Политика

Пачалася кампанія па збору подпісаў аб правядзенні сустрэчы з Мілінкевічам

У рэгіёнах краіны пачалася кампанія па збору подпісаў грамадзянаў пад зваротамі да мясцовых уладаў аб правядзенні сустрэчы з лідэрам Руху “За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам. Пра гэта паведамляе прэсавая служба палiтыка.

Людзі прынялі такое рашэнне пасля таго, як некаторых актывістаў пакаралі нібыта за арганізацыю несанкцыянаваных сходаў на вуліцах. Цяпер грамадзяне збіраюцца ціснуць на вертыкаль знізу, патрабуючы забяспечыць магчымасць сустрэчы з лідэрам дэмакратычнага руху ў мясцовых залах і клубах.

Па словах ініцыятара сустрэчы ў Бабруйску Алеся Чыгіра, грамадзяне рыхтуюць калектыўныя пісьмовыя звароты да прадстаўнікоў мясцовай выканаўчай улады.

— У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" мы просім дазвол на правядзенне сходу грамадзянаў з мэтай сустрэчы з вядомым грамадскім дзеячом Беларусі, лаўрэатам прэміі імя акадэміка Сахарава Аляксандрам Мілінкевічам для абмеркавання пытанняў сацыяльна-эканамічнага жыцця краіны, якія закранаюць законныя інтарэсы жыхароў Бабруйска. Мы ўжо сёння аднясем заяву ў райвыканкам. На нашу думку, улады ня маюць законных падстаў, каб адмовіць нам у задавальненні гэтай просьбы, — кажа Алесь Чыгiр, які займаецца арганізацыяй гэтай сустрэчы.

Лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч упэўнены, што цікавасць да мерапрыемстваў, дзе будуць абмяркоўвацца актуальныя пытанні грамадскага і сацыяльнага жыцця краіны, будзе расці:

—Я працягваю наведваць рэгіёны, сустракацца з людзьмі і збіраюся рабіць гэта надалей, нягледзячы на перашкоды. Я бачу, як хвалююць простых людзей рост спажывецкіх коштаў, адмена ільготаў, ціск на індывідуальных прадпрымальнікаў, праблемы будаўніцтва АЭС, узаемаадносінаў з Расіяй, а таксама візавыя пытанні, звязаныя з пашырэннем Шэнгенскай зоны і далейшай самаізаляцыі беларускіх уладаў ад цывілізаванага свету — кажа палiтык.

Першы этап паездак па рэгіёнах адбудзецца у лютым. 1 і 2 лютага плануюцца сустрэчы адпаведна ў Жодзіна і Маладзечна, дзе ўжо пададзены заяўкі. Потым Аляксандр Мілінкевіч наведае ўсе вобласці і напрыканцы месяца адбудуцца сустрэчы ў сталіцы краіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)