Общество
Анастасія Зелянкова

Пад Заслаўем адшукалі залатых апосталаў

Залатыя апосталы, якія зніклі з калекцыі Радзівілаў яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя, паўсталі пад Заслаўем. Дзякуючы намаганням маладых творцаў гэтыя рэліквіі зноў з’явіліся ў Беларусі, але ў выглядзе пясчаных скульптур.

— Наша мэта — паказаць марнасць пяску, — напярэдадні пленэру, які меў адбыцца напрыканцы мінулага тыдня, распавядаў мне яго арганізатар Генік Лойка. Аднак, мяркуючы па тым надвор’і, што ўсталявалася за некалькі дзён да пленэру, у творцаў былі ўсе шанцы паказаць не толькі марнасць пяску, але ўсёй сваёй працы ўвогуле. Дождж не перапыняўся ні на хвіліну, таму я без усялякіх ваганняў ператэлефанавала Геніку дадому, каб даведацца, на які дзень пераносяцца работы.

— Што вы, Генік ужо на месцы. Яны будуць працаваць пры любым надвор’і, — запэўнілі мяне і клапатліва параілі, выпраўляючыся ў дарогу, апрануць дажджавік і гумавыя боты. На жаль, я гэтую параду праігнаравала.

Знайсці пазначанае на схеме месца аказалася, мякка кажучы, не проста. Пасля дзвюх гадзін марнага блукання па размытых дажджом дарогах і цвёрдага абяцання цяпер цікавіцца толькі тымі скульптурамі, што выстаўлены ў музеях, я ўжо збіралася паварочваць назад на станцыю, як нечакана заўважыла на зямлі адбіткі босых ног. Вырашыўшы, што ў такое надвор’е іх мог пакінуць або вар’ят, або той, каму не сядзіцца дома з-за жадання пакапацца ў пяску (што для мяне было адным і тым жа), я пайшла па слядах. І не памылілася. Неўзабаве ў пясчаным кар’еры паказалася некалькі намётаў. Над імі лунаў сцяг — бела-жоўта-белы — сімвал “краіны з пяску”.

— Ды я па карце гэты маршрут рабіў, — апраўдваўся Генік пасля таго, як я, асцярожна падбіраючы словы, апісала свае бадзянні па непраходных нетрах. — Калі зверху глядзець, дык усё так, як на схеме... Ну, канешне, калі па дарогах крочыць, дык не зусім ужо так па прамой атрымліваецца, — крыху падумаўшы дадаў ён, пасля чаго я канчаткова ўпэўнілася, што выраз “блукаць у аблоках” датычыць усіх творцаў без выключэння.

Да майго прыходу праца толькі пачалася. Дзе-нідзе ўжо праглядалі абрысы фігур. Самі скульптары больш нагадвалі скалалазаў: на адвесным схіле кар’ера яны, узброішыся рыдлёўкамі, нешта старанна выразалі.

- Думалі зрабіць дванаццаць апосталаў, аднак, відаць, атрымаецца толькі дзевяць, — распавядаў Генік. — На жаль, не ўсе змаглі прыехаць.

Між тым мне вельмі карцела даведацца, адкуль узяліся гэтыя людзі — чамусьці я была ўпэўнена, што ўсе яны ў свой час не дагулялі ў пясочніцы. Аказалася, што ў пераважнай большасці гэта студэнты розных мастацкіх спецыяльнасцей. Для іх такая “гульня ў пясочак” — выдатная практыка. Некаторыя ўдзельнічаюць у падобным пленэры ўжо не першы раз. Гледзячы на фотаздымкі скульптур, зробленых у мінулыя гады у Магілёве, Лідзе, Крэве, я вельмі шкадавала, што гэтая прыгажосць настолькі недаўгавечная.

— Мы і робім для таго, каб паказаць, што ўсё рана ці позна знікае, застаюцца толькі легенды, — суцяшаў Генік. — Дарэчы, вось там, — махнуў ён рукой на нейкі насып, — была Рагнеда. Мы рабілі яе яшчэ ў 2000 годзе. Зараз экскаватары амаль увесь пясок там разгрэблі.

У мяне ўзнікла жаданне таксама хоць неяк далучыцца да стварэння падобных твораў мастацтва. Аднак ацаніўшы свае сціплыя альпінісцкія здольнасці і яшчэ больш сціплыя навыкі валодання рыдлёўкай, вырашыла не рызыкаваць. Справа ў тым, што, у адрозненне ад мінулагодніх, сёлетнія скульптуры робяцца ў тэхніцы разьбы — гэта значыць выразаюцца на вертыкальнай паверхні, а не лепяцца на зямлі. Ніякай агульнай задумы — кожны аўтар робіць так, як лічыць патрэбным, па сваім уласным эскізе.

— А дождж вам не перашкаджае? — пацікавілася я.

— Ды не, з мокрым пяском яшчэ лепш працаваць, — запэўнілі мяне. — Горш калі сонца пячэ або вецер моцны дзьме.

Хутка падыйшоў час абедаць. Творчы паёк складаўся з бульбы, селядцоў, салаты, гародніны і хлеба. Дарэчы, калі кіраўніцтва хлебазавода №2 даведалася, што пад Заслаўем збіраюцца рабіць залатых апосталаў Радзівіла, яно вырашыла падараваць удзельнікам пленэру 12 бохонаў “Радзівілаўскага”. Селядцы на стале ўдзельнікаў плэнеру таксама былі “спонсарскія”. Генік, праўда, так і не прызнаўся, у якіх рыбакоў і як атрымалася вывудзіць гэтых селядцоў.

Ужо сыходзячы, я апошні раз кінула позірк на абрысы апосталаў і вельмі пашкадавала, што, акрамя мяне, іх ніхто больш не пабачыць.

— Пабачаць, — запэўніў Генік. — Заўтра ў Заслаўі адзначаецца Дзень горада. Мы развесілі аб’явы з падрабязным апісаннем, як сюды трапіць. Таму, думаю, людзі прыйдуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)