Падлеткі-сіроты раскажуць, што такое дом, з тэатральных сцэн усёй краіны
У Лідзе вядомыя еўрапейскія харэографы Бэна Ворхам і Сібрыг Доктар распачалі міжнародны дабрачынны танцавальны праект «ДОМ». Унікальны спекталь пакажуць у шэрагу беларускіх гарадоў.

Ці можна забраць у чалавека ягоны дом? Што гэта – будынак, кавалак зямлі альбо эмоцыі і ўспаміны, якія можна спраектаваць на любое месца?
Адказ на гэтыя пытанні шукаюць выхаванцы Лідскага дзіцячага дома змешанага тыпу разам са шведскімі педагогамі Мадлен Бэкман і Бэна Ворхамам.
На працягу трох тыдняў дзяўчаты і хлопцы 12-16 гадоў будуць вучыцца тэхнікам імправізацыі і сучаснага танца.
Дзіцячыя рэфлексіі, гісторыі і мары на тэму “ДОМ” лягуць у аснову аднайменнай танцавальнай пастаноўкі. Падлеткі выступяць на адной сцэне з прафесійнымі танцорамі з Украіны, Малдовы, Беларусі і пад акампанемент (live) ды-джэя з Румыніі Ена Кароі.
Прэм’ера адбудзецца 13 верасня ў Лідзе на сцэне раеннага Палаца культуры. З 16 па 29 верасня танцавальны перформанс пабачаць жыхары Гродна, Шчучына, Брэста, Віцебска, Магілева, Гомеля, Мазыра і Мінска.
Важная частка кожнага спектакля – дыскусія з гледачамі.
Першы этап праекта “ДОМ” паспяхова прайшоў у Малдове і ва Украіне. У 2012-2013 гг.. каманда працавала з падлеткамі-сіротамі ў Кішыневе і Белгарад-Днястроўскім.
Праект ладзіцца пры падтрымцы Шведскай паштовай латарэі і Шведскага інстытута.
І разам з тым на этапе рэалізацыі ў Беларусі ў арганізатараў узнікла неабходнасць у дадатковых рэсурсах: аўтобус для тура па краіне, арганізацыя транспарціроўкі дзяцей з дзіцячых дамоў у розных гарадах на паказы спектакля, фінансавая падтрымка арэнды залаў.
Праект “ДОМ” запрашае зацікаўленых арганізацый і асоб да партнерства.
“ДОМ” – далека не першы спектакль Бэна Ворхама і Сібрыг Доктар у Беларусі. У 2011 г. у Гродзенскім абласным драматычным тэатры Бэна Ворхам паставіў танцавальны перфоманс “Change”, які затым паказалі ў шэрагу беларускіх гарадоў. На год раней шведскія харэографы разам з гродзенскімі акторамі і танцорамі тэатра “Каракулі” стварылі харэаграфічныя спектаклі “Але не я...” і “Там, дзе вада цячэ ўгару”. У 2009 г. у рамках міжнароднага арт-праекта “Вектар танца” Бэна Ворхам прадставіў харэаграфічнае дзейства “Каралі, каралевы і іншыя босы”.
Бэна Ворхам і Сібрыг Доктар – заснавальнікі міжнароднай танцавальнай асацыяцыі “LAVA-Dansproduktion” (Стакгольм). Гэта некамерцыйная арганізацыя, якая займаецца навучальнымі курсамі па сучаснай харэаграфіі ва ўсей Еўропе.
Читайте еще
Избранное