Общество
Аляксандр Гелагаеў, Сяргей Гезгала, «Наша Ніва», інфаграфіка АГо

Па расходах на армію Беларусь займае апошняе месца ў рэгіёне

Эксперты ўсё часцей выказваюць непакой станам беларускай арміі. Яе тэхніка, асабліва авіяцыя і сродкі супрацьпаветранай абароны, састарэлі.

А фінансавае і матэрыяльнае забеспячэнне асабовага складу такое, што прэстыж службы застаецца невысокі.

Між тым захоп Расіяй Крыма і Усходняга Данбаса выклікаў трывогу ва ўсім рэгіёне. Суседзі адрэагавалі на дзеянні Расіі актывізацыяй міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы абароны, павелічэннем і пераўзбраеннем армій, а таксама ростам вайсковых бюджэтаў. Як выглядае Беларусь па фінансаванні арміі ў параўнанні з суседзямі?

Насуперак папулісцкім стэрэатыпам, выдаткі на армію ў Беларусі застаюцца крытычна нізкія. Эстонія са сваімі 1,3 млн насельніцтва траціць на сваіх вайскоўцаў амаль столькі ж, колькі 9-мільённая Беларусь.

Гэта становіцца асабліва выяўна, калі мы параўноўваем выдаткі ў пераліку на душу насельніцтва. У намінальным выражэнні менш на армію ў 2015 годзе траціла толькі збяднелая і разгромленая Украіна.

А калі пералічыць выдаткі на душу насельніцтва па парытэце купчай здольнасці, то Беларусь увогуле апускаецца на апошняе месца ў рэгіёне.

Старая прыказка кажа, што той, хто не корміць сваю армію, будзе карміць чужую.

Літва ў 2015 годзе павялічыла выдаткі на абарону больш чым на 30%. Непараўнальна з іншымі артыкуламі дзяржаўнага бюджэту выраслі вайсковыя выдаткі ў Эстоніі і Латвіі.

Самы паўночны сусед Расіі Нарвегія павялічыла ваенны бюджэт на гэты год на 9,8% нават на фоне падаючых коштаў на нафту, якое адчувальна ўдарыла па эканоміцы краіны.

Каля $ 1,51 млрд нарвежцы аддаюць у гэтым годзе толькі на закуп новай зброі.

Таксама Нарвегія плануе павялічыць сілы сваёй арктычнай групоўкі, якая стаіць непасрэдна на мяжы з РФ.

Нейтральная Фінляндыя, якая плануе ўсё больш актыўна супрацоўнічаць з НАТА, таксама не забывае пра ўласныя вытраты на абарону.

Калі ў 2015 годзе абаронны бюджэт Суомі складаў каля 2,7 млрд еўра, то ў 2016 годзе плануецца аддаць на ваенныя мэты амаль 2,9 млрд.

Па зразумелых прычынах працягвае рэзка падвышаць ваенныя выдаткі Украіна. Калі ў 2015 годзе яна ўжо мела самы высокі за гісторыю незалежнасці абаронны бюджэт — каля $ 2,2 млрд, то ў 2016 ён можа перавысіць адзнаку $ 3 млрд.

Турцыя, якая ў канцы 2015 года стала адным з зацятых праціўнікаў РФ, падвысіла агульны бюджэт на абарону і бяспеку на 20% у 2016 годзе ў нацыянальнай валюце, аднак з-за дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў даляравым эквіваленце паказчык нават трохі зменшыцца (каля $20 млрд). Тым не менш, гэта адзіны з суседзяў Расіі, вайсковы бюджэт якога можна лічыць сувымерным з расійскім.

Падзенне эканомікі Расіі прывяло да таго, што, хоць у расійскіх рублях бюджэт арміі вырас на 0,8% да 3,145 трлн, аднак у далярах рэзка скараціўся — прыкладна да $ 26 млрд. Да таго ж, цяпер урад разглядае магчымасць скараціць ваенныя выдаткі на 5%.

Беларускі ж вайсковы бюджэт некалькі гадоў трымаўся на ўзроўні $ 700—$ 800 мільёнаў, што прыкладна ў 10 разоў менш, чым у суседняй Польшчы. У 2015 годзе сітуацыя стала яшчэ горшай. На абарону было накіравана каля 8,8 трыльёна рублёў. Але ў выніку дэвальвацыі нацыянальнай валюты вытраты на армію ў пераліку па сярэднегадовым курсе скараціліся да $ 554 млн.

Беларусі трэба моцная армія. А каб армія была моцнай, вытраты на яе трэба павялічваць. Забеспячэнне дастатковага фінансавання арміі павінна стаць адной з мэтаў рэформаў у беларускай эканоміцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)