Профсоюзы
Анастасiя ЗЕЛЯНКОВА

Падпiшыся за падпiску

Колькасць незалежных выданняў, на якія немагчыма будзе падпісацца праз паштовыя аддзяленні, павялічваецца. Днямі стала вядома, што ў падпісны каталог “Белпошты” на 2006 год не патрапілі “Наша Ніва” і шэраг рэгіянальных газет.

Нагадаем, што яшчэ раней з падпіснога каталогу былі выключаныя “Салідарнасць”, “Народная воля” і “Згода”. Падставай для гэтага кроку дзяржаўны манапаліст у сферы распаўсюджвання перыядычных выданняў па падпісцы назваў “эканамічную немэтазгоднасць”. Цікавая гутарка адбылася з гэтай нагоды паміж карэспандэнтам «Радыё Свабода» і выканаўцай абавязкаў генеральнага дырэктара “Белпошты” Ірынай Саксонавай. Апошняя параіла журналістцы звярнуцца па каментар у аддзел падпіскі. На заўвагу, што адпаведныя лісты газеты атрымалі менавіта за подпісам Саксонавай, тая заявіла: “Ці мала што я падпісвала”.

У сувязі з узніклай сітуацыяй ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звярнулася да чытачоў з заклікам выступіць у абарону сваіх правоў і ў падтрымку незалежных газет. Пратэсты і звароты трэба накіроўваць генеральнаму дырэктару РУП «Белпошта» (220050, г.Мінск, пр-т Незалежнасці, 10, тэл. 226-01-73, факс 226-11-70) і міністру сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь (220050, г.Мінск, пр-т Незалежнасці, 10, тэл. 227-38-61, факс 227-21-57). У лістах неабходна ўказаць пасаду адрасата, вашы прозвішча, імя, імя па бацьку і адрас, указанне на парушэнне вашых правоў выключэннем з падпіснога каталогу выданняў, патрабаванне забяспечыць выкананне беларускага заканадаўства, а таксама дату і подпіс. Акрамя таго, кожны можа ўнесці запіс у Кнігу заўваг і прапаноў у сваім паштовым ад-дзяленні. У адпаведнасці з прэзідэнцкім Дэкрэтам №2 ад 14 студзеня 2005 года «Аб удасканаленні працы з насельніцтвам» гэтая кніга павінна быць прад’яўлена па першым патрабаванні грамадзяніна, а прапановы і заўвагі — разгледжаныя на працягу 15 дзён. Такія асабістыя акцыі пратэсту ўжо пачаліся. Як паведамляе сайт БАЖу, горацкі незалежны журналіст Эдуард Брокараў пакінуў свае скаргі на адсутнасць «Народнай волі» ў «саюздрукаўскіх» шапіках Горак, суседняй Воршы і абласнога цэнтра.

На сёння пытанне, якім чынам “Салідарнасць” і іншыя выкінутыя за борт недзяржаўныя газеты будуць распаўсюджвацца ў 2006 го-дзе, застаецца адкрытым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)