Политика
Любоў Лунёва, Радыё Свабода

Пачаўся закрыты судовы працэс над актывістамі “Партнэрства”

У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся суд над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Міколам Астрэйкам, Энірай Браніцкай, Цімохам Дранчуком і Аляксандрам Шалайкам. Сваякам актывістаў не дазволілі наблізіцца да дзьвярэй суду, куды заводзілі арыштаваных. Цяжарныя жонкі спадароў Шалайкі і Астрэйкі стаялі насупраць вакна судовай залі, спадзеючыся, што іх убачаць Аляксандар і Мікола.

Амбасадары краінаў Эўразьвязу паўгадзіны стаялі ля ганку суду. Ім забаранілі прайсьці нават у будынак. Амбасадар Нямеччыны ад ўсіх дыпляматаў папрасіў адвакатку Веру Страмкоўскую перадаць актывістам “Партнэрства”, што яны хацелі прысутнічаць на судзе і выказаць ім падтрымку.

Спэцназаўцы ў цывільным ахоўваюць усе тры ўваходы ў будынак суду. Яны не дазваляюць уваходзіць у двор жылога будынку нікому апроч саміх жыхароў.

Як стала вядома Радыё Свабода, судзьдзя Леанід Ясіновіч прыняў загад разглядаць гэтую справу за зачыненымі дзьвярыма дзеля бясьпекі сьведкаў.

Актывістаў “Партнэрства” абвінавачваюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы і інтарэсы грамадзянаў. У выпадку, калі будзе даказана віна Міколы Астрэйкі, Эніры Браніцкай, Аляксандра Шалайкі і Цімафея Дранчука суд можа пакараць іх пазбаўленьнем волі на тры гады.

Ад 21 лютага ўсіх іх трымалі пад вартай сьледчага ізалятара КДБ. Пазьней Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку перавялі на Валадарку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)