Общество

Пачобут з-за кратаў: «Усё будзе добра»

Пра гэта палітзняволены напісаў у лісце да глыбоцкай журналісткі Таццяны Смоткінай. I перадаў прывітанне ўсім БАЖаўцам.

Паводле Таццяны, ліст ад Анджэя Пачобута стаў для яе радаснай нечаканасцю, бо яна ўжо і не спадзявалася атрымаць адказы ад палітвязняў. За апошні час Таццяна адправіла знаёмым палізняволеным каля 30-ці паштовак-лістоў, ад даты напісання некаторым прайшло ўжо шмат часу, але зваротнай сувязі так і не было, паведамляе baj.by

— Я нават падумала, што лісты да палітвязняў проста выкідваюць, таму яны і не даходзяць, пра гэта ж пачалі казаць некаторыя актывісты з бліжэйшых гарадоў. І вось у сярэдзіне снежня прыйшла доўгачаканая вестка! І што асабліва радасна, ад калегі па журналісцкаму цэху, якога я вельмі паважаю, — кажа Таццяна Смоткіна.

Анджэй Пачобут паведамляе, што ў яго ўсё стабільна (наколькі гэта можа быць у турме), што жыццё там працякае павольна і імкліва адначасова. Павольна, таму што дні цягнуцца, а імкліва, таму што пралятаюць тыдні. І за гэты час ён да падобнага парадоксу ўжо прызвычаіўся. Зазначае, што працягвае актыўную падрыхтоўку да суда, хоць па-ранейшаму дата яго яшчэ невядомая.

На думку Анджэя, усё сведчыць пра тое, што быць яму за кратамі яшчэ вельмі шмат часу. Але ён не губляе аптымізму, і настрой у яго бадзёры. Часам яму здаецца, што людзям на волі цяжэй, чым вязням. Таму просіць трымацца і верыць у тое, што ўсё будзе добра.

Анджэй Пачобут за кратамі з 25 сакавіка. Усяго ў няволі ў Беларусі цяпер 31 прадстаўнік медыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(16)