Общество
Аляксей Траецкі

Паэт, пісьменьнік i палітык (фота)

Першымі прэміямі імя Васіля Быкава ўганараваныя Рыгор Барадулін, Уладзімер Арлоў і Павал Севярынец. Прадстаўніца ўладаў прыгразіла звольніць наглядчыцу музэю, ля якога адбывалася цырымонія.

Прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава заснаваная рухам “За свабоду”, які Міністэрства юстыцыі ўпарта не жадае рэгістраваць. Сёлета яна ўручаная ўпершыню. Ляўрэатаў вызначала журы, у склад якога ўвайшлі Генадзь Бураўкін, Івонка Сурвіла, Аляксей Марачкін, Сьвятлана Алексіевіч, Сяргей Навумчык ды іншыя вядомыя асобы.

У гэтым годзе прэміяй уганараваныя Рыгор Барадулін, Уладзімер Арлоў і Павал Севярынец. Яны атрымалі статуэткі “За свабоду думкі”, якія зрабіў скульптар Віктар Копач, і дыплёмы.

Цырымонія адбылася ў вёсцы Бычкі, дзе знаходзіцца хата-музэй знакамітага пісьменьніка. На яе прыехалі каля ста чалавек, у тым ліку ўдава і сястра пісьменьніка.

“Адзначылася” ў Бычках і мясцовае кіраўніцтва. Намесьніца старшыні Вушацкага райвыканкаму Вольга Карчэўская прыгразіла звольніць з працы наглядчыцу музэя Антаніну Быкаву, удаву малодшага брата пісьменьніка. Падставай для гэтага з’явілася тое, што яна нібыта пусьціла наведвальнікаў у хату без квіткоў. Аднак насамрэч 26 чэрвеня музэй выканаў ці не квартальную норму па прыбытках, бо ўсе, хто прысутнічаў на імпрэзе, заплацілі за ўваход.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)