Общество
Аляксандр Горбач, kuliany.by

Пачаўся вялікі пост: «Каша з насеннем — гэта ммммм!»

Пачаўся Вялікі пост, і сёння я хачу ўзгадаць яшчэ адну посную страву, водар якое з дзяцінства знаёмы, думаю, не аднаму мне, але і многім маім землякам-кулянцам. Гэта каша з насеннем.

Кулянцы, напэўна, зразумелі аб чым пойдзе размова, а для астатніх я адразу патлумачу, што кашай у нас у Кулянах заўсёды называлі тое, што ў іншых мясцінах называюць таўканіцай, альбо камяком, альбо яшчэ, смех каму сказаць, пюрэ. У нас патоўчаная бульба — каша, больш ніяк. Звычайна яе заскварвалі (запраўлялі скварачкамі, перажаранымі з цыбуляю), а ў пост запраўкай было стоўчанае льняное насенне.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што кулянцы тут не былі арыгіналамі — льняное насенне шырока ўжывалася беларусамі ў пост. Нядаўна перачытваў «Чужую бацькаўшчыну» Вячаслава Адамчыка, дык там якраз падзеі пачынаюцца ў Піліпаўскі пост, пасля працягваюцца ў Вялікі пост, і ўсё героі таго твора, вячэраючы, як ён піша, таўклі бульбай у насенне, гэта значыць абмакалі звараную бульбу у стоўчанае льняное насенне.

Можна і так — проста макаць звараную бульбу ў насенне, гэтаксама смачна. Але каша з насеннем — гэта ммммм! Цымас!

Гатуецца проста, нават і расказваць няма чаго.

Льняное насенне, якое, дарэчы, сёння купіць не праблема, папярэдне добра падсушыўшы ў духоўцы ці на патэльні (гэта абавязкова!), трэба змалоць або стаўчы ў ступцы. Некалі то таўклі ў ступках, як адно пост, так па хатах было чутно «бух-бух», і ступка з хаты ў хату хадзіла, бо не ў кожнага ж была свая.

Бульбу зварыць, добра стаўчы таўкачом, усыпаць туды змолатае насенне, перамяшаць, выкласці на патэльню ў выглядзе пірага і запячы трохі ў духоўцы, каб скарыначка такой пакрылася.

Калі не посціце, то будзе смачна і з кефірам альбо малаком.

А калі посціце, можна з таматным сокам. Вядома, што пойдуць пад бульбу і салёны гурок, капуста ці грыбы.

Смачна есці!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)