Пацыенты Рэспубліканскай тубэркулёзнай бальніцы «Наваельня» абвесьцілі галадоўку

У газэту зьвярнуўся пацыент Рэспубліканскай тубэркулёзнай бальніцы «Наваельня» (Дзятлаўскі раён, Гарадзеншчына) Сяргей Воранаў. Па яго словах сёньня на сьняданак ня выйшла каля 150 хворых. Пацыенты незадаволеныя ўмовамі знаходжаньня ў бальніцы. «У палатах сыра і халодна — каля 14-15 градусаў вышэй за нуль, брудна — на першым паверсе сьцены чорныя, кормяць абы як» — распавёў сп. Воранаў.

Паводле яго, у душ хворых водзяць два разы на тыдзень, гарачая вада бывае перад прыёмам ежы — тры разы на дзень. Да ўсяго тэрыторыю бальніцы абнесьлі трохмэтровым плотам: «Нас не выпускаюць у пасёлак, няма дзе гуляць, а мы, між іншым, знаходзімся тут добраахвотна». Хворыя сабралі подпісы з патрабаваньнямі і перадалі яго галоўнаму ўрачу Вячаславу Доўганю.

Спадар Доўгань пацьвердзіў інфармацыю пра галадоўку: «Так, пэўная частка пацыентаў сёньня адмовілася ісьці на сьняданак». Урач паведаміў, што згодна з правіламі ўнутранага распарадку хворым забаронена пакідаць тэрыторыю бальніцы. «Гэта зьвязана са скаргамі мясцовага насельніцтва — было сабрана каля 500 подпісаў і яшчэ зьбіраюць» — патлумачыў сп. Доўгань.

Па яго словах, кіраўніцтва РТБ выконвае распараджэньне Міністэрства аховы здароўя, і кожнаму пацыенту пры паступленьні на лячэньне паведамляецца пра гэтае абмежаваньне, і той падпісвае адпаведны дакумэнт.

«Астатнія іх нараканьні неабгрунтаваныя і выкліканыя толькі тым, што ім не даюць выходзіць за тэрыторыю» — кажа Вячаслаў Андрэевіч. Па яго словах, у палатах тэмпэратура 18‑20 градусаў, харчаваньне у межах нормы, на тэрыторыі бальніцы ўсталяваныя тэлефонныя апараты з выхадам на міжгароднюю сувязь, а таксама працуе камэрцыйны шапік. Сама бальніца месьціцца ў хвойніку.

«Але некаторым хочацца купіць цыгарэтаў, піва і віна ў горадзе» — зазначыў галоўурач.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)