Общество
Аліна Таранік

НЮансы і КГБ у музеі традыцыйнай культуры (фотарэпартаж)

У Ноч музеяў карэспандэнт «Салідарнасці» пабывала у браслаўскім музеі традыцыйнай культуры і цяпер можа паспрачацца з тымі, хто думае, што музейнае свята з вялікім размахам адзначаецца толькі ў сталіцы.

Браслаўскі музей традыцыйнай культуры знаходзіцца на беразе возера Дрывяты, якое мясцовыя жыхары называюць морам. Музей размясціўся ў адрэстаўрыраваным будынку былога млына, помніка архітэктуры пачатку XX стагоддзя. Яго экспазіцыі распавядаюць аб народных рамёствах рэгіёну.

Тым не менш, праграма ночы музеяў, якую ладзяць ў Браславе трэці год запар, выходзіць за межы традыцый. Селета ў музеі была прадстаўлена выстава жывапісу мастака Алеся Суровага «Гісторыя аднаго хлява».

Нечакана для ўсіх разам з аўтарам экспазіцыі ў Браслаў прыбыў і сябар Суровага – вядомы шоўмэн і спявак Віктар Шалкевіч. Ён па-хвацку адвешваў кампліменты:

– У вас насельніцтва толькі 9 тысяч чалавек?! Божа, і столькі прыгожых дзяўчат!

Віктар Шалкевіч праспяваў свае найбольш знакамітыя песні – такія як «Кароткая гісторыя Беларусі » (скарочана – КГБ), «Цынічнае танга «Кастрацыя», «Электрычнае танга «Кастусь». Паколькі ў залі прысутнічала пэўная колькасць дзяцей, шоўмэну прыйшлося выкручвацца і выбіраць выразы для прадстаўлення кожнай песні.

Шалкевіч, тым не менш, справіўся, пасвяціўшы прысутных у музейнай залі ў некаторыя падрабязнасці гарадзенскага даваеннага жыцця. Напрыклад, што называлася «пагулянкай» і чаму там не любілі ваенных.

Фатографы Руслан Хілімончык і Юры Палуцкі таксама прыгатавалі сюрпрыз, размесціўшы ў адной з заляў музею здымкі, выкананыя ў стылі ню – выстава «НЮансы».

На заканчэнне, а поўначы, у дворыку музея адбылося фаер-шоў, пасля чаго ўдзельнікі святкавання папілі гарбату на зёлках ды, задаволеныя, разышліся па дамах.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)