Пачаўся суд на Зьмітром Дашкевічам

Сёньня ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску за зачыненымі дзьвярыма пачаўся суд над сустаршынём “Маладога Фронту” Зьмітром Дашкевічам. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі.

Байцы спэцназу ачапілі будынак Кастрычніцкага суду Менску. Ля будынку сабралося некалькі дзесяткаў чалавек. Сярод іх амбасадара краінаў Эўразьвязу і ЗША, лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляександар Мілінкевіч. З палітыкаў прысутнічаюць Анатоль Лябедзька, і Вінцук Вячорка. Тут можна пабачыць Вольгу Іпатаву.

Перад пачаткам паседжаньня некалькі дзесяткаў чалавек у белых майкай з надпісам “Малады фронт” хадзілі па колу з закладзенымі за галаву рукамі. Да маладых людзей далучыліся Людміла Гразнова і Іна Кулей.

Праваабаронца Гары Паганяйла спрабаваў давесьці міліцыянтам, што ён мае правы прысутнічаць на судовым паседжаньні. Кіраўнік аховы суду забараніў падначаленым размаўляць з тымі, хто спрабуе трапіць на паседжаньне.

Зьмітра арыштавалі 15 верасьня. Пад час выбарчай кампаніі Камітэт барацьбы з тэрарызмам распачаў крымінальныя справы супраць некалькіх актывістаў “Маладога фронту”. У сьпіс падазраваных у тэрарызьме , апроч Зьмітра Дашкевіча, трапілі Сяржук Лісічонак, Павал Красоўскі, Алег Корбан, Барыс Гарэцкі і яшчэ некалькі чалавек. Раённыя пракуратуры, згодна з распараджэньнем КДБ, дапыталі дзясяткі людзей як сьведкаў. Усе крымінальныя справы спынілі, а Зьмітра Дашкевіча абвінавацілі ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі.

Сябра Зьмітра Артур Фінькевіч, які адбывае пакараньне “на хіміі” за палітычныя графіці, упэўнены, што шмат людзей пажадаюць выказаць сваю салідарнасьць з лідэрам “Маладога фронту”.

(Фінькевіч:) “Чакаем ад гэтага суду праяваў салідарнасьці – салідарнасьці тых людзей, якім неабыякава Беларушчына, якім неабыякавыя нацыянальныя, дэмакратычныя каштоўнасьці, якім неабыякавы лёс беларускага народу”.

Актывістка “Маладога фронту” Наста Палажанка актыўна працуе ў Камітэце, створаным дзеля вызваленьня Зьмітра Дашкевіча. Яго сябры дабіліся, каб Зьмітру, калі ён ня выйдзе на волю ў хуткім часе, далі магчымасьць дыстанцыйна вучыцца ва ўнівэрсытэце.

(Палажанка:) “Спроба абвінаваціць Зьмітра ў тым, што ён кіруе незарэгістраванай арганізацыяй, цалкам палітычная, бо тое, што “Малады фронт” не зарэгістраваны вядома ўсім. У нас зарэгістраваная толькі адна моладзевая арганізацыя. Але ні за якія грошы сусьвету мы ня будзем удзельнічаць у справе гэтай арганізацыі. Зьміцер Дашкевіч стаў тым чалавекам, які павінен адказаць за ўсіх. Гэта суд не над “Маладым фронтам”. Гэта суд над усёй Беларусьсю, над нашымі ўсімі надзеямі, якія мы адстаялі ў сакавіку”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)