Скандалы

Генадзь БУРАЎКIН

Пад белымі крыламі

Як даўно засведчана, час — справядлівы і разумны суддзя, які ўсё ставіць на сваё месца і нават, бывае, робіць гэта дастаткова хутка. Уладзімір Караткевіч у гэтым сэнсе — чалавек шчаслівы: хай і не паспеў ён пры жыцці атрымаць дзяржаўнае прызнанне і афіцыйныя адзнакі народнай любові, але творамі сваімі ўпісаў сваё імя ў залаты фонд беларускай літаратуры і на доўгія гады, калі не навечна, стаў у людской памяці побач з самымі таленавітымі і адданымі сынамі роднага краю. А колькі ж давялося яму перажыць!..

Добра памятаю цёплае лета 1957 года, калі па прапанове маладога Уладзіміра Караткевіча, які толькі што вярнуўся на радзіму з Украіны, дзе пасля заканчэння Кіеўскага універсітэта настаўнічаў, я прыехаў на студэнцкую практыку ў газету “Ленінскі прызыў” у ягоную любую Оршу. Амаль два месяцы пражыў я ў цеснаватай, але вельмі ўтульнай хаце ягоных бацькоў на вуліцы Варашылава, якая пасля стала вуліцай Касманаўтаў, а цяпер заслужана носіць імя свайго знанага жыхара. Начавалі мы з ім у пуньцы ў двары на духмяным сене і нагаварыліся па-сяброўску аб усім-усім — і аб вершах, і аб таямніцах, і аб палітыцы. Тады ўжо я падзівіўся надзвычайнай дасведчанасці і інтэлігентнасці свайго старэйшага таварыша, ягонай абазнанасці ў гісторыі і ўзнёслай рамантычнай фантазіі. Як ён натхнёна “чытаў” для мяне зорнае начное неба, як зачароў-ваў паэтычнымі легендамі пра туманны Млечны шлях і трагічных загадкавых леанідаў!..

Шчаслівыя былі тыя дні нашых споведзяў і летуценняў, шчаслівая была Валодзева радасць ад першых публікацый у салідных мінскіх выданнях. І тады ўжо на ягоную трапяткую, светлую душу абрынулася тупая разносная крытыка.

Пад канец таго лета рэдактар “Ленінскага прызыву” Васіль Калібераў, “увекавечаны” Андрэем Макаёнкам у ягонай нашумелай камедыі “Выбачайце, калі ласка!”, і загадчык аддзела, былы партызан Леанід Высоцкі вырашылі заняцца і літаратурай і “па-партыйнаму” павыхоўваць мясцовую паэтычную “зорку”. Не ведаю, ці то была іхняя ўласная ініцыятыва, ці мудра падказаў нехта “зверху”, але ў газеце з’явіўся вялізны, як па мерках раёнкі, непрывычна дырэктыўны для перыферыйных выданняў артыкул пра апублікаваныя ў старэйшым, найаўтарытэтнейшым нашым часопісе “Полымя” вершы земляка. Караткевічу ставіліся ў віну ўпадніцкія настроі, адыход ад гераічных будняў сучаснасці, залішняя ўвага да далёкай мінуўшчыны. Тон быў абразліва грубы, як казалі тады, “праработачны”, без ніякага ўліку законаў мастацкай творчасці і павагі да несумненнага таленту...

Я быў разгублены, не ведаў, што рабіць — бегчы суцяшаць Валодзю, кінуцца яго бараніць (куды? як? ад каго?), пайсці да рэдактара са шчырай размовай? Вершы ж былі напісаны па-майстэрску, ніякай “антысаветчыны” ў іх я не бачыў. Але не паспеў я разабрацца з сумятнёю балючых, супярэчлівых думак, як да мяне ў рэдакцыйны пакой зайшоў мажны, лысы Леанід Канстанцінавіч Высоцкі і запатрабаваў тэрмінова, “у нумар”, напісаць “ад імя літаратурнай моладзі” матэрыял у падтрымку крытыкі. Я, вядома, не мог “прадаць” сябра і, не адшукаўшы нічога мудрэйшага, збег з Оршы...

Колькі нерваў каштавала тая правінцыйная, бесцырымонная, несправядлівая палітычная “лупцоўка” міламу, інтэлігентнаму, рамантычнаму Уладзіміру Караткевічу, ведаў толькі ён сам. Але, на шчасце, маладога паэта абараніла тады ў “Звяздзе” цэлая група выдатных беларускіх пісьменнікаў.

Аднак аказалася, гэта быў толькі пачатак “выхавання” выдатнага таленту, асабліва горкай і жорсткай праявай якога стала гісторыя з ягоным знакамітым раманам пра паўстанне Каліноўскага “Каласы пад сярпом тваім”. Месяцы і нават гады ўсемагчымых абмеркаванняў, рэцэнзаванняў, рэдагаванняў, зласлівых прыдзірак і відавочных фальсіфікацый. На пасяджэнні пашыранага сакратарыяту Саюза пісьменнікаў Беларусі ў лютым 1967 года даведзены да адчаю Караткевіч выгукнуў апанентам проста ў вочы: “На абман вы мяне не штурхнеце!” За свой, можа, самы вынашаны ў душы твор ён змагаўся рашуча і непахісна, як за галоўнае ў жыцці. Добра, што поплеч былі сябры і аднадумцы. Янка Брыль, напрыклад, сказаў тады: “...Гэтай кнігай будзе прыпаднесен урок, як трэба любіць народ, як трэба разбірацца ў сваёй гісторыі, як аслабаняцца ад зусім непатрэбнага комплексу ніжэйшасці...”

Сёння Ула-дзімір Караткевіч — прызнаны ўсімі (і ўладамі ў тым ліку) класік роднай літаратуры, а “Каласы пад сярпом тваім” — афі-цыйны ўзор беларускага гістарычнага рамана...

Не так ужо і многа па мерках вечнасці, да якой прыдзірлівыя акадэмікі далучылі ўжо і нашага самабытнага творцу, прайшло з таго часу, калі некаторыя з адкрытай нянавісцю, а іншыя з пагардлівай грэблівасцю гарталі старонкі ягоных шматлікіх кніг. Чытачы ж, асабліва маладыя, даўно залічылі яго ў свае куміры — і славутая хваля нацыянальнага адраджэння 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя была падрыхтавана і ўзнесена на грэбень усенароднага ўздыму якраз ягонымі вершамі, драмамі, аповесцямі, ягонай палымянай і ўзнёслай публі-цыстыкай.

Добра памятаю, як мой сын-студэнт, так бы мовіць, і клаўся спаць, і прачынаўся з томікам Уладзіміра Сямёнавіча, як шаптаў ён, нібы малітву ці клятву, многія ягоныя радкі, такія, напрыклад, як у баладзе пра Машэку:

Край сагнуўся ў спіне,
Край баіцца размовы пра волю,
Край згубіў сваю мову
І матчынай песні напеў...
Нельга верыць у бога,
Калі ён такое дазволіў.
Цяжка верыць у люд свой,
Калі ён такое сцярпеў...

Высокі патрыятызм, які, як ні дзіўна, той-сёй з замшэлых “інтэрнацыяналістаў-сталінцаў” усё яшчэ называе буржуазным нацыяналізмам, адчуванне жывой, непарыўнай повязі з гістарычнымі каранямі роднай зямлі, непаўторная шчырая ўзнёсласць, самабытны шматгранны талент і сёння, праз два дзесяткі гадоў пасля смерці на самым творчым узлёце, робяць Уладзіміра Караткевіча нашым паважаным сучаснікам, адным з тых прапаведнікаў і духоўнікаў, да якіх усё ідуць і ідуць беларусы, самаахвярна закаханыя ў сваю Бацькаўшчыну, нярэдка знясіленыя і знявераныя ў бясконцым змаганні за сваю лепшую долю...

Зямлёю пад белымі крыламі назваў Караткевіч Беларусь у сваёй славутай кнізе, перакладзенай на многія мовы свету. Сам ён жыў, увесь час адчуваючы над галавою высокі, лагодны пошум святых бусловых крылаў, верачы, што ніякім груганам не ўдасца прагнаць іх з небасхілу і засланіць сонца нашых надзей і летуценняў. І сам ён быў і застанецца адным з яркіх і цёплых промняў нязгаснага беларускага сонца, адной з самых шчымлівых песняў спаконвечнай зямлі пад белымі крыламі, наш дарагі, наш незабыўны Уладзімір Караткевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)