В мире
Генадзь БУРАЎКIН

Па дарозе ў Еўропу

Як я не аднойчы пераконваўся, рэальнасць мае асаблівасць — напамінаць пра сябе самым нечаканым чынам.

Вось і нядаўна, літаральна на наступны дзень пасля вячэрняй тэлеперадачы БТ і АНТ пра шумна разрэкламаваную сустрэчу з рэгіянальнымі расійскімі журналістамі, дзе горача і шматслоўна гаварылася пра надзвычайныя нашы поспехі ва ўсім — у эканоміцы, адукацыі, ідэалогіі, сацыяльнай палітыцы, — выбраўся я ў суседнюю Літву на канферэнцыю “Што аб’ядноўвае і што раздзяляе пастсавецкія краіны сёння?”. Прыехаў ранічкай на Цэнтральны аўтавакзал і заняў сваё месца ў камфартабельным і сучасным на выгляд аўтобусе “Мінск — Рыга”. У ім было, здаецца, усё, да чаго прывыклі сённяшнія пасажыры, толькі замацаваны над праходам тэлевізар чамусьці не працаваў, а спінка сядзення ў майго суседа не фіксавалася — і ён, бедны, то ледзь не падаў дагары, то ўпіраўся ілбом у чорную пластмасавую ручку перад сабою. Але, як кажуць, галоўнае — ехаць. І мы паехалі. Даволі хутка прайшлі неабходныя фармальнасці на мяжы і... спыніліся. Колькі ні грукатаў натужліва матор, зрушыцца з месца аўтобус не мог. Давялося мужчынскай грама-дзе піхаць яго па гразкай дарозе і чакаць, пакуль шафёры корпаліся ў рухавіку. Вядома, спазніліся. Вядома, панерваваліся. І ўжо з горкай іроніяй успрымалі прапагандысцкія тэлевізійныя “трэлі” пра “край суцэльнага росквіту і парадку...”.

Канферэнцыя, на мой погляд, была змястоўная і павучальная. Мы, прадстаўнікі Украіны, Малдовы, Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Літ-вы, Беларусі і Польшчы, дружна пагадзіліся, што агульнае наша мінулае яшчэ добра дае сябе адчуць, яшчэ цягне да звыклых стэрэатыпаў і непераадоленых праблем. Вядома, у кожным доме, так бы мовіць, свае мышы, у кожнага народа свой тэмперамент, свая гісторыя, свой досвед суверэннага дзяржаўнага будаўніцтва. Але чаму, у той ці іншай ступені, большасць нашых лідэраў “хварэе” на таталітарныя метады кіраўніцтва? Чаму, хоць і не ў такой меры, як у нас, але ў шмат якіх “брат-ніх рэспубліках” далекавата да сапраўднай свабоды слова, да цывілізаванай дзейнасці партый, да эфектыўнай судовай сістэмы, калі галоўным і непадкупным гарантам бяспекі грамадзян з’яўляецца закон? Чаму добра напісаныя і легітымна прынятыя канстытуцыі “перакручваюцца” новымі чыноўнікамі і не забяспечваюць у краінах развітой дэмакратыі?.. Чаму?..

Такіх пытанняў, балючых і няпростых, было пастаўлена нямала — і я не хачу папракаць аўтарытэтных і абазнаных сацыёлагаў, публіцыстаў, пісьменнікаў, палітыкаў за тое, што адказаў яны нярэдка так і не далі. Як падкрэслілі, напрыклад, госці з Баку і Ерэвана, важна, што мы ўжо спакойна выслухоўваем адзін аднаго, не абвінавачваем ва ўсіх грахах іншых і спрабуем (на жаль, бывае не надта паспяхова) знайсці выйсце з хітра набудаваных савецкай наменклатурай лабірынтаў. Зусім неадназначна гаварылася на канферэнцыі пра Карабах і Прыднястроўе, не адной толькі аранжавай фарбай маляваліся мінулагоднія падзеі ў Кіеве, з заклапочанасцю і трывогай узгадваліся праявы імперскасці і ра-сізму ў вялікай Расіі. Усе (можа, за выключэннем толькі нас, беларусаў) казалі пра імкненні сваіх урадаў далучыцца да еўрапейскага шляху развіцця і ўступіць у НАТА. Горкі шматгадовы вопыт заідэалагізаванай знешняй і ўнутранай палітыкі СССР адпалохвае сёння многіх, асабліва моладзь і інтэлігенцыю, ад старых, бальшавіцкіх мадэляў у эканоміцы і маралі. І мы ў выступленнях калег і кулуарных размовах не раз чулі, мякка кажучы, недаўменне наконт нашай так званай дзяржаўнай ідэалогіі, наконт упартага захавання калгасаў і дзіўнаватай адбудовы “Лініі Сталіна”. Ну а пра знікненне апазіцыйных палітыкаў і выбарчую нашу практыку і ўзгадваць не варта — тут мы толькі чырванелі ды сумна ўздыхалі, разумеючы і прызнаючы, што гэткая сённяшняя рэальнасць беларускага жыцця далёкая і ад Еўропы, і ад стандартаў цывілізаванай міжнароднай супольнасці...

Мне вельмі блізкім было тое, што на канферэнцыі многія, выказваючыся пра асаблівасці практычнай палітыкі на пастсавецкай прасторы, падкрэслівалі неабходнасць яе маральнасці. Сапраўды, ці не залішне многа хлусні, жорсткасці, а то і фальсіфікацый прысутнічае ў тым, што задумваецца часам у высокіх кабінетах Масквы і Кішынёва, Мінска і Тбілісі, Баку і Кіева?.. Тое, што ажно на вяршыні далёкасяжных прагнозаў і надзённых сцэнарыяў запрашаюцца “прарокі” кшталту Жырыноўскага і Паўлоўскага, наводзіць на сумныя развагі. Адкрытая, беспардонная мана і хамства, якія ахвотна тыражуюцца тэлебачаннем і прэсай, разбэшчваюць не толькі ўладу, а і мільённыя масы. А як настойліва прапагандуецца так званы прагматызм ва ўсім і як часта калі не высмейваецца, дык паблажліва ставіцца пад сумнеў рамантызм у сённяшнім палітычным жыцці! Дарэчы, асцярожна падобныя перасцярогі закідваліся Пятру Краўчанку і Алесю Мілінкевічу, якія дзяліліся сваімі думкамі пра апошнія падзеі ў Беларусі...

Безумоўна, самыя мудрыя канферэнцыі, як і тая, пра якую я пішу, не вырашаюць усіх нашых вострых праблем. Але яны дапамагаюць зразумець сваё месца ў свеце, засцерагаюць ад памылак, дапушчаных і ўсвядомленых суседзямі і аднадумцамі. Урэшце, яны вучаць паважлівай палеміцы і калектыўнаму пошуку ісціны, чаго нам так не хапае. І я ўдзячны двум дням, праведзеным у Вільнюсе і Друскенінкаі разам з інтэлігентнымі і ўдумлівымі старэйшымі і маладзейшымі калегамі. Яны не навязвалі свае меркаванні, не здзекваліся з чужых няўдач. Яны хацелі быць разам, радаваліся магчымасці су-моўя. І даверліва шукалі дарогу ў дэмакратычную, паспяховую Еўропу...

Мы таксама, мяркуючы па заявах салідных палітыкаў, хочам у Еўропу, геаграфічным цэнтрам якой нібыта з’яўляемся. І, здаецца, мы ўжо намацваем дарогу — да культуры, дабрабыту, дэмакратычнасці Еўропы. І старанна ладкуем наш айчынны аўтобус. Вось толькі, не дай Божа, калі раптам на паўдарозе ў ім зноў забарахліць ненадзейны матор. Тады мы недаравальна адстанем ад суседзяў. І спознімся не на паўгадзіны, як было ў мя-
не 25 лістапада, а куды больш...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)