«Падзякуй яшчэ, што цябе рэабілітавалі»

Як дзеці рэпрэсаваных адмываюцца ад кляйма «вораг народу».

Беларуская сям’я Сілівончыкаў праз сталінскія рэпрэсіі дзясяткі гадоў пражыла ў выгнаньні. 68-гадовая Рэгіна Сілівончык дамаглася рэабілітацыі бацькі, сябе самой, брата і сястры. Іхная маці выбачэньняў ад дзяржавы так і не дачакалася.

Сілівончыкі — з патомнай гомельскай шляхты

— Над нашай сям’ёй увесь час вісела нібыта нейкае пракляцьце, — пачынае свой доўгі аповед Рэгіна Сілівончык. Дзяды-прадзеды — шляхоцкага роду — паходзяць з Гомельшчыны. Як узгадвае спадарыня Рэгіна, у вёсцы бабцю гэтак і называлі — Наста-шляхцянка.

Маці Валянціна Сілівончык (справа) з дачкой Рэгінай і роднымі перад выездам у Сібір

Бацька Мікалай Сілівончык па вяртаньні зь нямецкага палону

Рэпрэсіі ў 1930-я гады абмінулі сям’ю, але абрынуліся на яе адразу пасьля вайны.

— Мой бацька, Мікалай Сілівончык, перад вайной на выдатна скончыў сямігодку. Яму было 17 гадоў, і таму на фронт не патрапіў. Але два гады быў сувязным у партызанскім атрадзе, дзе камандаваў дзедаў зяць Лявон Рудабелец, — распавядае спадарыня Рэгіна. — У 1943 годзе немцы палявалі на сям’ю Рудабельцаў, і бацька дапамагаў ім уцякаць. Тады яго і схапілі, адправілі ў лягер у Бабруйск. Там ён спрабаваў арганізаваць уцёкі, і яны ўдаліся — шмат вязьняў уцяклі. Але бацька быў апошнім, і яго схапілі, а неўзабаве вывезьлі на працы ў Францыю.

Мікалай Сілівончык працаваў у палоне, пакуль у канцы вайны ўсіх вязьняў ня вызвалілі ангельска-амэрыканскія войскі. Спадарыня Рэгіна ўзгадвае аповеды бацькі, як вайскоўцы запрашалі яго ехаць у Амэрыку і папярэджвалі, што на радзіме чакае расправа. «

— Але тата быў малады, дома заставаліся родныя, і ён ірваўся на радзіму, — кажа дачка.

«Увесь час у кашулі амэрыканскага вайскоўца хадзіў»

Па вяртаньні з Францыі Мікалай Сілівончык паехаў у Полацак, дзе скончыў энэргатэхнікум, а затым чатыры гады будаваў электрастанцыю на Любаншчыне. Там і пазнаёміўся ды ажаніўся з Валянцінай — маці спадарыні Рэгіны.

— Мой дзядзька Павал Сілівончык прайшоў усю вайну і у той час працаваў старшынём Слуцкага райвыканкаму. Ён і паведаміў тату, маўляў, „Мікалай, уцякай — цябе арыштуюць“. Але тата гэта прыхаваў, пэўна, меркаваў, што ні ў чым не вінаваты і баяцца няма чаго. Ён нават увесь час хадзіў у кашулі амэрыканскага жаўнера — не было чаго насіць, а яна цёплая была.

На лесапавале ў Сібіру

Мікалая Сілівончыка забралі ў лютаўскую ноч 1949 году і асудзілі на сем гадоў зьняволеньня. Спадарыня Рэгіна ўзгадвае цяжкія пакуты маці, якая цяжарная шукала, дзе трымалі вязьняў, каб разьвітацца з мужам, як хлусілі канвойныя, як ехала ўзімку на абледзянелым бярвеньні выпадковымі машынамі, але так і не пасьпела — «цялячыя» вагоны з асуджанымі адправіліся раней.

Дачка Рэгіна нарадзілася ўжо бяз бацькі, а калі дзіцяці было няпоўныя два гады, матуля выправілася зь ёю ў Сібір.

— Я пазьней пытала: «Мама, чаго ты паехала?» А яна адказвае: «Я яму слова дала». Шляхцянка.., — узгадвае спадарыня Рэгіна.

Рэгіна Сілівончык з маці і малодшай сястрой у Сібіру

У Сібіру Мікалай Сілівончык працаваў лесанарыхтоўшчыкам, геолягам, і сям’я пераяжджала з пасёлку ў пасёлак. Спадарыня Рэгіна шмат што памятае, але галоўнае гэта: «Памятаю толькі голад». Голад, холад і хваробы былі ў сям’і ўсе сем гадоў жыцьця ў Сібіру. У такіх умовах нарадзіліся сястра з братам. Вызвалілі бацьку ў 1955 годзе.

— Праз тыдзень пасьля вызваленьня мы зьехалі на радзіму, у Беларусь». Але дома сям’я пабыла ўсяго некалькі месяцаў: брат Павал ізноў папярэдзіў, што Мікалая прыйдуць забіраць. Праз тату дзядзьку Паўла пазбавілі пасады, ён ня змог абараніць доктарскую дысэртацыю з гісторыі і мусіў зьмяніць нават сваё прозьвішча.

Рэгіна Сілівончык з татам у высылцы ў Сібіру

Гэтым разам сям’я ўцякла ў Казахстан, дзе нарадзіўся малодшы брат і прайшлі доўгія 17 гадоў жыцьця. Вярнуцца на радзіму Сілівончыкі адважыліся толькі ў 1972 годзе: «Паклікаў нас Мікалай Рудабелец, сын таго партызанскага камандзіра. Ён нібыта пачуваўся вінаватым за зламаны лёс бацькі й усяе нашае сям’і», — мяркуе спадарыня Рэгіна.

— Ён дапамагаў неяк уладкавацца з жыльлём, працай, з вучобай — мы ж былі сям’ёй «ворагаў народу», для нас многія дзьверы былі зачыненыя.

Мікалай Сілівончык (зьлева) у высылцы зь іншымі рэпрэсаванымі

«Гэты сталінскі сатанізм нікуды ня зьнік»

Спробы рэабілітаваць сям’ю Рэгіна Сілівончык пачала зь першых месяцаў новай Беларусі — у 1991 годзе. Але ў КДБ ёй паведамілі: асабістая справа Мікалая Сілівончыка згубленая. Спатрэбіліся доўгія гады адшукаць сьведчаньні і сьведак пра партызанскі атрад, пра гвалтоўны вываз у Нямечыну, нават пра адбываньне прысуду ў Сібіру.

Дакумэнты давялося зьбіраць некалькі гадоў

І толькі ў 1995 годзе спадарыня Рэгіна дамаглася рэабілітацыі свайго бацькі:

— Яму быў 71 год, ужо слабое сэрца, я не хацела паказваць гэтую паперу, але сястра настаяла. І ён гэтую паперку пра тое, што ён невінаваты, чытаў увесь вечар: надзене акуляры і чытае, прачытае і ізноў надзяе акуляры, і зноў чытае. Ён памёр літаральна празь некалькі дзён, памёр з радасьцю. Гэта было ў 1995 годзе.

Шмат высілкаў жанчыне каштавала, каб яе, сястру і брата прызналі пацярпелымі ад рэпрэсіяў. Але маці, Валянціна Сілівончык, якая памерла летась, такога рашэньня ад дзяржавы так і не дачакалася — нібыта выехала ў Сібір «добраахвотна».

— Калі я выходзіла з судовага паседжаньня, то судзьдзя мне яшчэ пракрычала ўсьлед: «Падзякуй яшчэ, што цябе рэабілітавалі».

Рашэньне адмовіць маці ў рэабілітацыі

Рэгіна Сілівончык у студыі Свабоды

Гісторыю рэпрэсіяў і рэабілітацыі сваёй сям’і спадарыня Рэгіна пракамэнтавала гэтак: «Гэты сталінскі сатанізм нікуды ня зьнік. І так будзе заставацца, пакуль не адбудзецца пакаяньня, пакуль не абрынецца гэты рэжым».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)