Общество

Золатава: «Пачатак будзе тады, калі ўсё гэта скончыцца»

Галоўная рэдактарка парталу TUT.BY расказвае Радыё Свабода пра тое, як зьмянілася яе праца за год; што адчувае, калі цяпер журналісты працуюць «у полі» і чаму перакананая ў перамозе дабра над злом.

Сьцісла:

«У жніўні нашых звычайных сіл не хапала, падключалі ўсе аддзелы».

«З 2019 году нашая аўдыторыя павялічылася ўдвая».

«За той жнівень мы прыстасаваліся да стрэлаў, да выбухаў».

«Кацярына Барысевіч — асоба, якая выклікае захапленьне».

У самыя «гарачыя» дні ў тэлеграм-канал TUT.BY прыходзіла каля тысячы паведамленьняў ад чытачоў.

«Як клясна думаць пра будучыню!»

Марына Золатава

«У жніўні ў поле выходзілі нават журналісты аддзелу нерухомасьці»

«Мой працоўны дзень зьмяніўся яшчэ год таму, калі мы ўсе перайшлі на дыстанцыйную працу, — расказвае Марына Золатава. — Тое, што раней мы рабілі ў офісе, цяпер амаль усё мы робім дома. Зразумела, ніхто не адмяняў рэпартажаў, выездаў, інтэрвію. Гэтага стала менш, калі гаварыць пра ўсю рэдакцыю. Але калі гаварыць пра мяне асабіста, то, у прынцыпе, усё тое, што я рабіла ў офісе, я цяпер раблю дома. Часам прыяжджаю сюды, калі ёсьць дадатковыя пытаньні, але ўсе нашыя нарады і абмеркаваньні адбываюцца дыстанцыйна».

Па словах галоўнай рэдактаркі TUT.BY, зьмены ў працы рэдакцыі сталі наступствам у асноўным эпідэмічнай сытуацыі. Палітычная ж больш уплывае на хаду яе думак. Марына Золатава гаворыць, што раней ніколі не думала, што журналіст яе парталу можа не вярнуцца дадому з заданьня.

«Год таму такога не было, — кажа Марына. — А цяпер ты ўвесь час у напружаньні ад таго, што трэба захаваць нармальны стан рэчаў у калектыве. А таксама думаць пра тое, як можна гарантаваць людзям бясьпеку. Гэта таксама істотна зьмяніла працу. Не адбілася фізычна, але хутчэй такое пастаяннае псыхалягічнае напружаньне. Заўсёды трэба быць у тонусе».

Марына Золатава дадае, што ўрэшце TUT.BY вернецца да працы ў офісе, але пакуль гэта справа не найбліжэйшых месяцаў. Адтоку супрацоўнікаў і журналістаў з парталу за год не адбылося. Галоўная рэдактарка кажа, што часам хтосьці просіць адпачынак, каб ачуняць і супакоіцца. Звольніўся адзін чалавек, але гэта было заплянавана загадзя.

«Каб людзі сыходзілі з прычыны пытаньняў бясьпекі, праз палітычныя пытаньні, такога не было, — гаворыць Марына Золатава. — У жніўні ў працы ў нас былі вялікія перамены. Тое, што адбывалася тады і пасьля, для нас стала галоўнай падзеяй, якая мае істотны ўплыў на нашае жыцьцё. Звычайных сіл не хапала, да асьвятленьня тых падзей падключаліся ўсе аддзелы. Людзі выконвалі самую розную працу, у поле выходзілі нават журналісты аддзела нерухомасьці. Нехта падхопліваў штодзённы онлайн, на сацсетках дзяжурылі. Не было такіх людзей, хто б ня быў задзейнічаны».

Паводле Марыны Золатавай, да больш-менш нармальнага жыцьця TUT.BY вяртаецца толькі цяпер. Але ўся рэдакцыя гатовая падключацца да працы над сацыяльна-палітычнымі тэмамі ў любы момант.

Рэдакцыя TUT.BY

«У траўні 2020 году ў тэлеграм-канале TUT.BY было 40 тысяч чалавек, у жніўні — 400 тысяч»

«Натуральна, нашая аўдыторыя за гэты час павялічылася, — гаворыць Золатава. — Жнівеньскія лічбы былі ўдвая вышэйшымі за студзень. Далей яны паступова зьніжаліся, але застаюцца вышэйшымі ў параўнаньні з 2019-м. Што да Telegram, то ў траўні летась у нас у асноўным канале было 40 ці 50 тысяч чалавек. У жніўні — ужо 400 тысяч. У жніўні ўвогуле сапраўдныя лічбы наведнікаў мы нават не маглі падлічыць. Былі праблемы з інтэрнэтам, лічыльнікі даводзілася адключаць, каб зьменшыць нагрузку на сэрвэр. Але, у прынцыпе, за год нашая аўдыторыя вырасла ўдвая».

Марына Золатава кажа, што пік наведваньняў быў у жніўні, верасьні і кастрычніку. Ужо ў сьнежні людзі сталі заходзіць на партал радзей. Гэты спад працягваецца. У сакавіку быў усплёск, зьвязаны з падзеямі 25 і 27 дня. Аднак у цэлым на вялікім прамежку часу цікавасьць да навінаў у людзей сёньня ўсё адно значна вышэйшая, чым раней, гаворыць рэдактарка TUT.BY. Пра зьніжэньне цікавасьці аўдыторыі можна гаварыць у параўнаньні найперш са жніўнем і верасьнем, а не з 2019 годам.

«Прычыны гэтага ўвогуле могуць быць цікавыя, — кажа Марына. — Я самастойна яшчэ не вывучала пытаньне, але мне трапляліся публікацыі, дзе гаварылася, што цікавасьць да падзей зьнізілася ва ўсім сьвеце, а ня толькі ў нас. У The New York Times пісалі, што людзі сёньня менш сочаць за навінамі, бо Дональд Трамп пакінуў пасаду прэзыдэнта. Гэта сьмешна, вядома. Я думаю, што ёсьць фактар стомленасьці аўдыторыі. Год таму зьявіўся каранавірус, потым не зусім нармальная сытуацыя палітычная. Думаю, людзям захацелася нейкай палёгкі. Увесь сьвет у напружаным стане цяпер. Але паўтаруся, што зацікаўленасьць усё адно значна вышэйшая, чым была ў ранейшыя гады. Таму ўсё нармальна з гэтым».

Марына Золатава на працоўным месцы

«9 жніўня не магла паверыць у тое, пра што расказвалі журналісты»

TUT.BY, як і ўсе іншыя недзяржаўныя СМІ ў Беларусі, загадзя рыхтаваўся да працы падчас выбарчай кампаніі. І асабліва да працы ў дзень выбараў і наступны пэрыяд. Нягледзячы на гэта, як кажа галоўная рэдактарка парталу, падзеі 9 жніўня і наступных месяцаў сталі для яе нечаканасьцю.

«Найбольш уразіў момант увечары 9 жніўня, калі калегі, якія працавалі ў полі, пачалі званіць у рэдакцыю і расказваць, што адбываецца ў горадзе, — узгадвае Марына. — Пра выбухі, пра стрэлы. Мы былі ў рэдакцыі. Частка людзей на онлайне працавала, частка ў полі. Я таксама тут была. Не магла паверыць у тое, пра што гаварылі журналісты. Гэта ўражвала, зразумела. Мы не пасьпявалі рэфлексаваць. Запомнілася здарэньне з аўтазакам, які пераехаў чалавека. Гэтыя кадры. Але чалавек можа прыстасавацца да самых вар’яцкіх умоваў. І за той жнівень мы прыстасаваліся да стрэлаў, да выбухаў».

Золатава ўспамінае, што ў першыя тыдні пасьля выбараў журналістам можна было параўнальна бясьпечна працаваць у блакітных камізэльках з надпісам «Прэса». Але пасьля самі камізэлькі сталі мішэнямі. Журналістам даводзілася зьлівацца з натоўпам, хавацца ў кватэрах і гатэлях.

«Я тады думала: «Такога ня можа быць!» — расказвае Марына Золатава. — Гэта ёсьць, але так не павінна быць. Адміністрацыйныя арышты пачаліся. Тады ўжо здавалася, што гэта немагчыма, што гэта сюррэалізм, іншая рэальнасьць! А затым — дзяўчатам зь БЕЛСАТу два гады, нашай Каці (журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч асуджаная за распаўсюд мэдычных зьвестак аб гібелі Рамана Бандарэнкі. — РС) шэсьць месяцаў. Гэта кашмарныя рэчы, настолькі несправядлівыя, што я зьдзіўляюся, як мы можам далей працаваць. Несправядлівасьць, страшэнна незаконна ўсё, а мы працуем. З другога боку, а што нам застаецца рабіць? Мы мусім працаваць, каб гэта заставалася часткай гісторыі. Каб людзі ведалі, што ўсё гэта было».

«Ня памятаю, каб мы адмовіліся ад нейкай публікацыі праз магчымыя праблемы»

Галоўная рэдактарка TUT.BY кажа, што яны спрабавалі весьці падлікі колькасьці затрыманьняў сваіх журналістаў. Толькі ў 2020 годзе супрацоўнікаў парталу затрымлівалі 38 разоў. Затрыманьні працягнуліся і ў 2021-м. У сакавіку сілавікі затрымлівалі Надзею Калініну. На «суткі» трапілі пяць журналістаў. Некаторых затрымлівалі па некалькі разоў. Асабліва цяжка працаваць супрацоўнікам TUT.BY у рэгіёнах. Іх там усе ведаюць у твар, а затрыманьне нават на некалькі гадзінаў моцна перашкаджала працы. Станіслаў Каршуноў зь Берасьця быў затрыманы ў першыя дні пасьля выбараў, за кратамі яго моцна пабілі. Кацярына Барысевіч за кратамі ўжо больш за 140 дзён.

«Пасьля арышту Каці мы сталі часьцей абмяркоўваць свае будучыя публікацыі і раіцца з юрыстамі, — гаворыць Марына Золатава. — Але, у прынцыпе, яе арышт не паўплываў на рэдакцыйную палітыку, самацэнзуры ня стала больш. Каця не зрабіла нічога супрацьзаконнага. Яна рабіла сваю працу, рабіла яе як мае быць. Пасьля яе затрыманьня нашая юрыстка гаварыла, што ня бачыла тэксту да публікацыі. Але калі б пабачыла, то нічога б у ім не зьмянілася. Да чаго прэтэнзіі? Каця не дазволіла ачарніць чалавека. Зь яго хацелі зрабіць маргінала, а яна ўсяго толькі пацьвердзіла з дапамогай дакумэнтаў і словаў доктара, што ён быў цьвярозы. Самае галоўнае, што з боку родных Рамана ніякіх прэтэнзій не было і не магло быць».

Галоўная рэдактарка TUT.BY называе справу Барысевіч помстай асабіста журналістцы і ўсёй рэдакцыі. Дадае, што гэтая помста на працу журналістаў парталу ўплыву ў выніку не мела. Яны як працавалі прынцыпова з фактамі, так і працуюць. А таксама, як і раней, трымаюцца беларускага заканадаўства і ўласнага сумленьня.

«Цяпер мы часьцей абмяркоўваем штосьці, — гаворыць Марына Золатава. — Але я ня памятаю, каб мы адмовіліся ад нейкай публікацыі ад таго, што ў нас могуць узьнікнуць праблемы. А яны зараз могуць узьнікнуць у любы момант, зь любой публікацыяй. Толькі ад таго, што камусьці гэтая публікацыі не спадабаецца. У выпадку з Кацяй я асабіста ня думала, што яе затрымаюць за гэта. Не было ў мяне такога прадчуваньня. Цяпер мы рыхтуемся да таго, што прэтэнзіі могуць узьнікнуць у любы момант. Важна адвесьці пагрозу ад журналіста. Бо не ён разьмяшчае публікацыі на партале, журналіст сам навіны не публікуе, гэта робіць рэдактар».

Золатава расказвае, што рэдакцыя TUT.BY трымае сувязь з роднымі Кацярыны Барысевіч і яе сябрамі. Лісты ад журналістаў да яе даходзяць пэрыядычна. Часам у рэдакцыю пішуць чытачы, якія атрымліваюць лісты і паштоўкі ад Кацярыны. Неўзабаве пасьля прысуду бацькам і дачцэ журналісткі дазволілі спатканьне ў СІЗА.

«У Кацярыны бадзёры настрой, — гаворыць Марына Золатава. — Барысевіч — гэта асоба, якая выклікае захапленьне. Каця найлепшая. Безумоўна, вельмі прыкра, што яна там знаходзіцца. І жахліва, што ты ня можаш на гэта паўплываць. Мы робім усё магчымае. Пішам звароты, стараемся зьвярнуць увагу міжнароднай супольнасьці на сытуацыю з Кацярынай. Вялікі дзякую БАЖу і праваабаронцам за актыўнасьць. Але з 19 лістапада прайшло ўжо амаль 5 месяцаў, а Каця дагэтуль за кратамі. І гэта проста страшэнна. Як такое можа быць?»

«Я вельмі шмат думала над тым, што такое аб’ектыўнасьць»

20 красавіка суд разгледзіць скаргу Генпракуратуры на прысуд Барысевіч — на думку абвінавачаньня, шэсьць месяцаў калёніі для журналісткі былі занадта лагодным пакараньнем. Марына Золатава кажа, што ня можа нават прагназаваць вынік новага разгляду. Дадае толькі, што перакананая ў выніковай перамозе дабра над злом.

«Абсалютна перакананая, — гаворыць галоўная рэдактарка TUT.BY. — Адзінае толькі, невядома, калі гэта адбудзецца. І колькі людзей яшчэ будзе пакутаваць, празь якія рэпрэсіі мы пройдзем. Шрубы яшчэ будуць закручвацца, гэта адназначна. Мы бачым, што цяпер адбываецца. Якія заявы робяць людзі пры ўладзе, што сабе дазваляюць прапагандысты. Якія дакумэнты прымаюцца. Відавочна, што палёгкі ніякай не чакаецца ад улады».

Ці проста ў такой сытуацыі захоўваць журналістам недзяржаўнага СМІ аб’ектыўнасьць? Ведаючы, што твае калегі за кратамі, а ўлада фактычна можа рабіць, што толькі захоча.

«Тут важна разабрацца, што такое аб’ектыўнасьць, — адказвае Марына. — Аб’ектыўнасьць гэта ж ня тое, што ты 50% «эфірнага часу» адводзіш прадстаўнікам улады і 50% — апазыцыі. Я вельмі шмат думала над тым, што такое аб’ектыўнасьць. Бо гэта сапраўды важнае пытаньне. Думаю, што аб’ектыўнасьць, гэта калі ты прытрымліваесься фактаў. Не маніпулюеш імі, бо факты таксама можна па-рознаму падаваць. А менавіта прытрымліваесься. Тады гэта аб’ектыўнасьць. У мяне адзінае патрабаваньне — прытрымлівацца фактаў. Часам у нас выходзяць аўтарскія калёнкі. Вольгі Лойка; Сяргей Чалы ў нас штотыдзень, іншыя аўтары. Тады мы пішам, што гэта аўтарская калёнка, яна можа не перадаваць думкі рэдакцыі. Але ў нашых іншых матэрыялах мы прытрымліваемся фактаў».

Па словах Марыны Золатавай, цяжкасьці ў працы рэдакцыі TUT.BY цяпер часам узьнікаюць праз тое, што з журналістамі парталу не размаўляюць прадстаўнікі афіцыйных структур. Напрыклад, Міністэрства ўнутраных спраў альбо Сьледчы камітэт. Можна атрымаць іх афіцыйныя камэнтары, якія публікуюцца ў тэлеграм-каналах ведамстваў. Але з атрыманьнем адказаў на канкрэтныя запыты TUT.BY, накіраваныя на адрас ведамстваў, узьнікаюць праблемы.

«Мы не перастаём дасылаць гэтыя запыты, — кажа Марына Золатава. — Неабходна выконваць гігіену. Нават калі ты на 100% упэўнены, што адказу з другога боку ня будзе, усё адно трэба рабіць гэты званок, тэлефанаваць па афіцыйны камэнтар. Каб не было потым прэтэнзій, што па такі камэнтар мы не зьвярнуліся».

Рэдакцыя TUT.BY

«Калі заблякаваць TUT.BY, то людзі ня стануць чытаць «Беларусь сегодня» альбо БЕЛТА

Доступ да парталу TUT.BY у Беларусі не заблякаваны, ён застаецца такім адным зь нешматлікіх даступных недзяржаўных рэсурсаў.

Па словах галоўнай рэдактаркі парталу, праблемы былі ў дзень выбараў і цягам некалькіх сутак пасьля іх. Марына расказвае, што ў тыя дні нагрузка на сэрвэры была штучна павялічаная, і толькі адна зь дзесяці спробаў трапіць на сайт была пасьпяховай. Сёньня доступ да TUT.BY у Беларусі застаецца свабодным. Марына Золатава кажа, што ў яе некалькі вэрсій таго, чаму партал не блякуюць канчаткова.

«Вельмі цяжка залезьці ў галаву да гэтых людзей, — кажа галоўная рэдактарка TUT.BY. — Па-першае, усё ж такі TUT.BY вельмі папулярны рэсурс. Калі 4 кастрычніка 2020 году побач з рэдакцыяй праходзіў адзін зь вялікіх маршаў, тады людзі скандавалі «TUT.BY, дзякуй!», «TUT.BY — малайцы!». Было відаць, як нас падтрымліваюць людзі. TUT.BY папулярны. У нас ахоп беларускай інтэрнэт-аўдыторыі большы за 60%. На пачатку 2019 году Белстат публікаваў інфармацыю, згодна зь якой 83% беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам. Гэта вялікія лічбы, якія цяпер толькі павялічыліся. Калі TUT.BY закрыюць, вельмі шмат людзей будуць абураныя. Я думаю, гэта таксама стрымлівае ўлады».

Па-другое, кажа Марына Золатава, уладам таксама трэба распаўсюджваць свае афіцыйныя заявы. Калі заблякаваць TUT.BY, то людзі не стануць чытаць «СБ», альбо БЕЛТА. Яны хутчэй пяройдуць на тэлеграм-каналы, паўплываць на якія ўвогуле немагчыма.

«Калі закрыць TUT.BY, то аўдыторыя страціць і магчымасьць бачыць пазыцыю ўлады, яе заявы, — кажа Марына Золатава. — Наўрад ці тэлеграм-каналы будуць асьвятляць дзейнасьць сілавікоў альбо Аляксандра Лукашэнкі гэтак сама, як дзейнасьць іншых структур і людзей. Мы атрымліваем ад чытачоў часам нэгатыўныя камэнтары за тое, што асьвятляем дзейнасьць Аляксандра Лукашэнкі. Але адказваем, што не пісаць пра яго непрафэсійна. Тое, што ён гаворыць і робіць, адбіваецца на нашай краіне і жыцьці людзей. Як гэта можна ігнараваць?»

«Ёсьць гісторыі, якія дазваляюць усьміхнуцца»

Рэдакцыя TUT.BY цяпер зрабіла магчымым разьмяшчэньне рэклямы ад фізычных асобаў. Такім чынам партал могуць падтрымаць фінансава чытачы. Па словах Марыны Золатавай, ад гэтага ўжо ёсьць эфэкт, хоць ён і ня зможа замяніць прыбыткі ад традыцыйнай рэклямы. Агулам жа за апошні час сувязь рэдакцыі парталу з чытачамі шматкроць павялічылася.

«Я б хацела расказаць пра адну гісторыю, якая ўвогуле не зьвязаная з палітычнымі падзеямі ў краіне, — гаворыць Марына Золатава. — Наш відэааддзел робіць відэаролікі пра людзей, якім патрэбна дапамога альбо якія трапілі ў незвычайную сытуацыю. Проста гісторыі, не зьвязаныя ніяк з тым, што адбываецца ў краіне на гэты момант. Гэтыя відэа вельмі папулярныя на ютубе. Летась 32 ролікі сабралі больш за мільён праглядаў. Яны таксама зьбіраюць вельмі клясныя ахвяраваньні. Апошні сюжэт выйшаў пра хлопчыка, які ня бачыць. Мама гэтага хлопчыка напісала нам, што патрэбная сума для сына ўжо сабраная дзякуючы роліку. Гэта такая выдатная гісторыя на фоне таго, што адбываецца ў краіне. Гэта тое, што дазваляе ўсьміхнуцца, што матывуе. Было б клясна сабраць усіх гэтых людзей, даведацца, што зьмянілася ў іх жыцьці».

Зваротная сувязь чытачоў з рэдакцыяй TUT.BY вырасла за апошні год у разы, кажа Марына. У рэдакцыю дасылаюць вельмі шмат інфармацыі. Па словах галоўнай рэдактаркі, у самыя «гарачыя» дні ў тэлеграм-канал TUT.BY прыходзіла каля тысячы паведамленьняў ад чытачоў з фота, відэа і інфармацыяй. Апрацоўваць усё гэта няпроста. Аўдыторыя таксама актыўна адгукаецца на запыты і просьбы аб інфармацыі, якія зыходзяць з рэдакцыі TUT.BY. Напрыклад, такім чынам заўсёды знаходзіліся сьведкі затрыманьняў журналістаў парталу.

У рэдакцыі TUT.BY

«Вядома, усё гэта патрабуе вэрыфікацыі, — гаворыць Марына Золатава. — Было некалькі выпадкаў, калі некаторыя нядобрыя людзі нас падманвалі. Аднойчы мы нават зьмянілі тэкст публікацыі, бо адзін з герояў нам нахлусіў наўмысна. Але ў прынцыпе мы стараемся правяраць усю інфармацыю. Мы мусім гэта рабіць. Просім паказаць дакумэнты. Калі нехта быў у лякарні, то трэба даказаць гэта. Альбо калі быў суд. Зваротная сувязь ад чытачоў дазваляе нам атрымліваць інфармацыю адтуль, дзе няма нашых людзей».

«Дабро пераможа»

Што будзе далей з парталам TUT.BY? Марына Золатава тлумачыць, што ёсьць рэчы, не зьвязаныя з падзеямі ў краіне, якія ў рэдакцыі зараз абмяркоўваюць. Зразумела, што палітычная сытуацыя ў Беларусі цяпер галоўнае. Але людзям цікавыя і іншыя тэмы.

«Мінулы год нас навучыў быць рухомымі, — гаворыць Марына Золатава. — Хутка прымаць рашэньні. Хутка мяняць правілы гульні. Бо вось мы думалі, што зможам працаваць у сініх камізэльках, але ха! І зразумела адразу, што не. Мы строім нейкія пляны, але гатовыя да таго, што ўсё можа зьмяніцца ў любы момант. Мы ўпэўненыя, што ў пэрспэктыве ўсё будзе добра. Але невядома, калі, як невядома і тое, што чакае нас наперадзе. Гаварыць пра канкрэтныя пляны цяпер не выпадае. Мы будзем асьвятляць тое, што будзе адбывацца ў краіне. Будзем прытрымлівацца фактаў, будзем аб’ектыўнымі».

Галоўная рэдактарка TUT.BY кажа, што яна аптымістка. І лічыць, што пэсымісту працаваць у сфэры СМІ ў Беларусі вельмі складана, калі ўвогуле магчыма.

«Як працаваць тады? — гаворыць Марына Золатава. — Трэба браць паўзу, альбо нешта іншае, я ня ведаю. Дабро пераможа. У 2010 годзе людзі ня ведалі, што іх большасьць. А можа, і не было большасьці. Цяпер людзі пабачылі, што іх шмат. Яны бачаць паўсюль сваіх аднадумцаў. Дзяржаўная тэлевізія ня зможа пераканаць іх у тым, што яны ў меншасьці. І гэтая сытуацыя ня можа вырашыцца іначай, як перамогай большасьці».

Марына кажа, што пакуль няясна, як гэта адбудзецца і калі. Варыянты адказу на гэтае пытаньне могуць быць розныя, а правільны — самым нечаканым.

«Што я буду рабіць у той самы дзень? Ой! Слухайце, як было ў жніўні, — гаворыць Марына. — Мы тады думалі, што ён будзе цяжкім, але пасьля зможам адпачыць. А я памятаю, што сказала: „Вы ж разумееце, што гэта толькі пачатак?“ І вось пачатак сапраўды будзе тады, калі ўсё гэта скончыцца. Таму што тады адразу будзе вельмі шмат працы. Трэба будзе прымаць зноў нейкія рашэньні, мяняць правілы, будуць новыя ўмовы. Але гэта будзе праца зусім зь іншым настроем. Ня трэба будзе думаць пра бясьпеку людзей, пра тое, што нехта знаходзіцца за кратамі. Гэта будзе больш спакойная праца. Як клясна думаць пра будучыню, праўда?»

Даведка

Марына Золатава нарадзілася ў Менску. Скончыла філялягічны факультэт БДУ па спэцыяльнасьці «баўгарская мова», а таксама асьпірантуру Інстытуту мовазнаўства НАН. Працавала ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН, ад 2004 году — галоўная рэдактарка парталу TUT.BY. Ляўрэатка прэміі «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая. Замужам, гадуе сына і дачку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(39)