Общество
Аліна Машкова

Падручнік-невідзімка

Упершыню ў Беларусі выдадзеныя вучэбны дапаможнік і рабочы сшытак па кітайскай мове для вучняў 1 класа. Тым часам беларускамоўныя носьбіты ведаў пачалі знікаць у невядомым напрамку. На пачатку вучэбнага года ў сталіцы не далічыліся падручнікаў па беларускай літаратуры для 7 класа.

У некаторых класах падручнікаў не атрымалі ўвогуле, у іншых —вучні вымушаныя займацца па адной кнізе ўдвох, як у пасляваенныя гады, калі ў савецкай дзяржавы не хапала сродкаў на адукацыю. Але ж сённяшні размах Міністэрства адукацыі Беларусі ў выдавецкай справе ўражвае —яшчэ напрыканцы жніўня яно адрапартавала, што ў школы краіны дастаўленыя падручнікі 131 наймення агульным накладам 2 494 924 экземпляры.

Штогод спраўна выходзіць у свет падарунак кіраўніка дзяржавы першакласніку — вучэбны дапаможнік “Беларусь — наша Радзіма». А вось падручнік па беларускай літаратуры для 7 класа ў гэтым годзе не перавыдаваўся. «Не было такой патрэбы, — патлумачылі карэспандэнту «Салідарнасці» у метадычным цэнтры Міністэрства адукацыі. — Мы выдавалі яго ў 2003 і 2004 гадах. І на сённяшні дзень недахопу не павінна адчувацца — хіба гэта мала: 29 тысяч кніг на 18 тысяч сталічных семікласнікаў, нават з улікам таго, што частку падручнікаў атрымліваюць настаўнікі ды бібліятэкі, а 5 працэнтаў кніг штогод губляецца ці спісваецца? Наступнае выданне, згодна за планамі, чакаецца толькі ў 2009 годзе.

У Міністэрстве адукацыі карэспандэнту «Салідарнасці» таксама не змаглі патлумачыць, куды падзеліся падручнікі па беларускай літаратуры для семікласнікаў, але запэўнілі, што палітычнай падаплёкі ў гэтым знікненні шукаць не трэба. «Магчыма, хтосьці іх скраў па дарозе», — няўдала пажартавала дырэктар адной з мінскіх школ.

Але факт застаецца фактам. Настаўнікі самі нервуюцца з-за таго, што навучальны працэс ідзе не па планах, але супакойваюць вучняў, што сітуацыя з падручнікамі праз тыдзень-два выправіцца.

Набыць падручнікі ва ўласнае карыстанне ў Беларусі немагчыма. Міністэрства адукацыі распаўсюджвае іх цэнтралізавана і аддае вучням толькі ў арэнду. За бліжэйшы тыдзень бацькі (і семікласнікаў у тым ліку) павінны заплаціць за камплект падручнікаў — 50% ад яго кошту. Па пастанове Савета Міністраў, сродкі, атрыманыя за карыстанне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі, накіроўваюцца на штогадовае фінансаванне выдання і набыццё падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для фонда школьных бібліятэк.

Чыноўнікі сцвярджаюць, што гэткім чынам клапоцяцца аб эканоміі бацькоўскіх сродкаў.

— Насамрэч нас ужо колькі гадоў аблапошваюць, бо дзяржава зарабляе на выданні падручнікаў немалыя грошы, — упэўненая маці дваіх дзяцей Галіна Квяткоўская. — Абодва мае сыны вучацца па адной праграме. Два гады запар я «арэндую» адны і тыя ж падручнікі, аплочваючы такім чынам іх стопрацэнтны кошт. Потым падручнікі вяртаюцца ў бібліятэку. Вучні карыстаюцца імі па 5-6 гадоў. Так што ў дзяржаўную кішэню вяртаецца ўтрая больш сродкаў, чым выдаткоўваецца.

Гэта так. Міністэрства адукацыі прадугледжвае, як мінімум, пяцігадовы тэрмін карыстання падручнікамі. Але дзяцей у школах заклікаюць акуратна карыстацца дзяржаўнай уласнасцю. Некаторыя падручнікі «дажываюць» да васьмі гадоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)