што ў Добрушскім раёне, працуе 63 даяркі. 7 з іх — мужчыны. Чаму яны выбралі такую прафесію, ці не смяюцца з іх сябры, якія заробкі ў сельскай гаспадарцы і як даяры адрозніваюць кароў — у палявым рэпартажы.

На поўдні Беларусі ў гэтыя дні сапраўдная спёка. Паветра распалілася амаль да 30 градусаў і ад гарачыні ратуе толькі кандыцыянер у машыне і марозіва (яно ў мясцовых крамах пераважна расійскае).

На поле нас суправаджае галоўны заатэхнік Алена Лоева. Пакуль едзем, расказвае пра маштабы гаспадаркі (1740 дойных кароў, якія ў суткі даюць 25,5 тоны малака) і кірункі дзейнасці — апроч іншага, тут займаюцца пчалярствам і свінагадоўляй.

— Хутка свінаматку на выстаўку павязём. Гэта буйная белая парода — адзіная ў нас засталася. У іншых гаспадарках на пароду «дзюрок» перайшлі. Але наша большы прыплод дае — не 8-9 парасят, а 16. І калі дзюрок — мясная, то буйная белая — сальная, — знаёміць з тонкасцямі свінагадоўлі Алена Лоева.

Удалечыні ад дарогі ляніва пасвяцца каровы. Улетку яны жывуць на полі кругласутачна. Статак ахоўваюць даглядчык жывёлы і нацягнуты дрот. Даяр Саша Пузікаў у бандане, ён ужо прыгнаў на ровары на абедзенную дойку. Сам ён з суседняй вёскі Дубраўка, у гаспадарцы працуе каля пяці гадоў.

— Дагэтуль у Гомелі жыў, у жонкі. Працаваў там і на бойні, і грузчыкам, і на «сельмашы». А цяпер жонка з іншым жыве, я і вярнуўся ў Дубраўку, тут дом застаўся, мамка.

Некалі Саша вучыўся на трактарыста, але, кажа, пры пераездзе недзе згубіў правы, а аднавіць складана — трэба ўсё па новай здаваць. А тут пачуў, што патрэбны даяр — вось і пайшоў. Работа толькі для жанчын? «Ды не, годная прафесія», — лічыць мужчына.

У яго «падначаленні» — 50 кароў. Ласуня, Зорка, Тайна, Язмін…

— Як вы іх адрозніваеце?

— Па рагах, капытах… Яны ж усе розныя! — здзіўляецца такому пытанню Саша.

Дарэчы, мянушкі ў кароў, нават у розных статках, не паўтараюцца — для зручнасці ўліку ў электроннай сістэме. Называюць або па алфавіце, або на літару, на якую пачынаецца назва месяца, у якой цяля нарадзілася.

Вясковец расказвае пра свой працоўны графік. Падымаецца а палове на пятую. Першая дойка а 6-й гадзіне, абедзенная а 13-й, вячэрняя — а 20-й. Аддаіліся, памыліся, усё прыбралі — і дадому.

— Ізольда, ідзі! — падганяе Саша карову ў стойла. Пакуль жывёла есць муку, чапляе да вымя даільны апарат, падобны да васьмінога. Кажа, адна карова за раз можа даць і тры, і дзесяць літраў малака. Заробкі залежаць ад надояў. Апошнія разы мужчына атрымліваў 300-400 рублёў. Не скардзіцца — хапае.

— Ці можна куды яшчэ працаўладкавацца, не ведаю. Суседзі? Адзін вартаўнік, другая — дачніца, а то пенсіянеры.

Ад папярэдняга шлюбу ў Сашы засталіся дзеці, жывуць разам са сваёй маці ў горадзе. «Дзве дзеўкі. Адной 18, другой 8. Калі як прыязджаюць. Цяпер канікулы, мо, часцей у гасцях будуць».

Другі раз мужчына так і не жаніўся. «Пакуль не хачу», — усміхаецца 45-гадовы даяр.

Тое, што ў Дубраўцы і Чырвонай Будзе працу не знайсці, акрамя як у сельскай гаспадарцы, пацвярджае і галоўны заатэхнік.

— Вось у Церахоўцы хлебазавод свой, у людзей перспектыва ёсць. У Насовічах — лясніцтва, дзіцячы садок, прытулак, школа… Цягнікі адтуль ходзяць, можна ў горадзе працаваць — у Гомелі, Добрушы.

Мужчыны-аператары машыннага даення для гэтых мясцін насамрэч не нонсэнс. Яшчэ за савецкім часам на племянным заводзе раёна працаваў даяр Канстанцін Хлябцоў — Герой Сацыялістычнай Працы. Напэўна, таму вяскоўцы не лічаць свой выбар прафесіі дзіўным.

Загарэламу даяру Юрыю Рабцаву — 49. Як з арміі ў 90-х прыйшоў, так каровамі і займаецца. Ужо тады ў гаспадарцы была апаратная дойка, але ручную, запэўнівае мужчына, ён таксама асвоіў.

— Сябры з маёй прафесіі не смяяліся — а што тут такога? — спакойна ставіцца вясковец.

Яго бацькі ўсё жыццё адпрацавалі жывёлаводамі ў калгасе. Юрый адвучыўся на трактарыста. Але быць ім не захацеў — мець справу з жывёламі спадабалася больш, чым з тэхнікай.

— Жонка таксама працуе даяркай, са мной на адным статку. Не, не надакучылі адзін аднаму, — усміхаецца мужчына.

Сам Юрый з Чырвонай Буды. Некалі трымаў кароў, але зараз гаспадаркі ўжо няма, усё пазбываў — толькі куры засталіся.

— Цяпер выгадней купіць, чым сваё пратрымаць, — разважае.

— Але ж сваё смачнейшае…

— Мы ў калгасе малако бяром, там нядрэннае. Літр на тыдзень купляю, больш не трэба, жонка не ўжывае. І мяса нам выдзяляюць — па сем кілаграмаў кожны месяц. З заробку грошы за гэта не вылічваюцца.

Сярод даяроў ёсць і маладыя хлопцы. Вось Вове Балбушаву 30. Жыве ў вёсцы Антонаўка, за тры кіламетры адсюль.

Адукацыя Уладзіміра — 9 класаў школы. Успамінае, што паступаць у ліцэй ці каледж спачатку не хацеў, а потым ужо не рашыўся. Першая работа — слесар у сельскай гаспадарцы. Пасля перавёўся на даяра.

— Любіміцы сярод кароў? Ёсць, канечне. Фрэйліна, Фрэска і Шарык — яны да мяне прывязаліся.

— Шарык? — здзіўляемся мянушцы.

— Ну яна поўная была, таму так і назвалі.

Ад гаспадаркі Уладзімір атрымаў катэдж. Засяліўся туды разам з жонкай і дачкамі-школьніцамі.

— У горадзе я б не змог жыць, да вёскі ўжо прывык. Тут усё сваё, купляць нічога не трэба. Вырошчваем і бульбу, і цыбулю, і капусту, і памідоры. Надзел 10 сотак. Свінні ёсць, куры. А малако купляю ў краме — дзеці не п’юць гэтае. Сам таксама магазіннае люблю.

Ні бара, ні кафэ ў Антонаўцы няма — адпачываць вяскоўцы выбіраюцца ў суседнія Насовічы. Кінатэатр? Найбліжэйшы — у Гомелі. «Даўно ў кіно ездзіў, у гэтым годзе не быў яшчэ ні разу», — прызнаецца малады чалавек.

Яго жонка працуе ў школе вахцёрам — «на званках сядзіць». Заробак невялікі. Уладзімір кожны месяц атрымлівае па-рознаму.

— Бывала і пад тысячу рублёў, а зараз 400 толькі. Не хапае, але выкручваемся.

З металічных вёдраў Вова пералівае малако ў цыстэрну. Пасля ўсё гэта адвязуць у халадзільнік на ферму, астудзяць да чатырох градусаў і прададуць на гомельскую «Мілкавіту». А даяры, стомленыя дзённая спёкай, раз’едуцца па дамах, каб адпачыць і праз некалькі гадзін зноў вярнуцца на поле да сваіх Рагуль, Нін і Ален.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(12)