Общество
Аліна Таранік

Падаражэлыя квіткі ў Мінску выглядаюць як здзек (фотафакт)

4 жніўня праезд на грамадскім транспарце ў беларускай сталіцы чарговы раз падаражэў. Цяпер замест 850 рублёў прыйдзецца плаціць 900, а квіткі ў кіроўцы каштуюць 1000 рублёў. Зрэшты, такога росту коштаў мінчукі ўжо не заўважаюць.

Квіткі па 900 рублёў у чацвер выглядаюць здзекліва. Пакуль не надрукуюць білеты новага ўзору – на гэта даецца месяц – ходзяць старыя квіткі намінальным коштам у 600 рублёў, пры набыцці ў кіроўцы – 750 рублёў, у аўтобусах–экспрэс – 800 рублёў.

Пры думцы аб падаражанні квіткоў узгадваецца ажыятаж чатырохмесячнай даўніны, калі ў метро пачалі абмяжоўваць продаж жэтонаў у адны рукі. Тады кошт паслугаў узняўся на 150 рублёў, цяпер – усяго на 50. Прадаўцы квіткоў ды жэтонаў у метро ды адмысловых шапіках, аднак, заўважылі, што продаж напярэдадні падвышэння цаны павялічыўся.

– Сапраўды болей сёння бяруць. Але збольшага жэтоны. Квіткі ж хутка стануць неўжывальнымі, а каб іх памяняць, трэба будзе даплачваць, – падзялілася ў сераду адна з прадаўцоў.

Дарэчы, з купленымі па старым кошце квіткамі можна будзе ездзіць яшчэ цягам 10 дзён. Пасля сканчэння гэтага тэрміну іх магчыма абмяняць, але з даплатай у тыя самыя 50 рублёў.

– Добра сёння разыходзяцца білеты. Болей бяруць, гэта праўда. Але ж іншы раз так і ў панядзелкі бывае, – паведамілі на іншай кропцы рэалізацыі квіткоў на гарадскі транспарт.

Па ўсёй верагоднасці, людзі прызвычаіліся да штодзённых скачкоў у цэнах. Аднак, «сакрэтам» гэткай ціхамірнасці ў дачыненні квіткоў падзялілася спадарыня, што прадае жэтоны ды квіткі на адной са станцый метро ў цэнтры горада: «Ведаеце, гэта ж нейкіх 50 рублёў. Набудзеце 10 жэтонаў – зэканоміце 500 рублёў. Ці ёсць у гэтым сэнс? Таму і набываюць, як і раней, каму трэба два, каму – 5».

Мы звярнуліся да людзей, якія якраз стаялі ў чэргах па той самы дакумент на праезд ды пацікавіліся, як яны ставяцца да падвышэння цэнаў.

– Не ва ўсіх выпадках падаражанне – гэта кепска, – адказала нам адна спадарыня.

– Цудоўна ставімся да падвышэння коштаў, гатовыя плаціць столькі, колькі нам скажуць, – зыранізавалі маладыя людзі, што знаходзіліся побач.

– Кепска стаўлюся. Мне хоць адзін бы набыць квіток. Жыву на адну пенсію, сённяшнім днём жыву, – абурылася жанчына пенсійнага ўзросту.

Зрэшты, адносіны да змянення кошту транспартных паслугаў у Мінску ў апытаных – адмоўныя, але спакойныя.

Тым часам кандуктары не маглі задаволіць попыт на квіткі. Напрыклад, у «сотцы» квіткі ў сераду разыходзіліся на дзіва хутка, што нават выклікалі знерваванасць.

– Квіткоў ужо няма. Знову падаражанне. А ў мяне на дзень як найменей два разы на дзень грамадскім транспартам карыстаюся, – выказвала сваю незадаволенасць пасажырка.

– А дзе я вам іх вазьму? У мяне ўсяго дзве стужкі было квіткоў за 850 рублёў. Яны хутка разышліся. Заўтра ж праезд ужо на 50 рублёў даражэйшы, – адказвала на гэта кандуктарка.

Як мы паведамлялі раней, месячны праязны на адзін від траспарта будзе каштаваць 35.480 рублёў, на два віды – 47.390 рублёў, на тры – 56.500 рублёў, на чтыры віды – 63.910 рублёў, і, нарэшце, на аўтобус экспрэс-маршрутаў – 48.550 рублёў.

Гэта ўжо другое падаражанне транспартных паслугаў у Мінску цягам апошняга году.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)