Общество
Аліна Машкова

Падкоп пад археолагаў

Апошняй стадыяй маразму назваў беларускі гісторык Ігар Кузняцоў распачатае ў Акадэміі навук цкаванне археологаў — самых нейтральных да ідэалогіі спецыялістаў сярод гісторыкаў. «Валянціна Вяргей і Міхась Чарняўскі — прафесіяналы вышэйшага класа. Замены ім у Беларусі проста няма», — пракаменціраваў Ігар Кузняцоў «Салідарнасці» прысуд у некампетэнтнасці, вынесены па-за чарговай атэстацыйнай камісіі Інстытута гісторыі двум вядомым беларускім навукоўцам.

З пункту гледжання старэйшага навуковага супраціўніка інстытута Валянціны Вяргей у адносінах да яе фармулёўка: «не адпавядае пасадзе, якую займае» (дарэчы, ужо 15 гадоў. — Аўт.) гучыць здзекліва.

— Я не магу пагадзіцца з гэткім прысудам. Наш аддзел даў мне станоўчую характарыстыку. Я прадставіла на разгляд камісіі спіс з 15 навуковых прац, напісаных за апошнія тры гады, якія былі рэкамендаваныя да друку і прайшлі апрабацыю на рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцыях. Я хацела б даведацца, якімі крытэрыямі кіраваліся члены атэстацыйнай камісіі, калі прымалі такую фармулёўку. Так, я пенсіянерка. Са мной проста маглі б не падоўжыць кантракт, аднак не пазбаўляцца такім чынам, паставіўшы пад сумнеў мой прафесіяналізм, — абураная Валянціна Вяргей збіраецца звярнуцца да расійскіх калег з просьбай ацаніць яе навуковую дзейнасць.

А як тлумачаць тое, што адбылося з Валянцінай, беларускія калегі?

— Ніякіх інтэрв'ю даваць не буду, — пачуўшы пра прадмет размовы, адразу ж адмовіла загадчыца аддзела першабытнай археалогіі Алена Калечыц. — І Вяргей, і Чарняўскі працуюць.

— І доўга будуць працаваць?

— Рашэнне атэстацыйнай камісіі не з'яўляецца нагодай для звальнення. Гэта толькі атэстацыя. Рашэнне аб лёсе супрацоўнікаў будзе прымаць дырэкцыя інстытута.

Намеснік дырэктара Інстытута гісторыі па навуцы Вячаслаў Даніловіч таксама не быў надта гаваркім:

— Гэта ўнутраная справа інстытута. Атэстацыя не скончылася. Яе павінны прайсці яшчэ два аддзелы. Тое, што супрацоўнік не прайшоў атэстацыю, не з'яўляецца абавязковай умовай для звальнення. А вас чаму гэта цікавіць?

— Здзіўляе, што вядучыя археолагі Беларусі прызнаныя некампетэнтнымі пасля столькіх гадоў працы на карысць дзяржаве.

— Я лічу, што ў складзе камісіі былі дастаткова адукаваныя археолагі, і калі іх нешта насцярожыла...

Дарэчы, Вячаслаў Даніловіч з'яўляецца адначасова і старшынёй атэстацыйнай камісіі, рэкамендацыі якой кіраўніцтва інстытута можа толькі прымаць да ведама, але мае права і выкарыстаць для таго, каб скасаваць кантракт з супрацоўнікам.

На думку археолага Сяргея Тарасава, ён сам і ягоныя калегі расплочваюцца за тое, што на пачатку 1990-х актыўна ўдзельнічалі ў дэмакратычным руху. «Гэтага варта было чакаць даўно», — упэўнены Сяргей, які да нядаўняга часу ўзначальваў аддзел археалогіі сярэдневечча. Але прызнанага ў свеце навукоўцу звольнілі за «невыкананне службовых абавязкаў». І толькі праз суд удалося памяняць гэтую ганебную фармулёку на нейтральную — «па ўзгадненні бакоў».

Зачыстка гісторыкаў, якія працуюць у Акадэміі навук Беларусі, вядзецца ўжо не першы год. Пазбавіліся Таццяны Процькі, якая займалася даследаваннем рэпрэсій. Да заканчэння планавай тэмы развіталіся з Андрэем Кіштымавым, які вывучаў гісторыю прадпрымальніцтва Беларусі ў XIX стагоддзі. Генадзю Сагановічу пашкодзіла тое, што ён меў сваю думку наконт сярэдневечча. Цяпер дайшла чарга да тых, хто “робіць падкоп” пад сучасную ідэалогію беларускай дзяржавы ажно ў першабытным часе.

— Археолагам усё роўна, шукаюць яны падчас раскопак маманта ці астанкі рэпрэсіраваных. Валянціна Вяргей і Міхась Чарняўскі проста прафесійна рабілі сваю справу, дарэчы, не парушаючы законаў. Гэта не апазіцыя прызнала ахвярамі тых, хто расстраляны ў Курапатах, а сама дзяржава, — даводзіць Ігар Кузняцоў. — Цяпер жа распачалася зачыстка тых, хто апошнім часам не займаўся апазіцыйнай дзейнасцю. Зачыстка на перспектыву. Каб кожны баяўся. Такую гісторыю мы ўжо праходзілі ў мінулым стагоддзі.

У аўторак мае адбыцца атэстацыя супрацоўнікаў аддзела археалогіі сярэдневечча. Мяркуючы па характарыстыках, якія ўжо падрыхтавала кіраўніцтва, сярод іх таксама ёсць кандыдаты на «неадпаведнасць пасадзе» па ідэалагічных матывах. Хутчэй за ўсё, неатэставаных навукоўцаў не стануць адразу ж звальняць — тэрмін дзейнасці кантрактаў большасці з іх скончыцца ўжо ў красавіку 2007 года. Пасля шчыльнай зачысткі гуманітарнага поля наступны археалагічны сезон у Беларусі распачнецца малымі і непрафесійнымі сіламі.

— Грунтоўныя археалагічныя ды гістарычныя даследаванні нашай дзяржаве ўжо не патрэбныя. Гісторыя Беларусі будзе распачынацца цяпер ад першага прэзідэнта, — падсумоўвае гісторык Андрэй Кіштымаў доўгатэрміновыя вынікі атэстацыі, якая працягнецца ў Інстытуце гісторыі да канца тыдня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)

Читайте еще

Конвейер репрессий. Три месяца ареста за надпись против войны. 20-летнюю «террористку» Дануту Передню приговорили к 6,5 годам колонии (дополняется)

Гурневіч: «Калі б беларусы стагоддзямі не бараніліся, то сапраўды б сталі адным народам с расійцамі»

Конвейер репрессий. Силовики задержали белоруса, который якобы собирался присоединиться к полку Калиновского. Муж о суде над журналисткой Андреевой: «Катя держится уверенно»

«Для нас есть два типа белоруса: белорус-партизан, которому мы благодарны, и белорус-агрессор, который наш враг»

Лебедько: В Беларуси людей отлавливают как бродячих собак и используют как инструмент пытки

Конвейер репрессий. В Могилеве задержали пенсионерку за репост из «экстремистского» телеграм-канала, в Бресте — мужчину якобы за распространение нацистской символики. Задержания за протесты 2020-го