Общество

Ірына Верабейчык

«Няварта ісці на святы і гулянні, арганізаваныя ўладамі, а таксама на выбарчыя ўчасткі, бо гэта можа быць небяспечна»

Палітолаг Анатоль Котаў — пра рэакцыю ўладаў на пажар у гандлёвым цэнтры ў Віцебску. І дзе будуць шукаць вінаватых.

Гандлёва-забаўляльны цэнтр «Беларусь» у Віцебску пасля пажару. Фота: Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз

У мінулую пятніцу, 13 снежня, у гандлёва-забаўляльным цэнтры «Беларусь» у Віцебску адбыўся буйны пажар. Станам на ўчора было вядома пра 20 пацярпелых, сярод якіх двое дзяцей, таксама адна жанчына дагэтуль у рэанімацыі ў цяжкім стане.

Для пацярпелых мясцовыя ўлады адкрылі лінію псіхалагічнай падтрымкі. Паводле кіраўніка лукашэнкаўскай адміністрацыі Дзмітрыя Крутога, гэтае здарэнне — адзін з найбуйнейшых пажараў на Віцебшчыне за апошнія гады, таму сітуацыя «на асобным кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі. Той, нагадаем, знаходзіцца з працоўным візітам у Амане, але па тэлефоне даручыў, «каб ніхто не сышоў ад адказнасці». Да канца бягучага тыдня ён загадаў падрыхтаваць поўную справаздачу аб здарэнні.

16 снежня ў Віцебску адбыўся штаб з «усімі зацікаўленымі сілавымі ведамствамі» — прадстаўнікамі МУС, міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Следчага камітэта, камітэта судовых экспертыз. Ужо ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле КК, звязаным з парушэннем правілаў пажарнай бяспекі — але, магчыма, гэты артыкул будзе перакваліфікаваны.

Тым часам «Віцебскі кур’ер» згадаў, як у 2018 годзе, калі пасля трагедыі з людскімі ахвярамі ў Кемераве па ўсёй краіне прпавяралі гандлёва-забаўляльныя цэнтры, уладальнік віцебскага ГЦ «Беларусь» Віктар Вялюга заяўляў, што на ягоных аб’ектах бяспека знаходзіцца на найвышэйшым узроўні, і ў Беларусі верагоднасць падобных трагедый выключаная. Атрымліваецца, што не?

Акрамя таго, у апошнія некалькі год беларускія ўлады рэгулярна праводзяць вучэнні, у тым ліку з выратавальнікамі і прадстаўнікамі шматлікіх сілавых ведамстваў — адпрацоўваюць тэхнагенныя аварыі, прыродныя надзвычайныя з’явы, атакі «тэрарыстаў» і г.д. І, вядома, рапартуюць пра бліскуча выкананыя задачы.

Чаму ў рэальнасці ўсе ідзе не так, ці справа ў раздзяўбайстве на месцах, ці сама сістэма не здольная прадухіліць надзвычайныя здарэнні, а толькі шукаць вінаватых пасля таго, як нешта здарылася?

— Калі рабіць агульную выснову — можна ўпэўнена сказаць, што гэта сістэма так пабудаваная, яна так працуе, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» былы дзяржчыноўнік, палітолаг Анатоль Котаў.

Анатоль Котаў

— Самае галоўнае, што не спрацавала — гэта прафілактыка. Нягледзячы на ўсе папярэднія кантролі, планы эвакуацыі, планы дзеянняў у надзвычайных сітуацыях.

Бо гандлёвыя цэнтры — адны з тых месцаў падвышанай небяспекі, дзе не на паперы, а насамрэч павінныя прымацца захады, перадусім, па прадухіленні — каб нідзе нішто не загарэлася, а па-другое, калі ўжо нешта здарылася — каб спрацавала сістэма пажаратушэння, каб узгаранне не набыло такія маштабы, каб яго трэба было тушыць некалькі гадзін.

Нічога гэтага не адбылося. Тое, чым так ганарыцца міністэрства па надзвычайных сітуацыях — што ўсё ў іх пад наглядам, паўсюль усталяваныя пажарныя апавяшчальнікі, ёсць неабходная колькасць абсталявання — не спрацавала.

Відавочна, збольшага гэтыя рэчы робяцца для галачкі, каб прайсці кантроль. То бок, у момант кантролю ўсё працуе і ўсяго хапае, а калі праверка прайшла, нікога ўжо не цікавіць, што там і як, усе спадзяюцца на той самы «авось».

Таму сістэма працуе не на прадухіленне такіх выпадкаў, а на тое, каб не пакаралі суб’ект гаспадарання, куды прыйшла праверка. А далей — усё стандартна: калі нешта здарылася і не хапае сіл і сродкаў, каб аператыўна патушыць пажар, то чакаюць моманту, калі сітуацыя ўсё ж нейкім чынам вырашыцца (у Віцебску яна завершылася тым, што пажар ліквідавалі праз пяць ці шэсць гадзін, ёсць пацярпелыя як сярод наведвальнікаў гандлёва-дзелавога цэнтру, так і сярод выратавальнікаў), і што скажа «галоўны па краіне».

— Зверху ўжо далі адмашку «ўстанавіць віноўнікаў і каб ніхто не сышоў ад адказнасці», а гандлёвы цэнтр паводле лукашэнкаўскай адміністрацыі назвалі «аб’ектам непрыгляднага выгляду» нібыта з 1990-х. Каго з найбольшай верагоднасцю ў гэтай сітуацыі назавуць вінаватым?

— Вялікай колькасці варыянтаў тут няма. Першы кандыдат — уласнік, які недаглядзеў, і на яго кантралюючыя органы будуць вешаць усіх сабак, скінуць адказнасць за тое, што недапрацаваў, не пракантраляваў. Гэта такая заўсёдная схема.

Мабыць, пэўным чынам таксама будуць пакараныя на нізавым узроўні тыя інспектары, якія хадзілі з апошнімі праверкамі і нічога, так бы мовіць, падазронага не выявілі. А  папярэджванне і аператыўнае тушэнне агню не спрацавалі.

І гэта тое, што навідавоку — калі не ўдавацца ў дадатковыя пытанні, чаму на такой плошчы адбыўся пажар і яго не лакалізавалі. Бо такія развагі нас адсылаюць да пажару, які адбыўся не так даўно ў «Крокус Сіці Хол» у Маскве. Трэба крыху больш інфармацыі, каб можна задаваць пытанні, ці не было гэта зроблена наўмысна.

— Дарэчы, такія пытанні ўжо гучаць. Натуральна, гэта ўжо канспіралогія, але ёсць развагі аб тым, што напярэдадні выбараў уладам было б вельмі дарэчы нешта такое, што дазволіць адцягнуць увагу грамадства, мабілізавацца і паказаць сваю значнасць.

На вашу думку, ці ёсць у беларусаў падставы засцерагацца і пазбягаць месцаў масавага збору людзей?

— Падставы засцерагацца ёсць, як і прычыны пазбягаць масавых збораў людзей.

У гісторыі сучаснай Беларусі ўжо былі выпадкі, калі трэба было адцягнуць увагу грамадства ад найбольш важкіх праблем у гаспадарцы ці ад палітычнага крызісу — і нешта выбухала ці ў метро, ці на Стэле падчас масавых гулянняў.

Праз гэта мы ўжо праходзілі, нават у 2020 годзе рэжым спрабаваў зладзіць нейкія фейкавыя «тэракты» — і зараз такая сітуацыя, калі нешта падобнае, на жаль, можа паўтарыцца.

Таму варта сапраўды больш думаць пра сваю бяспеку, і на ўсякія святы і гулянні, арганізаваныя ўладамі, а ў 2025 годзе на выбарчыя ўчасткі, дзе будуць спрабаваць стварыць натоўпы — таксама няварта ісці, бо гэта можа быць небяспечна.

Вяртаючыся да падзей у Віцебску — як вынікае з першых каментароў прадстаўнікоў міністэрства па надзвычайных сітуацыях, кропак узгарання ў гандлёвым цэнтры было некалькі. Гэта таксама дае падставы думаць, што надзвычайнае здарэнне — не вынік неасцярожнасці ці парушэння правілаў бяспекі, а нейкая штучная акцыя, спроба адцягнуць увагу. Альбо, магчыма, спроба «адціснуць» ва ўладальніка гэты і іншыя аб’екты нерухомасці ў Віцебску і вобласці. І калі інфармацыя аб колькасці кропак узгарання пацвердзіцца, да гэтага здарэння будзе ўсё больш і больш пытанняў.

— Нязладжаная, запозненая рэакцыя ўладаў — ці не падрывае яна пасылы аб кантролю над сітуацыяй у краіне? Бо на вучэннях, у тым ліку сімуляцыі аварыі на БелАЭС, усё праходзіць бліскуча, а ў рэальнасці ўсё не так.

— Праблема ў тым , што любыя вучэнні, з савецкіх часоў, праводзяцца па загадзя зацверджаным сцэнары, калі ўсе дакладна ведаюць, дзе, што і а якой гадзіне мусіць адбыцца. У жыцці так не працуе, і  гэта правакуе пэўную разгубленасць.

Да таго ж, паўтаруся, сама сістэма зладжаная так, каб прадухіляць не здарэнні, а адказнасць кантралёраў — з гэтага ўсё і вынікае.

***

Тым часам уладальнік ГЦ «Беларусь» Віктар Вялюга (дэвелапер, у 2019 годзе ўваходзіў у топ-200 самых багатых людзей Беларусі) распавёў журналістам, што прычыну ўзгарання будзе вызначаць следства, а пакуль арандатарам дадуць магчымасць працаваць у іншых гандлёвых цэнтрах і разглядзець магчымасць кампенсацыі за панесеныя страты. Паводле яго слоў, у будынку плануецца правесці рамонт, пасля якога ўсе «змогуць вярнуцца на свае працоўныя месцы».

Як сказаў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты, які праводзіў нараду ў Віцебску, будынак ГЦ, напэўна, знясуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(25)