«Падазраюць, што я датычны да ўцёкаў Натальлі Радзінай»
Прадпрымальнік з Кобрына Аляксандар Лукін, які стала жыве ў Францыі, уцёк ад беларускіх памежнікаў на тэрыторыю Польшчы. Ён заяўляе, што знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якія належаць да затрыманьня, м што яго падазраюць у датычнасьці да ўцёкаў журналісткі Натальлі Радзінай.

Аляксандар кажа, што супрацоўнікі памежнай службы Беларусі пасьля доўгай праверкі дакумэнтаў прапанавалі яму прайсьці зь імі. Зь якой мэтай – не ўдакладнілі. Калі Аляксандар накіраваўся да польскага адміністрацыйнага будынку, памежнікі пабеглі за ім.
Лукін: "Я ня бачыў нават, куды бег. Але бачыў, што за мной ляцеў з крыкамі і лаянкай беларускі лейтэнант. Ён спатыкнуўся, упаў, але далей перасьледаваў мяне. У калідорах стаялі польскія памежнікі, якіх сытуацыя шакавала. Яны пачалі дапамагаць затрымліваць мяне. Я тады пачаў казаць палякам пра падазрэньні палітычнага перасьледу".
Польскія памежнікі не аддалі Аляксандра Лукіна беларускім калегам. Жонка Алена, якая была каля яго, перайшла на беларускі бок да дзяцей і вярнулася ў Кобрынь. Аляксандр Лукін кажа, што і раней меркаваў забраць сям'ю ў Францыю, яго родным пакуль не гаварылася пра тое, што яны невыяздныя:
— У любым выпадку я меркаваў пераехаць з Беларусі. Але ня думаў, што могуць быць у мяне такія праблемы. Магчыма, што са мной хацелі проста пагаварыць, але ж памежнікі самі прызналіся ў тым, што я ў сьпісе тых, каго належыць затрымаць. Што да выезду жонкі і дзяцей, то пакуль ніхто не казаў ёй, што яна не выяздная.
Пашпарт былога прадпрымальніка застаўся ў беларускіх памежнікаў. Польскія ж памежнікі выпісалі яму даведку, у якой указана, што дакумэнты засталіся на мяжы. Акрамя гэтага, Аляксандр мае францускія дакумэнты:
— У мяне ёсьць асобная карта, від на жыхарства ў Францыі. На падставе гэтага дакумэнта я і ўехаў у Польшчу. Палякі, праўда, далі яшчэ даведку, што мае дакумэнты забралі беларускія пагранічнікі.
Спробу затрыманьня на мяжы Аляксандар Лукін называе палітычна матываванай:
— Напрыканцы сакавіка я ўязджаў у Беларусь. Тады я быў ў Кобрыне два дні. Якраз у гэтыя дні Натальля Радзіна зьбегла з краіны. Спэцслужбы падазраюць, што я датычны да гэтага. Таму што пасьля гэтага ў мой дом прыйшлі зь ператрусам.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное