Комментарии
Аляксандр Класкоўскі, «Наша Ніва»

Падвесілі, як кілбасы да Калядаў

Міністры замежных спраў Еўразвязу выказаліся за працяг прыпынення візавых санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў яшчэ на дзевяць месяцаў. Іначай кажучы, працягнулі выпрабавальны тэрмін. Толькі вось хто каго выпрабоўвае?

У міністраў, што сабраліся 16 сакавіка ў Бруселі, выбар быў невялікі. Скасоўваць санкцыі — за якія гэта подзвігі? Зноў абвяшчаць усю тую галерэю персанажаў неўязной (як таго дамагаліся пэўныя фігуры з апазіцыі)? Тады найболей імаверны сцэнар такі: тутэйшая вярхоўка — ах вы, … брусельскія! — учыняе Еўропе вялікі скандал з біццём посуду і, што самае сумнае, яшчэ мацней заціскае гайкі ў краіне.

Такі паварот сюжэту мы ўжо назіралі на пачатку 2008 года. Памятаеце: адзін за адным сталі выходзіць на волю палітвязні, але варта было працэсу даць збой на Казуліне — і пайшло новае мачылава: “справа 14” ды ўсё такое. Амерыканцаў павыганялі...

Далей: атрымаўшы адлуп ад Еўропы, тутэйшае начальства адпаведна скарэктуе і замежную палітыку.

“Хто выйграе, калі Лукашэнка пачне мацней сябраваць з Расіяй, Венесуэлай, Іранам?” — рытарычна пытаецца палітолаг Валер Карбалевіч.

Так што міністры палічылі за лепшае пагадзіцца на пралангацыю выпрабавальнага тэрміну. Прасцей кажучы, пытанне падвесілі — акурат да Калядаў, не раўнуючы як тыя кілбасы пад страхою :)

Гэта рашэнне ўразлівае для крытыкі, але яно выглядае цалкам лагічна ў межах распачатай летась новай палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі. Звышзадача — уцягнуць краіну ў еўрапейскія працэсы, нават калі даводзіцца рэдукаваць каштоўнасныя патрабаванні да рэжыму.

Зараз сітуацыя ні два ні паўтара. Нейкія жэсты Мінск усё ж зрабіў. Ва ўсякім разе, падстаў для пошуку агульнай мовы не меней, чым было пасля фармавання “стэрыльнай палаты”, а менавіта пасля тых нібыта выбараў, згадайма, і прыпынілі першы раз санкцыі :)

Іншае пытанне: хто каго выпрабоўвае? Падаецца, што гэта Лукашэнка даследуе, наколькі далёка сягае цярплівы прагматызм Бруселя. Ход з візітам у Ерэван з-пад носа ў еўракамісаркі Ферэра-Вальднэр — акурат такі тэст для ЕЗ: а гэту пігулку праглынеце? Хаця эпатаж тут не самамэта. Сімволіка ў тым, каб давесці Еўропе: вы мне тут дыктаваць не будзеце! Карацей, “палюбіце нас чорненькімі”!

“Лукашэнка адчувае, што Еўразвяз надзвычай зацікаўлены ў дыялогу з Беларуссю. Беларускі кіраўнік успрымае гэта як праяву слабасці, а ў такіх выпадках ён імкнецца даціснуць, накінуць свае ўмовы”, — лічыць Карбалевіч.

Праблема ў тым, што Брусель фактычна пагадзіўся на гульню ў адны вароты. Умовы першага выпрабавальнага тэрміну з яго вуснаў гучалі — ва ўсякім разе для шырокай публікі — занадта расплывіста.

З аднаго боку, зразумелая засцярога еўрапейскіх палітыкаў загнаць саміх сябе ў пастку спісам жорсткіх патрабаванняў. З іншага боку, калі дыялогу не надаць празрыстасці ды канкрэтыкі, то і другі выпрабавальны тэрмін можа стаць пшыкам.

Між тым дзевяці месяцаў цалкам дастаткова (дзве парламенцкія сесіі пройдуць!), каб прыняць змены ў выбарчае заканадаўства (кшталту: апазіцыя ва ўсіх камісіях), скасаваць адыёзны артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу (па якім адседзелі сябры “Партнёрства”, Дашкевіч), вярнуць у распаўсюд усе рэпрэсаваныя газеты.

Карацей, патрэбен рэалістычны спіс умоў. Калі ўжо яны там у сваім Бруселі так баяцца, то не абавязкова замацоўваць спіс некім бюракратычным рашэннем, але артыкуляваць гэту канкрэтыку — варта. А не так, як сп. Салана ў лютым: маўляў, усё, што трэ’ было сказаць, я яму на вушка сказаў…

Тады, дарэчы, і беларускаму начальству цяжэй было б адкручвацца ці наракаць, што Еўропа ўдарыла санкцыямі без дай нагоды.

Летась жа, глядзіце, Захад урэшце даціснуў у пытанні палітвязняў. Хаця многія не верылі, што Лукашэнка перасіліць сябе і выпусціць Казуліна датэрмінова. Фішка ў тым, што быў канкрэтны спіс, а не агульныя пажаданні, каб рэжым стаў мяккім ды пухнатым. І была зацікаўленасць рэжыму наладзіць дачыненні. Гэтая зацікаўленасць нікуды не падзелася і цяпер. Трэба на гэтым разумна граць.

Разам з тым, ангажаванне самой нашай краіны ва “Усходняе партнёрства” фактычна без аніякіх папярэдніх умоў выглядае ходам апраўданым.

Санкцыі супраць персаналій — гэта асобнае і, шчыра кажучы, дастаткова вузкае пытанне. А цягнік “Усходняга партнёрства” хай сабе тым часам пакрысе скранаецца з месца.

На станцыю прызначэння ён прыбудзе, магчыма, ужо ў новай гістарычнай сітуацыі. З іншымі персаналіямі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)