П´еш – закусвай, пісай ва ўнітаз: правілы этыкету ад Тамары «Мечты»
Адзін з нязменных складнікаў любога маштабнага менскага рэйву – прыбіральшчыца Тамара, якая лётае па залах і непрыкметна ачышчае прастору ад наступстваў весялосці людзей.

Мы заўважылі яе на нядаўнім дні нараджэння «Мечты» і вырашылі распытаць пра асаблівасці сучаснай моладзі і правілы этыкету. Успомні пра Тамару на наступнай вечарыне перад тым, як кінуць бутэльку на танцпляцы і папісаць у ракавіну!
Біяграфія Тамары
Я мінчанка, вучылася завочна ў політэхнічным універсітэце (цяпер БНТУ. – заўв. 34mag), па спецыяльнасці – энергетык. Працавала на электратэхнічным заводзе, на заводзе Леніна, 12 гадоў у ЖРЭА і 22 гады ў гарвыканкаме ў аддзеле энергетыкі – там я нажыла сабе язву. Вельмі адказная і малааплатная праца была.
У 17 гадоў я пачала працаваць, у 19 выйшла замуж, у 20 стала мамай. Я рана скончыла тусавацца, таму цяпер наганяю (усміхаецца). Мне 61.
Шлюб не ўдаўся, дачку выхоўвала адна з таго часу, як ёй споўнілася 13. Цяпер у мяне ёсць унук і бойфрэнд.
Бацькі цяжка хварэлі: маме адрэзалі нагу з-за цукровага дыябету, і апошнія пяць гадоў яе жыцця трэба было за ёй даглядаць. У бацькі быў рак галаўнога мозгу – за ім таксама трэба было прыглядаць у бальніцы.
Па жыцці было шмат праблем, але я заўсёды заставалася аптымісткай. Думаю, справа ў характары і тэмпераменце. Яшчэ я Вадаліў, а Вадалівы заўсёды жывуць не для сябе, а для кагосьці.
Па той бок вечарынак

Калі пайшла на пенсію, то вырашыла: дома сядзець не буду, але і адказнай працы больш не хачу. Ужо прыкладна два-тры гады я дапамагаю прыбіраць розныя прасторы пасля вечарынак. Часцей за ўсё гэта адбываецца ў «Верху».
Цяпер адчуваю амаладжэнне: я ўвесь час на пазітыве, у добрым настроі. Галава адпачывае.
Я падсілкоўваюся энергетыкай моладзі, пастаянна знаходжуся ў тонусе. У пачатку вечарынак адчуваю сябе вельмі бадзёра, але да канца стамляюся, вядома. Я ж працую, а не адпачываю. Мая задача – зрабіць так, каб гледачам было камфортна.
Я ніколі не баялася ніякай працы. І пасля гарвыканкама, які здаваўся Белым домам, пайшла працаваць з анучай. Страшна не было. Магчыма, мне было прасцей з-за таго, што мае бацькі не з інтэлігенцыі: бацька быў вадзіцелем, маці працавала прыбіральшчыцай у краме, і я ёй часам дапамагала.
Я прыбіраю кожны дзень, часам нават без выходных. Аднойчы трое сутак не выходзіла з «Верху»: тады былі і дзённыя мерапрыемствы, і начныя. Памятаю, днём была прэзентацыя аднаго энергетычнага напою, але я тады не ведала, што гэта. Проста піла яго суткамі, як ліманад, а потым тыдзень не магла заснуць.
Кантралёркай у аўтобусе я б ніколі не пайшла. Якія б грошы ні прапаноўвалі. Для мяне гэта самая прыніжальная праца. Не магу дастаўляць людзям непрыемнасці.
Я заўсёды была энергічнай – магчыма, таму цяпер і не сядзіцца дома. Яшчэ ў басейн хаджу.
Не люблю мяняць калектывы – вельмі да іх прывыкаю. Таму цяпер цяжка будзе: падобна, «Верх» хутка закрыецца. Сам «Гарызонт» разваліў гэтае месца, загнаў у даўгі арганізатараў: калі яны своечасова не плацілі за электрычнасць, ім тут жа адключалі святло. Крыўдна, бо хлопцы толькі-толькі прывялі «Верх» у ідэальны стан.
Маладосць Тамары
Я таксама любіла «вечары». Мы з сябрамі хадзілі на моладзевыя танцы, але яны былі іншыя: на дыскатэках танцавалі ў парах. Мы і знаёміліся менавіта тады, а потым маглі працягнуць зносіны.
У часы маёй маладосці ў нас не было алкаголю на танцах. Так, хтосьці мог выпіць загадзя, але ў маёй кампаніі гэта не практыкавалася. Так, маглі папаліць дзе-небудзь за вуглом. Але немагчыма ўявіць, што дзяўчына піла і паліла б прама на танцах.
У нас былі такія месцы для вечарынак: адкрытая пляцоўка на Трактарным, Парк Чалюскінцаў, барак на месцы былога завода сілікатных вырабаў, Аўтазаводская, Дом афіцэраў – але туды прыходзілі «патрыманыя» таварышы. Мы нават у Мачулішчы ездзілі, каб пазнаёміцца з лётчыкамі.
Не магу сказаць, што я была хуліганкай. Праўда, у 17 гадоў паехала дзікуном у Ялту. На танцы хадзіла ўжо ў 9 класе.
Аднойчы я трапіла ў міліцыю – мы з калегамі неяк збіраліся выпіць на тэрыторыі дзіцячага садка. Мы нават не паспелі адкрыць віно, як прыехалі міліцыянты. Забралі нас у пастарунак, сфатаграфавалі ў фас і профіль. У выніку ўсё абышлося.
Дарэчы, яшчэ нядаўна я хадзіла на вечарыну 55+ у Палац культуры чыгуначнікаў!
Моладзь 2010-х
Майму ўнуку 19 гадоў, і ў нас з ім выдатныя даверныя адносіны. Мне цікава з ім, хочацца быць на адной хвалі. Магчыма, таму я і кручуся ў моладзевым асяродку.
Я распавяла і паказала ўнуку прэзерватыў, калі яму было 14 гадоў. Думаю, гэта трэба рабіць. Вельмі важна размаўляць. Дзеці павінны давяраць бацькам: яны не пасмяюцца, а разруляць сітуацыю.
Многія хлопцы, якія ходзяць на вечарынкі, для мяне ўжо як унукі. З многімі мы часта бачымся, размаўляем. Я на іх ніколі не лаюся. Калі камусьці дрэнна, то выведу, дапамагу. Я іх усіх люблю.
Цікава глядзець на моладзь: у кагосьці прычоску падгляджу, у кагосьці – макіяж. На вопратку цікава глядзець.
Моладзь не паганая. Хто так гаворыць, проста стары. Моладзь ёсць моладзь.
Заўсёды казалі і будуць казаць, што моладзь сягоння дрэнная. Раней на нас казалі, цяпер – на вас. Для старых моладзь заўсёды дрэнная.
Читайте еще
Избранное